Выбрать главу

…Праз дзве гадзіны ў рэдакцыі на камп’ютэры яны разам: Эдзік, Валодзя і Юрый Барысавіч разглядалі здымкі.

— Цудоўна, проста цудоўна… — паціраў ад задавальнення рукі дзядзька. — Ставім у нумар. Эдзік, вось ты нам прынёс інфармацыю дык інфармацыю! Валодзя, давай мне даныя на дзяцей, сам падрыхтуй наступнае: колькасць дзяцей у дзіцячых школах-інтэрнатах у раёне, колькасць поўных сірот, яшчэ — колькасць пазбаўленых бацькоўскіх правоў за мінулы год і гэты… Працуем! — Юрый Барысавіч пляснуў у ладкі, павярнуўся да Эдзіка: — Сёння гэты камп’ютэр у тваім поўным распараджэнні, можаш сваю гульню сюды паставіць. А ганарар асобна атрымай…

Незаўважна для Эдзіка ў руцэ дзядзькі з’явіліся грошы. Эдзік нерашуча пацягнуўся за грашыма — яму ўсё яшчэ не верылася, што гэта на самым поўным сур’ёзе казалася і рабілася. І толькі адчуўшы сваімі пальцамі паверхню новенькіх купюр, якую ні з чым не зблытаеш, ён паверыў: такая вялікая сума — рэальнасць у яго руках. Яны пахлі — сваім самым арыгінальным пахам у свеце. Ні з чым не зблытаеш пах новенькіх, хрумсткіх грашовых купюр!

Грошы не проста адчуваліся ў кішэні — яны былі быццам жывыя!

Эдзік ішоў па тратуары, і яму здавалася, што яго грошы ўсе бачаць, усе ведаюць аб іх. І віной таму — яны самі, гэтыя хрумсткія паперкі, новенькія, бо яны амаль што свецяцца праз тканіну.

Два дні таму Эдзік гадаў, што рабіць з тымі грашыма, якія ў яго з’явіліся: купіць атруту, каб падушыць рыбу ў копанцы, ці прагуляць іх у камп’ютэрным клубе. Сёння ў яго грошай у пяць разоў болей! І Эдзік імгненна зразумеў, што трэба цяпер рабіць.

Трэба збіраць грошы.

Ён у адзін момант, зусім не стаміўшыся, стаў валодаць вялікай сумай. І хоць была спакуса вось зараз жа пайсці і набраць сабе новенькіх дыскаў, зайсці ў кафетэрый і выбраць самае смачнае марожанае — Эдзік на гэта не пойдзе. Не, траціць столькі грошай — гэта дурасць. Хай там тысяча-дзве — зразумела. Але не сто!

Эдзік спяшаўся ў пустую кватэру — каб палічыць свае грошы. І дакараў сябе за тое, што ў той ранак не ўтрымаўся і столькі патраціў…

…Выцягнуў акуратна грошы з кішэні. Яны заварожвалі той уладнай сілай, якая за імі адчувалася. Бач, быццам паперкі, а ў што толькі яны могуць ператварыцца!

Выцягнуў з кішэняў тое, што заставалася ў яго ад бабулі і бацькі. Побач з новенькімі купюрамі Юрыя Барысавіча гэтыя паперкі здаваліся шматкамі былой велічы. Эдзік старанна разгладзіў кожную змятую купюру, адабраў большай вартасці ў адзін стосік — гэтыя ён зараз пойдзе і памяняе ў магазіне на буйную купюру. Дробязь… Ну, гэтыя можна і патраціць.

У магазіне ён лісліва заглянуў у вочы жанчыне, працягнуў свае пакамечаныя паперкі:

— Калі ласка, дайце адной купюрай… Ведаеце, гэта мне на дзень нараджэнне трэба ісці, дамовіліся сабраць сябру, каб купіў сабе жаданы падарунак. То дайце, калі ласка, купюру новую…

Прадаўшчыца ўсміхнулася, выцягнула з касы вялікі стос купюр, раскінула веерам, выбрала і на самай справе самую акуратную.

А ў Эдзіка нешта ёкнула ўнутры — ён мо першы раз за ўсе разы вось так убачыў грошы: такую вялікую суму (там жа такія буйныя купюры!) у адной руцэ, якая трымала іх так, як трымаюць простыя паперкі. І ніколькі не хвалюецца жанчына.

Купюру з магазіна Эдзік намачыў трохі вадой, а потым прагладзіў гарачым прасам. Цяпер яна была амаль што аднолькавая з тымі, новенькімі.

Эдзік доўга глядзеў на свае грошы, акуратна раскладзеныя на канапе. І вырашыў, што ўсе купюры трэба абмяняць на больш буйныя. Тады не будзе спакусы узяць якую ды патраціць на пустое.

А грошы ён будзе так і збіраць: як набярэцца сума — так і абмяняе на адну купюру буйную. Назбіраў дзесяць тысячарублёвак — абмяняў на адну дзесяцітысячную…

Вось толькі пытанне — як іх збіраць… Гэта ж не грыбы ў лесе.

Трэба пайсці прагуляцца, патраціць тую драбязу — якраз на марожанае і думаць, думаць, думаць…

Частка 19

У будане стала сыра і няўтульна, пахла цвіллю. Спаць было холадна. Добра, што дождж прайшоў невялікі, а каб мацнейшы — і палілося б на Сяргея і Нэлу зверху, бо што тое сена — хіба ўратуе ад моцнага дажджу… Сяргей накрыў Нэлу, чым можна было, сам дрыжаў ад холаду. Чакаў хлопцаў — спаць не мог.

На рыбалку ўсё адно пайшлі — хоць магло і не быць добрага клёву. І толькі Віцька быў узбуджаны:

— Ха, ведаеце вы карасёў. Яны якраз пасля такой спёкі толькі ажывіліся, цяпер адно палююць. Пабачыце…

І меў рацыю!

І на нудны дожджык забыліся, на макрэчу пад нагамі і холад — клявала і брала — толькі паспявай закідваць. За тры гадзіны ажно сямілітровае пластыкавае вядро запоўнілі!