— Ну, ты, Яўменавіч, не заводзься, — пачаў апраўдвацца расчырванелы Іван Кузьміч. — Я, разумееш, так, к слову, а ты крыўдаваць…
— Ты мяне не супакойвай, — павысіў голас дзед Васіль. — Слухай ты і ты, Рыгоравіч, слухай, цябе таксама тычыцца. Вось з Зойкай, маці Нэленай, жыве тая рудая свалата. Колькі ўжо жыве — нідзе не працуе. А п’е штодзень. За што п’е, за што есць? Зразумела ж, крадзе. Вы вочы заплюшчылі — не чапаем, няхай, маўляў, пакуль не папаўся. А не пападзецца, то няхай крадзе? Зойка, можа, піць бы кінула. А яна, між іншым, унучка партызана, франтавіка. Во сын у яе які вырас, дапамог бы на ногі стаць. Дык жа гэты зэк у хаце гаспадарыць… А вам і справы няма!
— Праўду кажаце, Яўменавіч, — пакусваючы травінку, загаварыў Мікалай Рыгоравіч. — На ўсе сто маеце рацыю. Выправім свае памылкі, абяцаю. Асабіста абяцаю. Усё, што ў маіх сілах, зраблю.
— Ну, то ж… — дзед Васіль супакоіўся, закурыў згорнутую раней цыгарку. — А з чым да нас такой кампаніяй? — ён абвёў гасцей вачыма.
— Дык і па гэтай справе таксама, — Іван Кузьміч кіўнуў на Нэлу. — Вось і Алена Адамаўна як дэпутат. Значыць, умовы жыцця праверым, каб усё дакладна ведаць. Ну, і па магіле… Я сёння ў раёне быў. Ускрываць магілу, значыць, трэба па закону, там ужо ваенкамат будзе займацца. Перазахаванне партызан — справа, разумееш, адказная, каб абы якія косці не пакласці пад помнік…
— Карацей, Васіль Яўменавіч, — перабіў «Бабра» старшыня калгаса. — У адзіночку вам і не справіцца, і закон патрабуе пэўных абставінаў. Давайце мы зробім так: ваш атрад знаходзіць магілу, бо, як я разумею, не так лёгка яе і знайсці будзе. Месяц у вас і ў нас на ўсе справы. Я ўчора пад’язджаў, наколькі можна, да першага вострава… Думаю, трэба будзе рабіць масток метраў на трыста, дзе падсыпаць… Далей будзем рабіць вялікі плыт…
— А ў нас жа ўсё гатова, — і крыўда, і разгубленасць прагучалі ў словах Віталя.
— Не, хлопцы — ваш плыт — для вас. А вось калі трэба будзе магілу раскопваць — трэба некалькі дарослых чалавек на востраў везці.
— Рыгоравіч, Рыгоравіч, — амаль застагнаў Іван Кузьміч. — Ні капейкі грошай, ні цвіка ў мяне, ні дошкі…
— Ведаю. Але ведаю і тое, што 15 дамоў у вёсцы пустуе, у старой лазні дзеці ў хованкі гуляюць, а там дах вось-вось абрушыцца. Да бяды крок… Разбяром лазню — будзе нам і на масток, і на плыт. Не хопіць — яшчэ якую халупу прыбяром. Ну, як вам такі план?
— Добра, няхай так і будзе. За месяц, вядома, усё мы знойдзем, — згадзіўся дзед Васіль. — Паспеем, хлопцы?
— Паспеем, — адказаў за ўсіх Віталь. — Нам бы толькі на востраў хутчэй…
— Хоць заўтра трактар бярыце, — заўсміхаўся Мікалай Рыгоравіч. — Дарэчы, я табе там тэадаліт прывёз, зручней будзе, разумею. Карыстацца ім, думаю, можаш.
— Тэадаліт? — не паверыў Віталь і аж падскочыў ад хвалявання. — Магу!
— Тэадаліт, — пацвердзіў старшыня. — Але, ведаеш, я яго ў будаўнікоў пазычыў на месяц. Паспееш?
— З такім прыборам мы — за два дні!
— Хуткі ты! Пойдзем, дам табе прыбор.
Яны вярнуліся праз хвіліну: старшыня нёс складзены трыножнік, а Віталь, як каштоўную вазу з асабліва тонкага шкла — звычайную прамавугольную металічную скрыначку з ручкай у скрыначцы.
Ён асцярожна паставіў скрыначку на зямлю — убаку ад усіх, перахапіў у старшыні трыножнік, тут жа расклаў яго, з веданнем справы увагнаў ногі трыножкі ў зямлю, з сілай націснуўшы голай пяткай на спецыяльныя выступы. Акуратна раскрыў скрыню, дастаў прыбор, нечым падобны на звычайную падзорную трубу, толькі кароткую і умацаваную ў паралелепіпед з ручкамі, незразумелымі вінцікамі.