Выбрать главу

— Куды, куды, зверанё, цягнеш!

Сяргей уздрыгнуў ад крыку. І адразу ўсё зразумеў — прымак зайшоў на надворак і ўбачыў Нэлу, якая несла сваю чарговую ношку.

— Ах ты нямко нямытае! — раздражнёна, са злосцю прадоўжыў прымак. — Хто табе дазволіў ад грушы адыходзіць? Ану — на месца!

Апошнія словы ён выкрыкнуў з загадам, як быццам крычаў на сабаку, які без дазволу зайшоў у хату.

Ён стаяў, рукі як у нежывога боўталіся амаль да каленяў, кашуля, не запраўленая ў штаны, не зашпіленая на гузікі, вісела на яго худых плячах, як на калу.

Уся яго постаць казала не столькі аб раздражнёнасці, колькі аб задавальненні ад улады над маленькай Нэлай. Зарослы шчаціннем твар скрывіўся ад нечага, падобнага на ўсмешку, глыбока запалыя вочы прыжмурыліся, ператварыліся ў дзве шчылінкі.

— На месца! — выгукнуў ён ужо без злосці. — На месца!

Нэла з ахапкам сена спінай адступалася да грушы.

— Зверанё, вяроўчыну перагрызла? — спытаў бы ў самога сябе прымак, хацеў зрабіць крок у напрамку грушы, да якой адступала Нэла, і ў гэты час ён заўважыў Сяргея.

— А, дык гэта ты, шчанюк, адвязаў? — з нейкім радасным здзіўленнем сказаў ён, павярнуўся да Сяргея. — А ну, хадзі сюды, я табе што-нішто патлумачу, калі ты за год забыўся, што мяне трэба слухаць!

Яго, відавочна ж, радавала перспектыва паказаць сваю ўладу над нечым больш значным, чым над гэтым нямым кацянём — Нэлай. Сяргей павольна падыходзіў, не прыпыняючы крок, цягнучы за сабой вілы.

— Сыночак прыехаў! — гукнуў зноў прымак, але насцярожыўся. Сяргей не прамовіў ні слова, ён, як зайшоў з саду на надворак, так і ішоў, не спяшаючыся у бок прымака, гледзячы яму ў вочы.

— О, выцягнуўся, байструк, — прымак плюнуў на зямлю. — Ну, хадзі, фраер, вушы драць буду.

Але ўпэўненасці ў словах не было. Сяргей на самай справе не выглядаў больш хлопчыкам, які мінулым летам уцякаў ад кухталёў гэтага мужчыны.

Сяргей наблізіўся да прымака крокі на тры і раптоўна кінуў руку, якая цягнула за дзяржанне вілы ўперад і ўверх. Другая рука перахапіла дзяржанне знізу, і чатыры тонкія, вострыя зубы вілаў імгненна ткнуліся ў непрыкрытыя грудзі прымака, парослыя рэдкімі рудымі валасамі.

Сяргей націснуў злёгку, прымак хіснуўся, не паспеўшы пераступіць нагой, і так стаяў, ледзь не падаючы назад. Ён не мог ступіць крок, бо для гэтага трэба было хоць крышку нахіліцца наперад, каб не ўпасці, а зубы вілаў балюча, ой як балюча калолі ў грудзі.

— Ты што, шчанюк? — са злым спалохам выдыхнуў прымак. — Ды я цябе…

— Перш чым ты мяне, я табе чатыры дзіркі зраблю, — з тым спакоем, ад якога прымак пабялеў, сказаў Сяргей. — І мне нічога не будзе. Што калонія, што інтэрнат — адзін чорт…Ты, гад, больш не зачэпіш Нэлу. І мяне не чапай. Нас тут няма. Зразумела? Ты ходзіш міма нас, але нас ты не бачыш. Зразумеў?

Прымак маўчаў, дзіка вылупіўшы вочы.

— Зразумеў? — перапытаў з пагрозай Сяргей і націснуў на вілы.

— Ты што, сука? — ускрыкнуў прымак, бо зубы вілаў, здавалася, вось-вось увойдуць у грудзі. — Ды пайшлі вы!..

— Зразумеў? — з тым жа тонам зноў паўтарыў Сяргей.

— А ты ў яе спытай, — працадзіў праз зубы прымак і кіўнуў за спіну Сяргея.

Таго імгнення, на якое Сяргей адвёў позірк ад прымака, зэку было дастаткова — ён хапіўся за дзяржанне вілаў са свайго боку. Хіснуўся ўбок, ірвануў вілы на сябе.

Сяргей на адпусціў дзяржанне. А рывок быў моцным — і хлопец згубіў раўнавагу, хіснуўся наперад. У наступны момант прымак адной рукой хапіў Сяргея загрудкі, прыцягнуў да сябе, а другой схапіў за горла. І сціснуў так, што боль паралізаваў Сяргея. І дыхнуць не стала як.

— Шчанюк… — сіпеў ля самага твару зэк. — Я цябе зараз буду вучыць…

Сяргею здавалася, што Нэла крычыць недзе далёка-далёка — да яго прытомнасці з цяжкасцю даходзілі ўсе гукі, акрамя шыпення прымака. Бы ў нямым кіно ён бачыў, як з сянец выйшла маці, глядзела ў іх бок і, здаецца, нешта казала. Потым за спінай прымака ўзнікла постаць мужчыны. Сяргей не пазнаў, а зразумеў: дзед Васіль, іх сусед.

У яго руках Сяргей заўважыў таўставаты пруток — гэта з такіх дзед робіць чатыры асноўныя дугі ў кошыках, адна з якіх потым становіцца ручкай.

Дзед узмахнуў гэтым прутком і выцяў штосілы па шыі зэка. Той прысеў імгненна, адпусціўшы і шыю Сяргея, і дзяржанне вілаў, быццам над галавой у яго пранеслася вострае лязо. Але не ўскрыкнуў ад болю, толькі пакрысе пачапаў рукой балючае месца і хутка азірнуўся.

У гэты час да Сяргея вярнуліся гукі: тонкае падвыванне Нэлы і п’янае галашэнне маці.

— Так жа і забіць можна! — крычала яна ўжо да дзеда Васіля. — З кім я застануся, а што ж ета такое… А ў сваім двары няма як прайсці чалавеку!