— Я гэтага не пісала! Я карэспандэнту не так аб усім казала! Ён казаў, што не будзе друкаваць, пакуль сюды не прыедзе сам!
Жэнька ўпала на канапу тварам на падушку.
Маці паверыла — яна не магла не паверыць, бачачы рэакцыю дачкі. Падышла, села побач, паклала руку на плячо Жэнькі.
— Я яму патэлефаную… Ды чорт яго бяры, няхай і так напісана. Гэта не страшна. Галоўнае цяпер — адшукаць магілу. Як знойдзеце — то і гэта драбяза забудзецца.
— Гэта не драбяза! — падскочыла Жэнька. — Як на мяне хлопцы паглядзяць? Што дзед Васіль скажа? А ў школе? Калі гэта драбяза, то што не драбяза?
— Супакойся. Вось што не драбяза. Вось што страшна… — і маці пацягнула са стала недзяржаўную газету.
Цяпер Жэньку быццам кіпенем абдало. Яна пазнала, яна не магла не пазнаць гэты знаёмы будан, «стол» на цаглінах, пячурку… І Нэла — глядзіць некуды ўбок, яшчэ золкае ранне, яна скурчылася ля ўваходу… Сяргей спінай да аб’ектыву, распальвае агонь… Вялікі здымак на першай старонцы. І вялікія літары надпісу над здымкам: «Быццам і не было вызвалення…» Знізу пад здымкам трохі меншы радок: «Брат і сястра пры жывых бацьках і пры цяперашняй уладзе вымушаны жыць у шалашы…»
— А ў Сяргея і Нэлы няма бацькі… — ціха прагаварыла Жэнька, апустошаная гэтай страшнай і праўдай, і няпраўдай адначасова.
— Цяпер гэта не мае значэння, — адказала таксама ціха маці. — Гэта ж подласць… Лета, цёпла, чаму дзецям не спаць у будане… Божа, як так можна… Тым больш, мы ж бачым гэтых дзяцей і будзем рашаць…
Жэнька пакрысе пачынала разумець, што значыць для маці такі здымак і такі загаловак… Яна настаўніца, дэпутат сельскага савета…
Праз паўгадзіны прыйшлі Віцька і Віталь.
Жэнька выйшла ім насустрач.
— Я не вінавата, — ціха пачала яна. — Я не пісала нічога. Карэспандэнт па тэлефоне спытаў, ці я член БРСМ і ці расказваў дзед Васіль у школе аб партызанах… Я не казала яму нічога з таго, што ён напісаў…
— Чорт з ім, лухту гэту перажывём, — Віцька плюнуў убок. — Там Сяргей… падумаў, што гэта ты фотакартку паслала ў тую газету. Ты ж здымала. Ну і сказаў, каб мы блізка да яго не падыходзілі. Раззлаваўся вельмі.
— А адкуль ён ведае… пра здымак?
— Сарока па вёсцы палётала, — патлумачыў Віталь, маючы на ўвазе паштальёнку, якую за ахвоту да плётак і празвалі сарокай. — Пойдзем, хоць пакажам, што подпіс пад здымкам другі.
Дарогай Віцька разважаў услых:
— Эдзік! Гэтага фашыста ўжо тры дні няма — паехаў у раён. Гэта ён пра Сяргея і Нэлу сказаў, ён жа мне расказваў, што рэдактар вось гэтай газеты — яго знаёмы. Адпомсціў…
— Я ж казала табе: Эдзік — брыдота, — ціха сказала Жэнька.
Зайшлі да дзеда Васіля.
Той выслухаў іх усхваляваны расказ моўчкі. Доўга глядзеў старонкі недзяржаўнай газеты, быццам шукаючы там яшчэ нешта, што б падказала аб самым галоўным.
— Ведаю я рэдактара. І бацьку яго. Працавалі разам на лесанарыхтоўках. Працавіты быў мужчына. А вось маці была… То сын у маці пайшоў. Новая парода вырасла.
— Якая парода?
– Ідзі пакліч Сяргея з Нэлай, — замест адказу зірнуў дзед на Віталя. — Скажы: я клічу.
Пакуль чакалі, дзед згарнуў цыгарку са свайго тытуню, курыў у задуменні.
Падышлі Віталь, Сяргей з Нэлай.
— Клікалі, дзед Васіль? — спытаў Сяргей, прыпыняючыся воддаль ад сяброў.
— Сядайце бліжэй, — прапанаваў дзед, быццам не чуючы пытання. — Не ўмею я голасна размаўляць. А пачуць вам трэба.
Расселіся. Сяргей усё роўна сеў крыху ўбаку ад астатніх, але Нэла настойліва вызвалілася з яго рук, пайшла і прыціснулася да Жэнькі, ціхенька, быццам суцяшаючы, пагладзіла тую па шчацэ.
— Парода новая людзей вырасла. Страшная парода, — ціха стаў казаць дзед Васіль. — Раней нам проста жылося: во сябар, во вораг. Першага беражы, другога цурайся, трэба — бараніся. А цяпер… бач, як складна тут напісана: быццам і не было той Перамогі. Скажаш — няпраўда? Дык праўда: вунь будан, во дзеці. Вунь маці-п’яніца. А дзень таму я тое ж казаў нашай мясцовай уладзе ў вочы… Глядзіш: добры гэты дзядзька Юрый Сачыгін, рэдактар. Бач, вышуквае такіх бедных, клапоціцца… А на самай справе — усё роўна яму, што будзе заўтра, што будуць есці і дзе спаць усе астатнія дзеці. Яму гора людское — знаходка. Бяда людская — радасць, бо ёсць яму аб чым напісаць. Гэта вось Зарэмба да цябе прыходзіў, жыццём тваім цікавіўся, думаў, каб нешта змяніць, а гэты не цікавіцца, а цікуе. Сустракаўся я з Юрыем раней, калі яшчэ той толькі пачынаў. Гладка слаў, ды не з таго боку падушку клаў: ты яму скажы, чым цябе сёння, партызана былога, крыўдзяць. А чым мяне крыўдзяць? Вось хай лепш скажа, чым я больш за Адарку сваю ўвагі заслужыў… Я ад немцаў у балота схаваўся ды там перачакаў. А яна з хворай маці ды дзвюмя меншымі сёстрамі пад немцамі жыла. І хлеб мне пякла. Мяне забіць у баі маглі, а яе — у любы час… Я вось жывы — дык мне і медалі юбілейныя, і падарункі, і ўлада, што ні папрасі, бяжыць выконваць… А сябра мой Андрэй там, у балоце. І маці яго медалёў не атрымлівала, без падарункаў жыла… Вось што я вам скажу: гэта вам першы ўрок дарослы. Памятайце, што чым больш сталее чалавек, тым больш подласці ён можа нарабіць. І яшчэ памятайце: як бы вы ні жылі, а асобна жыць не атрымаецца. Бачыш, Сяргей, ты вось хацеў ад усіх адгарадзіцца, зарабляць сабе працай ды жыць з сястрычкай, нікога не чапаючы. Не атрымаецца. Бо жыццё складанае, а яшчэ больш подлае.