Выбрать главу

— Ён не мог. I, увогуле, ніхто з нас не мог гэтага зрабіць, — адарваўшыся ад схемы на грудзях робата, нягучна прамовіў Лукаў. Зачыніўшы з трэскам накрыўку, ён падняў галаву. — Ну вось, здаецца, З Сарторыкам парадак. Застаецца толькі ўключыць.

— Растлумачце сваю думку? — уважліва зірнуў на кібернетыка Зураў.

— Бачыце, справа ў тым, што галоўны рухавік быў пашкоджаны яшчэ на арбіце. Так што ніхто з нас не мог пасадзіць карабель, — спакойна канстатаваўЛукаў.

— Вы хочаце сказаць...

Ад моцнага хвалявання капітан не дагаварыў.

— Так, менавіта гэта, — кіўнуў Лукаў. — Нас пасадзілі. Хто? Я пакуль не ведаю, — паціснуў ён плячыма.

На імгненне ў рубцы ўсталявалася цішыня. Выснова кібернетыка проста збянтэжыла нас. Але іншага тлумачэння нашаму больш чым дзіўнаму паратунку, і сапраўды, не было.

Доўгую паўзу, нарэшце, парушыў Зураў.

— Што ж, тады будзем шукаць нашага таямнічага збавіцеля, — ціха сказаў ён, заклапочана ўзіраючыся ў начную цемру, якая павісла ў ілюмінатары. — Заўтра пачнём даследаванне планеты...

Раздзел трэці КАСМІЧНЫ ВАНДРОЎНІК

1. Занядбаная станцыя

Вольга зірнула на мой незвычайны металічны касцюм і весела ўсміхнулася.

— I вы збіраецеся ўтакім выглядзе з'явіцца перад саксцянамі?

— Ага, толькі ўбачыўшы вас, Андрэй Мікалаевіч, яны адразу ўсе паўцякаюць, — у тон Вользе сказаў Сарторык, які дапамагаў капітану апранаць касцюм.

Я зірнуў у вялікае паўкруглае люстэрка, што было прымацавана да сцяны шлюзавай камеры. I сапраўды, скафандр, які я толькі што на сябе нацягнуў, сядзеў на мне, бы той панцыр на чарапасе. Пасля гэтыя доўгія, як у вожыка, вострыя металічныя іголкі, што «ўпрыгожвалі» рукавы... Хутчэй я быў падобны да нейкага жалезнага робата-ваяра з баевіка ядзернай эры, чым на астранаўта новага веку.

— Нічога, як-небудзь дажывём. Вось толькі б спаткацца з гэтымі мілымі стварэннямі, — паспрабаваў я аджартавацца.

— Га, хіба ж саксцяне такія дурні, каб трапляцца нам на вочы, — не суцішаўся Сарторык. — Глядзі, закапаюцца ў свой прыгожы жоўты пясочак і будуць адтуль, паклаўшы ў рот салодкую жвачку, спакойна назіраць, што робяць тут, на іх цудоўнай планеце, гэтыя пузатыя жалезныя бляшанкі...

— Так, толькі б спаткацца, — ціха ўздыхнуў Лукаў, — бо пасля нашай незвычайнай прыгоды на арбіце як бы нам не давялося праз тыдзень-другі прасіць: «Ратуйце нашы душы», як у той гісторыі з «Аталантай»...

— Усё, сябры, выходзім, — зашпіліўшы апошнюю кнопку на сваім с.кафандры, перапыніў кібернетыка Зураў. — Прашу ўсіх быць за бортам вельмі ўважлівымі і пільнымі. Здаецца, гэтая планета багатая на сюрпрызы...

