Выбрать главу

— А цяпер будзем есці!

У цэлафанавым пакеце, які яму збірала ў інтэрнаце выхавацелька, былі два адвараныя яйкі, добры кавалак парэзанай вэнджанай каўбасы, некалькі агуркоў і памідораў. А яшчэ дзве пачкі пячэння, бляшанка згушчонага малака, хлеб і літровая бутэлька «Колы».

Нэла пляскала ў ладкі, вочкі яе гарэлі, але яна ні да чаго не працягнула руку, пакуль сам Сяргей не палупіў і не даў ёй яйка.

— Еш! Ды не спяшайся! Ніхто не адбярэ, — знарок грубавата прыкрыкнуў на дзяўчынку.

Нэла мо і хацела есці не спяшаючыся, але яйка знікла вельмі хутка. Другое яна ела ўжо павольней. І ўжо зусім заспакоена, ласуючыся, маленечкімі кавалачкамі адкусвала каўбасу і хлеб.

Сяргей сам ад ранку нічога не еў. Але адзін агурок з кавалкам хлеба нечакана насыцілі яго. Ён глядзеў, як есць Нэла, і адчуваў, што ў ім нешта мяняецца. Нешта прападае. Такое, без чаго ён сябе ўжо і не ўяўляў — знікала пачуццё голаду. Упершыню за ўсё сваё жыццё ён толькі вось цяпер, у гэтым садку, седзячы перад сваёй пяцігадовай сястрычкай, адчуў, што яму не хочацца есці. Ніколі не было такога, каб Сяргей мог адмовіцца ад таго ж пячэння ці ад каўбасы. Разбудзі сярод ночы, прапануй што-небудзь — з’есць. А тут, у садку, нават згушчонае малако не будзіць страўнік.

Проста не хочацца.

Сяргею было нечага аж крыху страшна. І — радасна. Што не трэба давіцца слінай, гледзячы на прысмакі, перасільваць сябе вось цяпер і прыкідвацца, што табе зусім не хочацца, каб толькі ёй, Нэлі, хапіла ўсяго паболей…

— Ну, ты еш паціху, — Сяргей падняўся, — я ў хату схаджу. Калі што… — у яго ледзь не вырвалася: «заві мяне». Сяргей запнуўся, потым дагаварыў: — Калі што, бяжы да мяне.

Нэла кіўнула згодна, смокчучы пячэнне.

Адразу ў сенцах шыбануў у нос страшэнна непрыемны, рэзкі пах. Смурод ішоў ад ночваў, у якіх кісла нешта падобнае на бялізну. Відаць, маці замачыла, ды і забылася. Такое і раней было…

Сяргей перасіліў сябе, нахіліўся. Здаецца, тут было якраз дзіцячае адзенне. Хацеў ужо схапіць ночвы за край, пацягнуць, каб вываліць усё на зямлю, адабраць з гэтай кучы адзежкі Нэлы, потым перамыць, але гідлівасць ад смуроду ўзяла верх — яго ледзь не званітавала. І потым, ён не ўяўляў, што там яшчэ за бялізна ў гэтай чорнай вадзе…

У хаце нічога, бадай, не змянілася за гэты год. Як і прадбачыў Сяргей: тая ж няўтульнасць, брудная падлога, непрыбраны стол, мухі роем над чыгунком з нечым на прыпечку.

Стала нечага балюча, усё роўна як цябе абакралі, подла падманулі. Але што тут было чакаць, калі яшчэ там, на прыпынку аўтобуса ён пачуў: «…Калі не напілася».

Ніякага жадання нешта кранаць у хаце, прыбраць тут, падмесці не было. Хата яшчэ больш стала чужой для яго, ён разумеў, што адно яго старанне не зробіць хату ўтульнай. Зрэшты, ён не помніў яе ўтульнай ніколі — зімой было холадна, летам дакучалі мухі. І ў хаце амаль ніколі не было хлеба…

Выйшаў на надворак і аж у вачах як успыхнула нешта — нагэтулькі змрочна здавалася ў хаце. Пакрочыў у садок.

І адразу заўважыў постаць, якая нахілілася над Нэлай.

Ён пазнаў яе — маці. Хоць стаяла яна спінай, у невыразнай, раней ім не бачанай сукенцы.

Яна ела. Гэта было відаць па руху галавы і рук.

Яна азірнулася на крокі Сяргея так, як азіраецца знянацку аклікнуты сабака: гатовы і ўкусіць, і лашчыцца, у залежнасці ад таго, хто яго аклікнуў. І гэты жывёльны выраз на твары маці даканаў яго: ён спадзяваўся да апошняй хвіліны, да імгнення апошняга, што ўсё будзе не так і што ночвы ў сенцах і хата непрыбраная — то ад бяды якой, ад хваробы, але не ад гарэлкі.

Аказался — з-за гарэлкі, бо маці відавочна была нецвярозая.

— Сыночак прыехаў, — працягнула яна. Рот, у вугалках якога прыліплі крошкі пячэння, скрывіўся ва ўсмешцы. — Ой, як ты выцягнуўся…

І яна працягнула рукі наперад, мабыць, збіраючыся абняць сына.

Сяргей спыніўся.

Відаць, незалежна ад яго жадання на яго твары адбіліся ўсе яго пачуцці, і гэта пабачыла маці, пабачыла — і зразумела. Бо апусціла рукі і вінавата загаварыла:

— А я во крышку выпіла, самую крышку, бо так галава на сонцы баліць… Буракі палоць паслалі, а галава баліць, нельга мне на сонцы, то я трошкі выпіла…

Яна павярнулася да Нэлы:

— От, цяпер за табой брацік глядзець будзе, а то мне некалі, работа етая рукі адарвала, буракі праклятыя… А брацік у цябе харошы, от якую табе куртачку прывёз…

Маці нахілілася да рукзака, узяла ў рукі куртку.

— Ах, шкада, што завялікая, ах, шкада… Нічога, я ведаю, дзе памяняць, я ў магазіне памяняю, куртка ж новая, — яна азірнулася на Сяргея, і той адвярнуўся, каб не сустракацца з няшчырым позіркам выцвілых, быццам пакрытых нейкай плеўкай, вачэй.