Выбрать главу

— А вы казалі, вы казалі… — у захапленні прыгаворваў Віцька, несучы гэта вядро ў вёску, хоць ніхто асабліва і не казаў супраць яго прагнозаў, адно Віталь раней пабурчаў трохі, што няўтульна на копанцы. — А карасі, карасі якія! Гэ, у вадзіцеля грошай не хопіць…

Настрой ва ўсіх быў прыўзняты — рыбалка ўдалася, ды яшчэ і дождж перастаў, хмары вышэй падняліся, распагоджвацца пачало.

Дамовіліся, што большую частку рыбы Сяргей панясе да магазіна. А Віцька і Віталь прыйдуць ужо да будана Сяргея, як дадому зазірнуць. Маці хвалююцца, гэта адно, а другое — трэба нешта сур’ёзнае рабіць з буданом.

Нэла спала, закутаная ва ўсё, што было ў будане. Ужо і пацяплела добра, і Сяргей спакойна пайшоў да магазіна. Аўтамабіль з хлебам ён прачакаў не так і доўга — мо з гадзіну. Вадзіцель яшчэ толькі пад’язджаў да магазіна, то ў прывітанні ўзняў руку, пасля, калі выскачыў з кабіны, крыкнуў да Сяргея:

— А я то думаю: будзе рыба ці не? Бачу, многа! Ну, чакай, разгружуся…

Грошай Сяргей атрымаў многа і адважыўся: купіў каўбасы акрамя хлеба і цукру. Смачна будзе засмажыць. А ў бабы Адаркі купіць яек дзесятак. Яна то і так дасць, але дзякуй, што малако за «дзякуй» дае. Яшчэ і яйкі прасіць…

Ля будана былі ўжо ўсе: Віцька, Віталь, Жэнька. Нэла сядзела, хуталася ў куртку ля ног Жэнькі. Будана, зрэшты, ўжо не было: толькі адзін каркас застаўся. Сена ляжала на траве, усе транты Сяргеевы — воддаль.

Віцька заўважыў спахмурнелы твар Сяргея і заспяшаўся:

— Ты не псіхуй, мы тут плёнку цэлафанавую прынеслі. Вось, трэба будан яшчэ большы зрабіць, накрыем плёнкай, каб дождж не прабіў, зверху сенам. Яшчэ навес адзін зробім, а то во дошкі нашы намоклі… — ён паказаў на тыя дошкі, што ўжо нацягалі ад дзеда Васіля. Іх трэба было парэзаць па чарцяжу, каб там, на месцы, не надта мучыцца.

— Я не псіхую, — адказаў Сяргей спакойна. — Давайце, дапамагайце, пакуль дажджу няма. Толькі Нэлу пакарміць трэба…

Калі ж шчыра, то ён не ведаў, як сябе паводзіць. З аднаго боку, было добра, што яму збіраюцца шчыра дапамагчы, а з другога — ён ужо адвык ад таго, што нехта чужы будзе бескарысліва табе дапамагаць, проста так, без нейкага разліку. Казытала непрыемна і тое, што хлопцы ні словам на рыбалцы не абмовіліся пра будан. Ну, мо яны згаварыліся, каб які сюрпрыз атрымаўся… Перасіліла першае: што ні кажы, а яму было прыемна адчуваць падтрымку. І рыбы вось налавілі колькі, толькі крыху ўзялі смажыць (а есці ж разам будуць усе), а так загадалі Сяргею аднесці і прадаць вадзіцелю…

— Паснедалі мы з Нэлай ужо, — адказала Сяргею Жэнька.

— Я ёй каўбасы купіў… Насмажыць вось, на агні…

— Ха, каўбасу мы самі з’ядзім! Вось як зробім шыкоўны будан, каб усім можна было ад дажджу схавацца! Гэх, шашлык з каўбасы будзе! — загарэўся Віцька.

А Віталь тым часам нагой разгладзіў вытаптаны участак зямлі, трэскай чарціў:

— Каб нас чацвёра дарослых і Нэла селі адразу, то трэба…

— Ну, ты тут малюй, а мы пойдзем высякаць дручкі, — Віцька ўжо трымаў сякеру ў руках.

— Чакайце, вы дома жываты набілі, а Сяргей галодны, — прыкрыкнула Жэнька, прысела, выцягнула з-пад плёнкі на зямлі пакет, пачала даставаць з яго розныя скруткі. — Сяргей, бяры паеш…

— Ёсць у нас што есці, — разгубіўся Сяргей, гледзячы на прынесенае Жэнькай снеданне.

— Тое потым разам з’ядзім, — рагатнуў Віцька і па-змоўніцку дадаў: — Еш, гэта Жэнька спецыяльна для цябе аладкі смажыла, ад самай раніцы старалася…

У наступны момант ён ужо бег у бок густых сліваў, бо твар Жэнькі нічога добрага яму не абяцаў. Сяргей усміхнуўся, гледзячы на раззлаваную Жэньку:

— Ну, я паспытаюю, як ты ўмееш смачна гатаваць…

А сонца спачатку нясмела, а потым часцей, часцей прабівалася скрозь аблокі, якія парадзелі, пабраліся дзіркамі. Стала цёпла, пара густа падымалася ад роснай травы.

Кіпела работа: новы каркас вялікага будана, на два «пакоі» па праекту Віталя ўжо стаяў, абцягнуты папярэчынамі. Грунтоўнае збудаванне атрымлівалася. Віцька ад дзеда Васіля прынёс касу: тут жа, у садку, касілі траву і пустазелле. Каркас абцягвалі кавалкамі старой плёнкі, мацавалі, потым спецыяльнае рыштаванне рабілі, каб травой абкласці і тая не спаўзала.

Старое сена прасушваць расклалі, Жэнька на «печцы» пачала смажыць рыбу.

У гэты час да будана падышла маці Сяргея.

Усе спыніліся. Маці была цвярозая, з тварам, бы ў пабітай сабакі. Чырвоныя вочы хваравіта блішчалі, яна церла адну далонь аб другую. Было бачна, што адчувае яна сябе вельмі дрэнна. Усім стала вельмі няўтульна.

— Сяргей, сыночак, ты… гэта, ішлі б вы ў хату спаць. А то людзі смяюцца з мяне… І во крычаць на мяне, кажуць, правоў пазбавяць. А каму я трэба буду… — яна сутаргава ўсхліпнула.