Выбрать главу

— Ён хваліўся сваімі красоўкамі, казаў — за 100 долараў. І плакаўся, што на падэшве аднаго малюнак сапсаваў аб нейкую жалезіну. Вось тут лінія пярэрваная, — Віцька паказаў на след, які на мяккай зямлі адбіўся, бы на пластыліне. — Ну, прыедзе яшчэ, — пагрозай закончыў ён.

— Прыедзе, сустрэнемся, — сказаў з нечаканай злосцю ў голасе і Віталь.

Дзіўна, ён жа ніколі не лічыў бойку правільным шляхам у любой справе.

Вярнуліся ў сад дзеда Васіля.

Той чакаў хлопцаў, бо загаварыў адразу:

— Ну, хай нам хоць солі цяпер, хто жадае, на хвост насыпле. Мы будзем сваю справу рабіць. Месяц, баба кажа, на надвор’е стаў, дажджу не чакаецца, ночы цёплыя. То нечага і нам чакаць. Я заўтра да старшыні сцягаюся, папрашу, каб трактар даў… Будзем ведаць канкрэтны дзень.

— Ура! — радасна закрычала Жэнька, забыўшыся на нядаўнюю прыкрасць. Толькі цяпер яна адчула, што знікла з душы незразумелая, недарэчная проста думка аб тым, што пасля ўсяго напісанага ў дзвюх газетах дзед Васіль наогул адмовіцца ад планаў. І цяпер было лёгка, і заметка ў раёнцы здалася драбязой.

Разышліся — ужо звечарэла.

…Назаўтра бліжэй да абеду патэлефанавала маці:

— Дзе там Віцька? Няхай прыйдзе ў школу, знойдзе фізрука, ён павінен прыйсці. Там у яго з былых часоў засталася палатка вялікая, на шэсць чалавек. Яна, праўда, з дзіркамі, але ж нешта прыдумаем…

— Ого! — не хавала захаплення Жэнька — аб палатцы яны колькі разоў казалі як аб недасяжнай мары.

— Гэта не «ого», а будзем лічыць за ўклад школьнай арганізацыі БРСМ у справу ўвекавечання памяці герояў той вайны. Няхай падварушацца. Перадай Віцьку, каб сказаў фізруку дакладна дзень, у які будзеце выязджаць — той арганізуе колькі хлопцаў, каб дапамаглі…

Жэнька задаволена паклала трубку. Ну вось, нейкі ж толк атрымаўся з той заметкі. А што: сказалі пра школу, то нечага фізруку, маладому настаўніку міма сябе прапускаць такую справу, калі ён сакратар камітэта…

Маці, як прыйшла на абед, расказала куды больш:

— Увогуле, гаворка зайшла аб тым, каб у вашу каманду ўключыць двух дарослых мужчын-настаўнікаў, некалькі выпускнікоў-хлопцаў… Ну, так атрымлівалася, што вам на плыце месца не заставалася…

— Так мы і аддалі ім плыт! — хмыкнуў Віцька. — Няхай свой будуюць!

— Так мы і рашылі. Я пераканала, — прадоўжыла маці, — што адшукаць магілу на невялікім востраве калі і можна, то толькі з самім дзедам. Як ужо ў вас не атрымаецца, тады будзе арганізаваны большы атрад. Ці будзе пастаўлены на востраве на ўмоўным месцы помнік… Карацей, вам пачынаць.

— Мама, — прыжмурылася Жэнька, — а калі б ты не была дэпутатам сельскага савета, не была завучам… То нас бы прагналі проста, так?

— Ну, не выдумляй! — зазлавала нечакана маці. — Адно трэба ведаць, што многія рэчы ў нашым жыцці маюць некалькі значэнняў. Будзем жыць тым, што ёсць, — узяла яна сябе ў рукі, дагаварыла спакойна.

Віцька з Сяргеем збегалі па палатку. Віталь прыйшоў з ужо вялікім скруткам шпагату.

— Расцяжкі парабіць трэба, калкоў з тоўстага дроту нарабіць, — патлумачыў ён.

Палатка мела дзіркі ў падлозе ў некалькіх месцах, хапала невялікіх дзірак на баках. Прыдумалі: стары брызентавы дажджавік бацькі распаролі, наклалі латак. Вядома, вялікі дождж палатка не вытрымае, але дажджу можа і не быць! Затое будан не трэба будзе майстраваць, лес глуміць, час траціць…

Двор стаў падобны на кузню — на калуне зубілам адсякалі ад доўгага арматурнага прутка кавалкі (сам пруток знайшлі на звалцы). Кавалкі загіналі з аднаго боку, вастрылі з другога.

Жэнька схадзіла да дзеда Васіля, вярнулася з Нэлай, якая ўвесь дзень прабыла з бабай Адаркай.

— Дзед сказаў, што старшыня дае нам трактар на паслязаўтра. А яшчэ… — Жэнька загадкава абвяла хлопцаў хітраватым позіркам: — На мяне ў вёсцы глядзелі, як на гераіню кіно!

— А то ж… напісала… — падкалупнуў сястру Віцька, а Віталь сказаў другое:

— Да мяне Толік з Андрэем з дзевятага класа прыходзілі. Прасіліся, каб узялі іх з сабой.

— О, цяпер многа знойдзецца жадаючых! А як бутэлькі па сметніках шукаць — то нам. Нечага! — заявіў Віцька. — Скажы, Сяргей? — звярнуўся ён за падтрымкай.

— Я то не супраць кампаніі, — адазваўся Сяргей. — Але ж плыт мы на сябе толькі разлічвалі. Збіралі ўсяго на сябе. Ну, знойдзем вось магілу партызан, выканаем Віталеў план — паставім плыт на якар на Заечым востраве: плавай, хто пажадае. Я так думаю.

— Правільна думаеш, — пагадзілася і Жэнька. — У такую экспедыцыю за дзень не збіраюцца…