Выбрать главу

— А-а, усё зразумела, — заспяшаўся Віцька. — Адносіны катэтаў…

— Чакай, — прыпыніў яго Віталь. — Бачыш, Сяргей, два трохвугольнікі: па дзве іх стараны ляжаць на адной прамой, а трэція — паралельныя. Па правілах такія трохвугольнікі называюцца падобнымі. І ў колькі разоў розняцца вось гэтыя стораны, у столькі ж — усе астатнія.

— Зразумела, — працягнуў Сяргей, уважліва гледзячы на лініі па зямлі. Значыць, калі стоўб шэсць метраў, а па лінейцы два сантыметры… — ён замаўчаў.

— Працягвай, — падбадзёрыў ужо Віцька. — Шэсць метраў — гэта шэсцьсот сантыметраў. Дзелім на нашых два сантыметры.

— Трыста…

— Ну! Трыста. Гэта называецца каэфіцыентам адносінаў. Тады во гэта адлегласць?

— У трыста разоў большая, чым гэта? Так? — асцярожна спытаў Сяргей.

— Вядома!

— Трыста метраў да слупа…

– І плюс метр ад вока да лінейкі. Трыста адзін! — усклікнуў радасна Віталь. — Вось і ўвесь прынцып. На шкале тэадаліта — рыскі. Калі мы паставім вешку ў метр вышынёй на нейкую адлегласць, то глянуў, колькі рысак яна закрывае ў шкельцы, памножыў на каэфіцыент, а ён там запісаны — і адлегласць элементарна вызначана. А ведаеш адлегласць — вызначыш вышыню любога дрэва, вышкі, слупа…

Узрушаныя, яны ўсе вярнуліся да тэадаліта: правяраць усё на практыцы. Захапіліся, не заўважылі, як зайшоў у сад дзед Васіль.

— Ну, што там, Васіль Яўменавіч? — запытала Жэнька.

Астатнія прыціхлі.

— Усё будзе добра, — супакоіў усіх дзед Васіль, больш звяртаючыся да Сяргея. — Таго рудога трохі прыпужнулі, кампанію разагналі. Рыгоравіч не адступіцца, раз узяўся, веру я яму. Так што, Сяргей, ёсць у цябе і ў Нэлы абарона.

На нейкі час у садку павісла непрыемнае маўчанне. Нарэшце бадзёра выгукнуў Віцька:

— Так, мы тут забыліся, а заўтра хлеб прывозяць у магазін. Што таму вадзіцелю панясем? Казкі?

Сяргей хацеў быў сказаць, што той вадзіцель і ён — не хлопцаў справа, але зразумеў, што Віцька не адступіцца. І было прыемна… Але сказаў, каб сказаць:

— Я на золку заўтра пайду…

— Ха, ён пойдзе… разам пойдзем, — сказаў Віцька як аб даўно дамоўленым, павярнуўся да Віталя: — Табе бліжэй: бяжы па крупы, Сяргей зварыць кашы, пойдзем падкормім надвячоркам. А я пайду чарвякоў накапаю.

– Іх і тут хапае, — уставіў Сяргей. — Ля хлява некалі гной ляжаў, яны там тлустыя, чырвоныя…

Праз паўгадзіны на «пячурцы» варылася каша, чарвякоў накапалі і цяпер сядзелі на траве вакол невялікага вогнішча, чакалі.

А потым усе разам падаліся на копанку. Пакуль дайшлі, каша астыла, смела кідалі ў ваду звараныя крупы ў тыя месцы, дзе заўтра збіраліся лавіць. На рыбалку дамовіліся ісці а палове шостай. Жэньку ісці адгаварылі — у яе дома спраў хапае, яна прыйдзе пазней. Разам з Нэлай…

Частка 18

Скуру на галаве каменьчык рассек не моцна, крыві многа не было, ранка ўжо зацягнулася, але гузак быў вялікі, і балела ў гэтым месцы нясцерпна. Здавалася — усё жыццё балець будзе.

Ужо другі дзень Эдзік жыў помстай. Ніводнай думкі больш не ўзнікала ў галаве — толькі аб тым, як ён адпомсціць. Колькі самых розных варыянтаў ён перабраў! Праўда, большасць з іх была фантастыкай. Так, салодкая мара. А вось рэальная намалявалася і ўсё ярчэй выяўлялася ў думках адна: атруціць копанку. Грошы ў яго з сабой былі невялікія — маці дала на жуйкі і чыпсы. Ды і пазычыць можна было б. А атруты не праблема набыць у райцэнтры. Копанка невялікая, калі ўзяць штук 50 ампул ад каларадскага жука, то хопіць, каб надоўга сапсаваць гэтым вяскоўцам рыбалку.

Бабуля прынесла вестку: стары дзед Васіль разам з хлопцамі збіраецца рыбачыць на Ведзьмінай тоні. І плыт ужо збіраюцца пабудаваць.

— То ідзі і ты туды, унучак, — прапанавала баба Наста.

— Камароў карміць? — спытаў з’едліва Эдзік, і баба падціснула вусны.

Яна не ведала, як дагадзіць і чым накарміць унука: усё ходзіць пануры, есць слаба. Ужо і ежу яму «гарадскую» купляе: сасіскі, каўбасу вэнджаную. Ёй было трохі крыўдна, што ўнук цэлымі днямі валяецца на посцілцы ў садку пад яблыняй, заткнуўшы вушы навушнікамі, і дрыгае ў такт барадой, але яна маўчала, ні аб чым Эдзіка не прасіла. Бо Тоня, дачка, строга-настрога наказала, каб не ператамляла яе сына — ён слабы зусім і хваравіты. На думку старой жанчыны, Эдзік быў зусім не слабы, а толькі гультай. Але ж то быў адзіны ўнук.

Навіна аб тым, што на плыце гэтая кампанія паплыве на Ведзьміну тоню, казытала непрыемна. Не, не таму, што яго не бяруць і не атрымаецца папаляваць на соў. Ад свайго праекту нарабіць чучал ды прадаць Эдзік адмовіўся — не так проста з рагаткі падстрэліць птушку. А бацька пашкадаваў тады грошай на пнеўматычнае ружжо…