Выбрать главу

Але паступова разам з казытаннем на душу лягло і прыемнае прадчуванне таго, што Эдзік можа куды больш шырока разгарнуць сваю помсту. Ён праз агароды паўдня цікаваў за буданом Сяргея, бачыў, як там мылі і сушылі бутэлькі…

У кладоўцы старой запаслівай бабы Насты ён знайшоў крыху паржавелую каністру — такой і не бачыў. Пах ад вадкасці ўнутры быў незнаёмы, але відавочна было, што вадкасць — гаручая. Эдзік гэта хутка праверыў. Відаць, гэта была газа, якую на ўсякі выпадак хавала Настуся (і лямпа ў яе незвычайная вісела ля печы — то для яе і была газа). Знаходка ўзрадавала Эдзіка — не трэба будзе ў магазіне купляць які растваральнік, каб лішні раз не пападаць пад падазрэнне.

Ён адліў сабе з каністры бутэльку — гэтага хопіць, каб абліць тыя мяхі з бутэлькамі і дошкі, якія ўжо насцягвалі хлопцы да будана Сяргея. Усё было гатова, адно дачакацца ночы.

Але тут з вечара задажджыла. Дождж быў зусім не летні, дробны і халодны. Хмары густа павіслі над самай зямлёй, сівыя, маркотныя. Зрабілася ўвогуле няўтульна і холадна ў хаце.

«Эх, жмінды, на ружжо грошай шкада, камп’ютэр купіць — праз год…» — успамінаў Эдзік бацькоў. Вось каб зараз камп’ютэр сюды — і дзень як сонца! Уга, яшчэ б гэтыя вясковыя прыдуркі ў яго на парозе поўзалі…

Настрою не было ніяк, хоць ты ваўком завый у гэтай хаце. Тэлевізар абрыд, каб кабельнае тут было, а то — два каналы добра ідуць, і ўсё… А можа, у горад вярнуцца? Але ж маці ў санаторыі, бацька па зменах працуе — суткі дома няма, адразу сказаў, што есці гатаваць не будзе… Ды і сяброў няма, усе раз’ехаліся.

Ат, ёсць у яго чым заняцца. Нікуды бацька не дзенецца, будзе есці гатаваць. А камп’ютэрны клуб ад Эдзікавага дома зусім недалёка. Праўда, грошай толькі на дзень. А бацька не дасць: сказаў, калі хочаш свой камп’ютэр — не прагульвай грошы ў клубе…

«Чорт, пайду да дзядзькі!» — аж падскочыў Эдзік ад думкі. Ну вядома ж, дзядзька Эдзіка — рэдактар газеты, якую сам і заснаваў. У рэдакцыі камп’ютэраў — ажно пяць. І адзін амаль заўсёды свабодны. Ды яшчэ лета цяпер, у водпускі пайшлі. Дзядзька яму колькі разоў казаў — прыходзь, як надакучыць у кватэры, гуляй.

Праўда, дзядзька не такі і просты, як здаецца. Эдзік аднаго разу быў паўдня пагуляў, то назаўтра дзядзька папрасіў нейкі скрутак аднесці ажно ў другі канец горада, ды яшчэ пешкі, ды яшчэ ноччу, лічы! І яшчэ вочы пры гэтым страшныя рабіў: глядзі, каб ніхто цябе не бачыў. І страшна было, але ж не адмовіш, як ужо нагуляўся — бо ў другі раз не пусціць.

Дзядзьку Юрыю (Юрыю Барысавічу, калі правільна казаць) і іншае што па драбязе рабіў Эдзік: то куды патэлефанаваць і, змяніўшы голас, сказаць тое, што было напісана на паперцы, якую яму давалі ў рукі, то за кім пасачыць паўдня: куды хадзіў, з кім сустракаўся…

Эдзік вырашыў ехаць. Паскідаў ў пакет дыскі з запісамі, тое-сёе з драбязы сабраў. Бо як надвор’е стане, ён вернецца, ага, з плытом разабрацца ж трэба! Далёка не паплывяце!

— Баба! Я дадому паеду на тыдзень!

Баба Наста ўздрыгнула — яна стаяла спінай да Эдзіка і рэзала шчаўе. Цэлая гара зялёнага лісця ляжала на стале, пабліскваючы кропелькамі вады.

— А што, унучак, хіба чым не дагадзіла? — спужалася старая.

— Ат, сумна, дождж ідзе. Прыеду, як цёпла будзе. Я на тыдзень. А то ні ў лес, ні на рыбу… — адмахнуўся Эдзік. — Аўтобус праз гадзіну будзе?

— Дык чакай, чакай, я ж не пакарміла цябе, — замітусілася старая. — Во яешню свежую з каўбасой засмажу…

— Ну, давай сваю яешню, — Эдзік кінуў свой пакет на канапу, плюхнуўся сам. — Яешня і яешня, нічога больш не прыдумаеш, — прабурчаў ён ціха, так, што занятая ля газавай пліты баба Наста яго не пачула.

«Трэба будзе грошай у бабы спытаць. Скажу, не хапае. Хай дае, куды яна пенсію дзявае? Колькі дасць. А лішні рубель замінаць не будзе».

Але спытаць пра грошы Эдзік не паспеў — бабуля сама, як толькі паставіла на стол гарачую патэльню з яешняй і каўбасой, заспяшалася ў сваю бакоўку і вярнулася адтуль з ружовай паперкай.

— На, унучак, на дарогу ды купіш сабе што смачнае, я ж старая, не ведаю, што табе купляць… Вось не дагадзіла, паедзеш, худы зусім, сумны…

Эдзік узяў грошы — ажно дзесяць тысяч! І трохі ніякавата яму стала, што старая так перажывае.

— Ды ўсё добра, усё смачна, проста мне сумна крыху, не прывык я яшчэ…. Вось пабуду тыдзень дома, прыеду на ўсё лета, — казаў Эдзік, перажоўваючы хлеб, а сам думаў аб тым, як проста вырашылася пытанне з грашыма для атруты: тут хопіць, каб два разы ўсю копанку заліць!