Зураў, Лукаў, Сарторык зніклі ў зацемненым праходзе, які вёў да малога ўваходнага люка. Мы ж з Вольгай прайшлі ў планеталёт, адзіны спраўны транспарт, што застаўся ў нас пасля злашчаснага здарэння на арбіце, і селі ў зручныя высокія і мяккія крэслы. Нам трэба было чакаць, пакуль капітан і Лукаў возьмуць пробы грунту і паветра, разведаюць мясцовасць вакол зоркалёта. Толькі пасля гэтага мы атрымаем дазвол на вылет.

Вольга выпрасталася ў крэсле, уключыла кандэнсатар і павярнула галаву.

— Скажыце, Андрэй Мікалаевіч, а што будзе, калі мы не знойдзем гэтых нашых загадкавых саксцян? Ці калі, напрыклад, яны не захочуць увайсці з намі ў кантакт?

— Як не захочуць? Тады мы ім лекцыю прачытаем пра міжпланетныя зносіны, — вырашыў я пажартаваць на манер Сарторыка.

Вольга весела зарагатала, і ў яе роце бліснуў паўмесяц маленькіх бялюткіх зубоў.

— Вы думаеце, што яны паслухаюцца?

— А вы хочаце сказаць, што пашлюць нас да чорта ў балота? — усміхнуўся я. — Нічога, як-небудзь растлумачым. Вось толькі б сустрэцца з імі.

— Значыцца, вы ўсё ж мяркуеце, што планета не заселена?. — панура спыталася дзяўчына. — I той зоркалёт, які мы бачылі з арбіты, чарговы касмічны вандроўнік?

Я паціснуў плячыма.

— Навошта гадаць. Хутка пабачым усё на свае вочы. А пакуль запасёмся цярпеннем.

— Запасёмся, — ціха прамовіла Вольга і, бы тое дзіцё, падпёрла рукою галаву. Яе твар зноў зрабіўся задуменны. — Скажыце, Андрэй Мікалаевіч, што гэта за гісторыя з «Аталантай», пра якую гаварыў Пётр Трафімавіч? Я нічога пра яе не чула.

— На жаль, яна вельмі сумная, — паспяшаўся я задаволіць дапытлівасць дзяўчыны. — Яна здарылася яшчэ ў ядзерную эру. Як вы ведаеце, тады чалавецтва толькі распачынала асвойваць той бязмежны акіян цемры, які ахутваў Зямлю. Асвойванне ішло даволі цяжка. Прымітыўная, грувасткая.тэхніка, слабае веданне законаў прыроды, ганарыстае касмічнае мысленне... Усё гэта ламала планы людзей, часта прыводзіла да аварый і нават да буйных катастроф. Але чалавецтва не лічылася са стратамі. Рэсурсы Зямлі былі амаль вычарпаны, набліжаўся небывалы эканамічны крызіс, які абяцаў ператварыцца для зямной цывілізацыі ў калапс. Нашым продкам спатрэбіліся новыя тэрыторыі і крыніцы энергіі, што і прымусіла іх інтэнсіўна асвойваць космас. Экспедыцыя «Аталанта-1» была падрыхтавана для даследавання двух спадарожнікаў зоркі Праксіма Цэнтаўра, адкрытай абсерваторыяй Месяца. Вучоныя меркавалі, што гэтыя не вельмі вялікія цвёрдыя планеты не толькі багатыя на карысныя выкапні, але і прыдатныя для жыцця. Капітанам карабля быў прызначаны лейтэнант Хорст, даволі бязлітасны і строгі чалавек. Трэба зазначыць, з-за спешкі экспедыцыю рыхтавалі дрэнна. Да таго ж людзі тады яшчэ мала што ведалі пра крывізну прасторы і часу, пра тыя незвычайныя дзівосныя гарлавіны, якія яна спараджала. Калі выйшлі за межы арбіты Плутона, зоркалёт трапіў у моцны віхор гравітацыйнага поля. Вырвацца з магутных нябачных рук карабель не здолеў: даслаў Зямлі свой развітальны «S0S» і панёсся ў касмічную прастору, асуджаны вечна вандраваць пасярод бязмежнага мора цемры...