— Ух ты, матэрыял сапраўдны!
— Ось плыт будзе!
Разгрузілі хутка, пацягалі на надворак да дзеда. Тут ужо пад прыглядам дзеда Васіля пачалі разбіраць дошкі.
Размяралі, абразалі, складвалі каркас прама на зямлі, нажыўляючы між сабой дошкі і рэйкі. Плыт вырашылі зрабіць яшчэ большы — цэлых пяць метраў даўжыні. А вакол бартоў — парэнчы, каб незнарок не ўпасці ў ваду. Яшчэ падумалі, што трэба два вялікія вяслы — хто ведае, якая там глыбіня на тоні, ці атрымаецца толькі шастамі адпіхвацца.
Вёслы рабіў дзед Васіль. Няспешна, сякерай, а сякера ў яго — што тое лязо. Хлопцы кавалкамі шкла зачышчалі ручкі вёслаў — каб былі гладкія, не набівалі мазалі. Потым дзед камандаваў, паказваў і падказваў, а хлопцы майстравалі ўключыны — спецыяльныя штукі на вёслах, каб можна было грэбці імі і вёслы не выпадалі.
Па ходзе справы і праект плыта мяняўся. Яшчэ два дадатковыя адсекі зрабілі — каб упіхнуць туды дзве вялікія камеры з аўтамабільных колаў. Гэта старшыня прывёз, Мікалай Рыгоравіч. Праўда, папрасіў, каб потым вярнулі.
Жэнька спіс усяго патрэбнага склала. Калі пачалі зносіць усё да будана Сяргея, Віталь хапіўся за галаву:
— Ты што, ніякі плыт не вытрымае! Мы ж не на Паўночны полюс!
— Маўчы! Ты свае справы ладзь, а ў мае не лезь. Я нічога лішняга не бяру. Што, у далонях суп варыць будзеш?
— Які суп? Мы набяром…
– «Ролтана» і будзеце грызці сухім. Ведаю я вас. Усякай атрутай набіваеце свае жываты… Ты мне месца на плыце зрабі, каб вада ніяк не даставала, а то…
— Зраблю, зраблю, — прабурчаў Віталь, хоць ніколькі клопаты Жэнькі не псавалі настрою — ух, якая грунтоўная экспедыцыя атрымліваецца! Нават аптэчка ў іх ёсць.
Два дні прайшлі ў прыемных справах. Практычна ўсё было гатова. І неяк не адважваліся завесці з дзедам Васілём гаворку аб галоўным: аб тым дні, калі яны збяруцца на Ведзьміну тоню. Страшнавата было. Быццам усё перад гэтым здавалася простай гульнёй, а цяпер пачыналася сама справа — адказная і сур’ёзная…
— Я нешта дык і не ўяўляю, як мы разам з дзедам Васілём паплывём па тоні, — прызнаўся Віцька.
Сядзелі на беразе копанкі, закінуўшы вуды. Клёву не было, але не гаравалі з такой нагоды, бо прыйшлі больш адпачыць. Рукі ад работы балелі адчувальна.
— А я як пагляджу, колькі нам перанесці трэба ўсяго на Заікін востраў па балоцістай сцежцы, аж млосна робіцца, — адказаў на гэта Віталь.
— Нічога, вочы баяцца, а рукі робяць, — спакойна сказаў Сяргей. — Вы паглядзіце, колькі ўсяго зрабілі… Садок наш не пазнаць: і будан які стаіць, і навес ёсць, і каркас плыта гатовы, і бутэлек гара… Перанясём. Галоўнае ў такой справе — вызначыць для сябе, што робіцца такое не за гадзіну, не за дзве. Робіш і робіш… Яно само заканчваецца. Пакрысе…
– І то праўда, — больш бадзёра адазваўся Віцька. — Гэтулькі ўжо зрабілі…За дзень, зранку пачаўшы, перацягаем да вечара.
— Перацягаем, куды мы дзенемся, — згадзіўся і Віталь. — Вось так і збываюцца мары — паступова, крок за крокам ідзеш і ідзеш…
— Паплавок!
— Цягні!
Віталь тузануў вудачку, невялікі серабрысты карась забіўся на лёсцы. Асцярожна вызваліўшы адзіную за гэты час злоўленую рыбіну, Віталь узважыў яе на далоні.
— Ат, ты ж таксама, карась, марыў з’есці таго чарвяка, а цябе я, такі нехарошы, падмануў. Выбачай і ідзі сабе плавай у нашай копанцы. Шукай яшчэ чарвяка. Няхай збываюцца мары! — Віталь лёгка кінуў карася ў ваду. Той плёснуўся і знік у глыбіні.
…Маці прынесла і паклала на стол дзве газеты — раённую і яшчэ адну, якая выходзіла ў раёне — недзяржаўную.
— Божухна, гэта ж трэба так нам праславіцца… — сказала яна з сумам, нават адчай прагучаў у яе голасе.
У Жэнькі затрымцела сэрца. Яна адчула, што ў раённай газеце нешта напісана пра іх. Не думала, што будуць нешта пісаць, але тое, якім тонам сказала маці, пры гэтым адвярнуўшы позірк ад дачкі, падказвала Жэньцы: у газеце нешта надрукавана…
«Школьная арганізацыя БРСМ ідзе на пошукі магілы партызан. На адной з сустрэч з ветэранамі ў нашай школе, якія праводзяцца рэгулярна, мы даведаліся ад партызана Вялікай Айчыннай вайны В.Я. Кароты аб тым, што на адным з астравоў у балоце за нашай вёскай ёсць магіла, у якой пахаваны некалькі партызан, гераічна загінуўшых у баях з ворагам. Камітэт школьнай арганізацыі БРСМ вырашыў правесці пошук магілы. Калі гэта ўдасца (у чым мы не сумняваемся), то па ўзгадненню з адпаведнымі органамі пройдзе афіцыйнае перазахаванне народных герояў. А пакуль мы рыхтуемся да паходу. Чакайце нашых рэпартажаў! Яўгенія Лошчык, член камітэта пярвічнай арганізацыіі БРСМ школы».
Радкі паплылі перад вачыма — то слёзы паліліся з вачэй. Ад крыўды, ад асэнсавання немагчымасці нешта паправіць Жэнька закрычала адчайна: