Тэадалітам Віталь і на самай справе карыстацца ўмеў. Яшчэ два гады таму меліяратары асушалі адну балаціну. Такі прыбор у іх быў. І Віталь не ўпусціў ні аднаго зручнага моманту, каб зазірнуць у акуляр. А за тузін-другі яблык яму і ўвогуле паказалі прызначэнне кожнага вінціка.
— Ну, зараз паглядзім! — Віталь азартна падміргнуў сябрам, быццам збіраўся паказаць усім самае цікавае кіно на свеце.
І Жэнька з Віцькам, і Сяргей з Нэлай з цікавасцю і захапленнем назіралі за Віталем: так упэўнена ён рыхтаваў прыбор, важна і шматзначна пазіраў у ваконцы, ціснуў на тую ці іншую нагу трыножніка…
— Ну, ты, Віталь, пакуль паказвай апарат, а мы, Сяргей, пойдзем. Калі ты не супраць, правядзі нас да сябе, — сказала нечакана Алена Адамаўна, павярнулася да дзеда Васіля: — Васіль Яўменавіч, хадземце і вы з намі, калі ласка, будзеце за сведку: нам трэба сапраўдны акт аб сапраўдным становішчы жыцця Сяргея і Нэлы скласці.
— Трэба дык трэба, — узняўся дзед.
— Я не пайду! — набычыўся Сяргей. — Правярайце ўсё самі. Там замкоў няма…
Алена Адамаўна разгубілася: яна не чакала такога катэгарычнага адказу: не магла зразумець не проста нежаданне хлопца ісці з імі, а яго відавочнага жадання не быць разам з імі — з камісіяй, якая хоча змяніць да лепшага іх з Нэлай жыццё.
Мы ж памагчы табе хочам…
Нам лепш не стане, калі вы ў будан заглянеце, так што лезьце без мяне.
— Дык не толькі ў будан… — занервавалася Алена Адамаўна. — Мы ўсё абавязаны праверыць. І дом.
— У доме я не гаспадар, — адрэзаў Сяргей. — Там камандуе зэк.
Павісла маўчанне. Віталь прыпыніў настройку тэадаліта. Нешта ўсім стала няёмка.
— Табе ж дабра хочуць, — пачаў быў з сіпатым упікам Іван Кузьміч, усё роўна як тлумачыў дзіцяці аб карысці хлеба. — А ты бы дзіця неразумнае…
— Стойце, стойце… — узняў рукі ўверх Мікалай Рыгоравіч. — Сяргей і Нэла ўсё роўна непаўналетнія, ніякіх подпісаў ім ставіць не трэба… Ты нам, Сяргей, дазваляеш агледзець сваё жытло ў садзе, — спытаў ён зусім сур’ёзна.
— Дазваляю, — адказаў Сяргей так жа сур’ёзна.
— Добра. А ісці з намі ты не хочаш… Дома маці? — ці то пытаўся, ці то сцвярджаў старшыня.
— Дома, — Сяргей адвёў вочы ўбок. — Хеўра там цэлая…
— Так, зразумела…
Мікалай Рыгоравіч палез у нагрудную кішэню, дастаў невялікую рацыю, націснуў кнопку.
— Дыспетчар? Зарэмба. Знайдзіце ўчастковага, тэрмінова. Тэрмінова, кажу! Няхай імчыць, на чым знойдзе, да хаты Васіля Яўменавіча Кароты. Усё…
Ён схаваў рацыю, абвёў позіркам дарослых.
— Ну, пайшлі, пачакаем участковага ля хаты. У дзяцей свае справы, у нас — свае…
Віталь круціў акулярам тэадаліта ва ўсе бакі, нарэшце прыцэліўся ў далёкі адсюль зараснік.
— Так, хто што бачыць вунь на той бярозцы, якая вышэй за ўсіх? — ужо з пераможным выглядам спытаў ён.
— Нічога не відаць, бярозка.
— Так, Нэла, ідзі-ка глянь! — Віталь падхапіў дзяўчынку пад пахі, прыўзняў, даў зазірнуць у акуляр, паставіў на зямлю. — Ну, дакладвай!
Нэла зрабіла напуджаны тварык, раскінула рукі, бы крыльцы.
— Ка-ар!
— Малайчына! — выгукнуў Віталь і, запоўнены шчымлівай, невядомай для сябе раней радасцю, падхапіў зноў Нэлу на рукі. — Правільна! Там варона. Кар-р! Кар-р!
Тэадаліт абступілі, усім хацелася зазірнуць.
— Ой, дык тут жа ўсё уверх нагамі, — расчаравалася Жэнька.
— Так трэба! — аўтарытэтна заявіў Віталь. — Затое адсюль варону зусім не відно, а праз тэадаліт дзюбу разгледзіш. І магу дакладна сказаць, колькі да вароны метраў…
— Ну?.. — недаверліва сказаў Віцька. — Маніш?
— Чаго тут маніць? Прынцып падабенства трохвугольнікаў памятаеш?
— Пры чым тут гэта?
— Ну, для прастаты возьмем прамавугольныя. Калі трохвугольнікі падобныя, то катэт аднаго адносіцца да катэта другога… — прыпыніўся Віталь, глянуўшы на Сяргея, — той з паказной нецікавасцю адвярнуўся ад хлопцаў.
— Ат, давай намалюю!
Віталь хутка нагой працёр месца, дзе сядзеў дзед Васіль — тут трава была вытаптана да роўнай утрамбаванай чарнавата-шэрай зямлі.
— Сяргей, хадзі сюды! — гукнуў Віталь. — Хадзі, я проста патлумачу, бо вам самім калі трэба будзе мяне падмяніць, тут нічога складанага.
Сяргей падышоў, і Віталь стаў тлумачыць:
— Так правядзем прамую — то будзе паверхня зямлі. Тут стаім мы, во кропка — наша вока. Тут — слуп тэлеграфны. Вышыня слупа шэсць метраў, правядзем прамую з канца слупа ў наша вока. Атрымаем трохвугольнік. Цяпер на адлегласць метра ад вока ставім лінейку і глядзім, у колькі сантыметраў умясціўся наш слуп. Скажам, у два.