Выбрать главу

— Гавары як ёсць, мама! — умяшаўся Сяргей. — Не было яго вечарам, і не пілі гарэлку, бо ціха было да паўночы ў хаце.

Маці ўздрыгнула, азірнулася на Сяргея здзіўлена. Невядома, ад чаго яна здзівілася больш: ад таго, што Сяргей мог ведаць нешта пра прымака, ці ад таго, што за гэтулькі часу ў першы раз пачула, што яе назвалі «мама».

— Ён мяне заб’е, — плаксіва выгаварыла яна і амаль загаласіла: — А што ж мне рабіць, божачкі…

— Супакойся і адказвай на пытанні, — спакойна працягваў пераконваць участковы. — У колькі гадзін пайшоў са двара Фёдар?

— Дык… З абеду я яго не бачыла…

— Калі прыйшоў?

— Ы-ы-х, — выдыхнула маці, сказала ледзь чутна: — Пад ранне…

— Што казаў?

— Каб маўчала…

— Так, — участковы азірнуўся на двух другіх міліцыянераў, зноў павярнуўся да маці. — Пайшлі, Зоя Васільеўна, да машыны, сядзем і запішам усё як мае быць і падпішам.

— Не буду, нічога падпісваць не буду, — стала адступацца назад маці, і Сяргей не вытрымаў, закрычаў адчайна:

— Будзеш падпісваць! Будзеш!

Ён стаў насупраць маці, амаль што роўны з ёй ростам.

– Ідзі і кажы праўду, і падпісвай, што скажаш! А не хочаш — то ідзі разам з ім у турму! Я тады не буду спадзявацца на цябе. Буду ведаць, што мы з Нэлай — сіраты поўныя. Няхай пазбаўляюць цябе бацькоўскіх правоў!

Маці заплакала — цяпер уголас, закрыўшы твар рукамі, плечы яе сутаргава калаціліся, але яна пайшла да аўтамабіля.

За ёй падаліся два міліцыянеры, участковы затрымаўся каля Сяргея, у якога вочы былі поўныя слёз.

— Неяк мы і не пазнаёміліся, — працягнуў руку участковы. — Старшы лейтэнант Сяргей Гаўрылюк. Цёзкі мы з табой. Як табе тут, цяжкавата?

Шчырая спагада гучала ў яго словах — Сяргей гэта адчуваў.

— Не цяжка. Дзед Васіль дапамагае, Віцька з Віталікам…

— Ну і добра. Ты галоўнае… Ты ідзі сабе тым шляхам, якім пачаў. І ўсё добра будзе.

— Якім шляхам? — не зразумеў Сяргей.

— Чалавечым, — усміхнуўся ўчастковы. — Ты як толькі прыехаў, мне на цябе наказалі. Я за табой колькі часу прыглядваў: малайчына, правільна жывеш, чэсна. І ты спіш спакойна, і я за цябе хвалююся.

— Няма чаго за нас хвалявацца, — буркнуў Сяргей. Яму было непрыемна чуць, што аб ім нешта дрэннае казалі ўчастковаму.

— Ну, я хвалююся па другой прычыне. Сам ведаеш… Давай, рабіце сваю справу, а зробіце — пазычыце плыт на дзень-другі? Надта ж хочацца на шчупакоў ля Савінага вострава папаляваць, — весела падміргнуў Сяргею участковы.

— Пазычым… А з маці…нічога не будзе?

Участковы зразумеў, што меў на ўвазе Сяргей, пасур’ёзнеў, адмоўна пакруціў галавой.

— Яна ў крадзяжы не замешана і наўрад ці што ведала. Гэты Федзька — птушка бітая, ён заўсёды толькі адзін на свае справы ходзіць. Таму і злавіць яго цяжка. Ды цяпер не выкруціцца: і сляды засталіся, і скуру забітага цяляці знайшлі, і пакупніка мяса адшукалі. Так што сядзець гэтаму Федзьку ў трэці раз. Ну, а ў цябе і маці шанцы ёсць… — закончыў участковы аптымістычна, працягнуў руку Сяргею. — Ты ўгаворвай яе, і мы націснем крыху: няхай едзе ды лечыцца. З гэтай заразай аднаму не справіцца. А цяпер кадзіруюць добра, у мяне на пяць алкаголікаў на ўчастку за год паменела. Не пазнаць людзей… Ну, трымайся. Глядзі за маці.

Участковы пайшоў да аўтамабіля, дзе на капоце адзін з міліцыянераў нешта пісаў. Побач стаяла маці.

Нешта кранулася нагі — то Нэла нячутна падышла і прыціснулася.

Сяргей паклаў сваю далонь на яе валасы, лёгка ўзлахмаціў іх:

— Усё будзе добра. Праўда, Нэла, усё будзе добра…

На душы нечакана стала лёгка — у гэта ранне не толькі з’явілася надзея на добрыя перамены, але і самі перамены пачалі адбывацца.

Чайнік даўно закіпеў, Сяргей заварыў сабе чай — Нэла пабегла да бабы Адаркі па казінае малако, за сваёй ранішняй порцыяй. Дастаў палову батона, цукар, сыр, расклаў усё на «стале». І пабачыў, што ў садок да будана ідуць Віцька з Жэнькай і Віталь.

І ў той жа момант Сяргей адчуў, што чакаў іх: не проста каб пабачыць, а каб падзяліцца такой прыемнай навіной: прымак затрыманы і хутчэй за ўсё будзе асуджаны, ёсць рашэнне, што можна зрабіць з маці, у яго з’явіўся яшчэ адзін добры знаёмы — участковы міліцыянер…

Яно і праўда: колькі разоў радасцю не падзелішся, а яе не меншае, а ў столькі разоў большае.

Пілі чай з пячэннем, якое напякла сама Жэнька. Настрой быў прыўзняты, гадалі, колькі часу зойме ў іх перацягнуць усё неабходнае на Заікін востраў і сабраць плыт, колькі часу патрацяць на зборку плыта…

Пабачылі, што ў свой сад выйшаў дзед Васіль. Усе разам пайшлі да яго.

Толькі паспелі павітацца, як пачулі: да хаты дзеда Васіля прыехаў аўтамабіль. Ляпнулі дзверцы, рыпнулі веснічкі, і звонкі жаночы голас крыкліва запытаў: