— Як гэта ўсё сумна, — ціха ўздыхнула Вольга, як толькі я змоўк. Яркае блакітнае святло, што раптам заліло памяшканне — адчыніўся ўваходны люк, — прымусіла нас прыжмурьшь вочы. Праз хвіліну мы ўбачылі побач з планеталётам Зурава і Лукава. Няспешна яны падняліся па трапу і селі ў свабодныя крэслы.
— Ну што, курс на Сакст! — весела прамовіў капітан.
— Курс на Сакст! — усміхнулася Вольга, пры гэтым кінула зычлівы позірк на Віхрына і Сарторыка, што стаялі каля пад'ёмніка, застаючыся на зоркалёценесці дзяжурства.
Чырвона-барвовы круг саксцянскага сонца паволі ўставаў з-за гарызонта. У ягоным ярка-вогненным бляску даліна, якая ляжала перад намі, набывала руды колер і ад гэтага здавалася змрочнай і няветлівай.
Наша «Страла» без шуму плыла за дзвесце метраў ад паверхні планеты. Мы яўна прайгравалі ўхуткасці вялікім свінцовым аблокам паблізу гор, якія бачыліся наперадзе бясконцымі міражамі, знікаючы дзесьці на гарызонце. Было зусім ціха: ні гуку, ні шолаху, ніводнага руху пад намі, быццам мы праляталі над царствам цішыні.
— У глебе няма фотасінтэзу, — нягучна прамовіла Вольга, уважліва узіраючыся ў лічбы, што беглі па экране.
— Адсутнічае таксама газаабмен паміж глебай і атмасферай, — змрочна дадаў Лукаў.
— Насычанасць кіслародам — 0,2%. Ціск паветра — чатырнаццаць фунтаў на адну квадратную цалю. Тэмпература каля паверхні +60 градусаў, — вымавіла дзяўчына.
Зураў прысвіснуў.
— Гэта цяпер, раніцай! Што ж будзе апоўдні!
— Тое, што на Зямлі называюць пеклам! — усміхнулася Вольга. — Як добра, што ў нас ёсць ахаладжальнікі.
Па загадзе капітана наш планеталёт павялічыў хуткасць, рэзка ўзвіўся ўгору. Выпаленая бязлітасным сонцам даліна засталася ззаду. Пад намі распасціраўся камяністы хаос рознакаляровых парод пласкагор'я. Грабяні, пікі, зубцы, правільныя конусы, ступеньчатыя діраміды, быццам застылае войска, грувасціліся ўнізе. Паведамленні ад аналізатараў ішлі бесперапынна. На жаль, пакуль нішто не паказвала на прысутнасць на планеце нават прымітыўнага жыцця.
— У пясок яны ўсе закапаліся, ці што? — паспрабаваў пажартаваць Лукаў.наконт саксцян.
— А як жа, па самую галаву. Гэта іх грозны выгляд Андрэя Мікалаевіча так напалохаў, — усміхнулася Вольга, зірнуўшы на мой скафандр.
— Прашу ўвагі. Падлятаем да аб'екта. Пачынаю зніжацца, — строга прамовіў Зураў і крануўся руля вышыні.
Я прынік да ілюмінатара. Унізе пад намі тоўпіліся бурыя зубчастыя горы. Дзесьці адразу за імі ляжала раўніна, пасярод якой знаходзіўся галоўны прадмет нашых пошукаў — чужаземны зоркалёт. Але спачатку мы хацелі наведаць і даследаваць «Аэрон». Нас вельмі непакоілі і трывожылі тыя абставіны, што «Аэрон» не выйшаў учора з намі на сувязь.
— Вунь ён, — радасна ўсклікнула Вольга, як толькі наша «Страла», знізіўшыся, плаўна паплыла над папялістымі горнымі грабянямі.
Мы прыліплі да назіральных шчылін.
— Зусім як насякомае, — скрывіўшыся, нягучна кінуў Лукаў.
З вышыні дзвюх тысяч метраў «Аэрон» і сапраўды здаваўся нязграбным чорным павуком, які прыпыніўся каля стромай скалы, нібы чакаючы сваёй чарговай ахвяры. Абажур ягонага корпуса пераліваўся на сонцы ўсімі колерамі вясёлкі. Доўгія тоўстыя ногі-падпоркі былі крыху разведзены ў бакі, чым узмацнялі падабенства з павуковымі нагамі.
Наша «Страла» слізганула ўніз і паволі апусцілася на камяністае плато, злёгку ўздрыгнула і замёрла. Капітан расчыніў шырэй лабавы ілюмінатар, выключыў рухавікі. Мы знаходзіліся не больш чым за дзесяць ярдаў ад станцыі. Зблізку «Аэрон» выглядаў вялікім чорным волатам у сто пяцьдзесят метраў у дыяметры і вышынёй з дваццаціпавярховы дом. Станцыя здавалася безжыццёвай. На ёй не гарэў ніводзін агеньчык, не свяцілася ніводная назіральная шчыліна. Гэта было даволі дзіўна.