Выбрать главу

— Рубка, я Ніжняя. Як мяне чуеце? Са мною Вольга. З намі ўсё добра. Адкажыце, як мяне чуеце?

Голас Лукава быў ціхі, але ўпэўнены.

— Ніжняя, мы вас не толькі чуем, але і бачым, — сказаў я.

— Як там у вас? — пачулася пытанне. — Як я разумею, мы пляснуліся на гэтую шэрую шэльму?

— Ага, мы на паверхні, — ціха адказаў я. — Што з рухавікамі?

— Цяжка пакуль сказаць, — прамовіў кібернетык. — Малая энергетычная ўстаноўка працуе. А вось вялікая... З ёю штосьці незразумелае...

— Вы праверылі ланцугі? — перабіў я Лукава.

— Заканчваем. Схемы пад напружаннем, але прыборы нічога не паказваюць. Пакуль не ведаем, дзе пашкоджанне і наколькі яно сур'ёзнае. Думаю высветліць гэта пры дапамозе камп'ютэра.

—Добра, — вымавіў я. — Калі магчыма, павялічце магутнасць малой устаноўкі. Бо мы тут мерзнем.

— Зробім, — пачулася з дынаміка, потым ен чыхнуў і сціх. Відарыс на экране патух. З палёгкай уздыхнуўшы, я сеў у крэсла.

Усе былі жывыя. На дадзены момант гэта было галоўнае. У іншым, праўда, пакуль карціна атрымлівалася не вельмі прыемная. Беспарадак на зоркалёце, няяснасць паломак. Не было пакуль і зразумелага адказу на тое, якім цудам нам удалося сесці на планету.

Павярнуўшыся, я зірнуў у глыбіню рубкі. Капітана каля кучы кантэйнераў ужо не было. Ён стаяў ля люстранага экрана, побач з Сарторыкам, уважліва ўзіраючыся ў ілюмінатар. Па яго задумлівым усхваляваным твары я зразумеў што капітан чуў маю размову з Лукавым.

— Як я разумею, мы на Саксце? — павярнуўшыся, прамовіў ён. Я сцвярджальна кіўнуў галавою.

Усю рэшту гэтага кашмарнага дня мы правялі ў працы, займаючыся ліквідацыяй дробных паломак, наладжваннем прылад і апаратаў, прыбіраннем смецця. Пад вечар карціна пашкоджанняў стала больш-менш зразумелая. Яна была даволі непрывабная. Мы, лічы, пазбавіліся ўсіх сістэм назірання і арыентацыі. Быў таксама парушаны ўнутраны цеплаабмен зоркалёта, таму патрэбную тэмпературу цяпер мы маглі падтрымліваць толькі ў вахтавай рубцы і жылым адсеку. У іншых жа памяшканнях панаваў холад. Але самую вялікую занепакоенасць у нас выклікала пашкоджанне галоўнага рухавіка. Мы былі практычна пазбаўлены энергіі і не маглі, калі спатрэбіцца, пакінуць Сакст. Па сутнасці, мы з'яўляліся палоннымі дзікай бязводнай пясчанай планеты. Суцяшала толькі тое, што амаль не пацярпелі сістэмы жыццяздольнасці карабля, і ў нас хапала запасаў кіслароду, вады і прадуктаў харчавання. Мала што было зразумелым па самой аварыі. Высветліць яе абставіны мы вырашылі вечарам у рубцы.

— Вернемся да першых секунд аварыі, — прапанаваў Зураў, няспешна прайшоўшыся па рубцы. — Гук, сігнал небяспекі... Што было яшчэ?

— Стрэлка... Стрэлка магнітнага поля, — на імгненне задумаўшыся, прамовіў Лукаў, — я добра памятаю, яна рэзка падскочыла. Потым прылада выйшла са строю.

— I яшчэ на экране далёкага агляду, — дадала Вольга, — на ім успыхнула суцэльная бліскучая паласа.

— Я таксама гэта бачыў, — падаў голас Віхрын, які сядзеў побач з дзяўчынай.

Галава першага пілота была забінтавана, твар перасякалі некалькі чорна-крывавых драпін.

— Акрамя таго, — працягваў ён ціха, — быў трэск. Я выразна чуў па правым борце трэск.

— Вы лічыце, што мы з чымсьці сутыкнуліся? — прыпыніўшыся каля шкла, запытальна зірнуў на яго Зураў.

— На метэарыт як быццам не падобна. Можа, міжзорны пыл? — нясмела выказаў здагадку Віхрын.

— Вы хочаце сказаць, згустак касмічнага пылу? — задуменна вымавіў капітан. — Але тады, чаму яго не заўважылі прыборы? Ды й у выпадку сутыкнення з ім мы б пачулі ўдар. Але ж яго не было.

— Мяне вельмі насцярожвае тая светлая паласа на экране, пра якую згадвала Вольга, — корпаючыся ў грудной схеме Сарторыка, нягучна прамовіў кібернетык. — Ці не здаецца вам, што яна нагадвае струмень часцінак?

— Але іх агульная маса... Яна проста павінна была высвеціцца на экране, — запярэчыў яму Віхрын.

— Я маю на ўвазе бязмасавыя часцінкі, — спакойна заўважыў кібернетык.

— Вы хочаце сказаць, што мы маем справу з якімсьці полем? — зацікаўлена зірнуў я на Лукава.

Кібернетык сцвярджальна кіўнуў.

— З мала знаёмым нам полем, — удакладніў ён. — Ва ўсякім разе іншага тлумачэння гэтаму дзіўнаму здарэнню я пакуль што не знаходжу.

— Але як мы селі на планету? — спытаўся Зураў. — Як я разумею, у той момант з-за страшэннага ціску мы ўсе былі ў непрытомнасці.

— Можа, Сарторык перад тым, як самаадключыцца, актывізаваў тармазныя рухавікі? — нясмела вымавіла Вольга.