— Пакуль у хаце будзе той зэк, я туды не пайду, — спакойна, але цвёрда адказаў Сяргей. — І Нэлу не пушчу. Выганяй тую сволач.
— Дык як жа яго выганю? Ды і навошта? Ён жа добры, гэта як вып’е, то трохі крычыць… — стала апраўдвацца маці.
— А ён бывае цвярозым? Усё, не прасі нічога. Мы нічога не просім. У нас во і есці што ёсць, і спаць ёсць дзе.
— Дык а як холадна стане? Куды ж пойдзеце?
— Пакуль стане, я нешта прыдумаю…Нешта прыдумаем, — дадаў Сяргей. — Ты адно… не пі болей. І тады ўсё будзе добра.
— Ды я… — маці ўсхліпнула нечакана. — Цяжка мне, ой, як цяжка… Загоніш ты мяне ў труну…
І яна пайшла, ступаючы так, быццам зямля пад яе нагамі пагойдвалася.
Нейкі час у садку стаяла цішыня. Непрыемная, нацягнутая. Так усё добра ішло…
— Усё будзе добра, — раптам голасна, упэўнена сказаў Віталь.
Ён падхапіў на рукі Нэлу, крутануўся з ёй:
— А ну, Нэла, скажы: будзе.
Дзяўчынка згодна заківала галавой.
— Не, ты не ківай, а кажы: будзе добра! Будзе добра!
Нэла, гэта было бачна па яе тварыку, сілілася і на самой справе нешта сказаць. Яна сутаргава крывіла роцік, каўтала, а потым вырвалася з яе грудзей кароткае, гучнае:
— Доба!
Віталь прыціснуў моцна дзяўчынку да грудзей, потым асцярожна апусціў на зямлю.
— От жа, казаў сваім: ну чаму вы мне сястрычку не нарадзілі…
Уздыхнуў, абвёў усіх сур’ёзным позіркам.
— Калі Нэла сказала, што будзе добра — значыць, так і будзе. Не будзем спяшацца і рабіць пяць спраў за раз. Вось зробім адну — падумаем над другой. Будзе ў нас час падумаць, як гэтага зэка з Сяргеевай хаты вытурыць.
— А цяпер давайце абедаць, работнікі, — запрасіла Жэнька. — У мяне гатова рыба…
Елі рыбу, потым на прутках смажылі на агні кастра каўбасу.
Будан закончылі к абеду. Ён атрымаўся, як і планавалі, вялікі, утульны, на два «пакоі»: пярэдняя і месца для сну. І светлы: Віталь прадугледзеў нават два акенцы — іх зрабілі з плёнкі.
Пасля абеду вырашылі сабрацца ў садзе дзеда Васіля: амаль усё, як ім здавалася, было гатова.
…Голас у тэлефоннай трубцы Жэнька не пазнала, хоць ён здаваўся ёй знаёмым.
— Так, я Яўгенія Лошчык. А хто мяне пытае?
— Гэта карэспандэнт раённай газеты Мікульчык, — адазваліся ў трубцы, і, не даючы Жэньцы апомніцца, голас працягваў: — Ну, давай раскажы, чаму не пішаш, што там у вас робіцца?
— Дык няма аб чым пакуль пісаць…
— Як няма? А хто збіраецца адшукаць у балоце магілу партызан, каб зрабіць перазахаванне? Вы? Ну, а маўчыш… Так, ты ў школе ў Саюзе моладзі?
— Так, у БРСМ…. — разгубілася Жэнька: адкуль у рэдакцыі ведаюць пра іх планы? — Дык мы нічога яшчэ не знайшлі…
— Гэта ўжо справа іншая. Знойдуць і без вас, калі ўзяліся. Ваш старшыня сельвыканкама быў у раёне, тут усё ведаюць, гэта справа надзвычай сур’ёзная. Раскажы, хто там збіраецца ў пошукі. Вам гэты самы партызан, як яго, Карота, так? Калі расказваў?
— У школе… Ну, гэта яшчэ раней было…
— Так… У школе была сустрэча… І пасля той сустрэчы школьная арганізацыя БРСМ вырашыла адшукаць магілу партызан, каб зрабіць перазахаванне. Хто ўдзельнічае?
— Ды не так было…
— Ну, няхай крыху не так, гэта дробязі. Хто там з вамі?
— Ну-у, — разгубілася Жэнька канчаткова ад гэтага націску карэспандэнта. — Сяргей, ён з нашай вёскі, жыве ў інтэрнаце, захацеў парыбачыць на Ведзьмінай тоні. І яшчэ Віталь, вучань нашага класа, Віцька, мой брат…
— Віталь член БРСМ? — зноў перабіў карэспандэнт Жэньку. — Хто з настаўнікаў будзе з вамі? Дарэчы, ты якую пасаду займаеш?
— Дзе займаю?
— Ты хто ў пярвічнай арганізацыі? Хто ў вас сакратар?
— Я — член камітэта…
— Так, добра. Я прыеду на гэтым тыдні, ты раскажаш усё больш падрабязна. Пакуль хопіць. А надалей я цябе прашу аб такіх навінах абавязкова паведамляць нам, — закончыў карэспандэнт ушчуваннем, і ў трубцы раздаліся кароткія гудкі.
Жэнька стаяла чырвоная. Не ведала, аб чым і думаць. Ну, пісаць яшчэ не было аб чым — яны ж нічога яшчэ не адшукалі, плыт яшчэ не гатовы… Вядома, яна планавала напісаць цэлы рэпартаж. Са здымкамі…
Успомніла аб здымках, падумала, што зараз вось закончыць усе клопаты па хаце і пойдзе з фотаапаратам у сад да хлопцаў і дзеда Васіля…
Частка 20
Бацька Віталя падагнаў трактар блізка да хаты, заглушыў.
— Гэй, разгружай! — гукнуў ён.
Хлопцы пазаскоквалі на прычэп. Тут было дзесяткі тры тонкіх дошак, доўгія рэйкі.