Выбрать главу

— Можа, выйшлі са строю прылады назірання ці якая-небудзь паломка ў блоку сілкавання? — заклапочана прамовіў Лукаў.

— Тады б спрацавалі рэзервовыя аўтаматы, — запярэчыў я.

— Да таго ж усе станцыі гэтага тыпу забяспечаны сонечнымі батарэямі, — панура заўважыў Зураў. — Таму нават выхад са строю рухавікоў не абясточыў бы іх. Тут штосьці іншае.

— Пойдзем паглядзім?— прапанавала Вольга і адчыніла ўваходны люк.

Марудна спусцілася пад'ёмная лесвіца. Мы сышлі па ёй на паверхню планеты, асцярожна рушылі да станцыі. «Аэрон» аніяк не адрэагаваў на наша набліжэнне. Шэсць яго тоўстых лускаватых ног нерухома ўпіраліся ў светла-бурую глебу. З цёмнага металічнага корпуса не паказалася ніводная прылада, на ім не запаліўся нават самы цьмяны агеньчык. Станцыя ўпарта маўчала. Яе вялікія круглыя дзверы, што амаль зліваліся з колерам корпуса, як Зураў ні набіраў шыфр на маленькім перадатчыку, заставаліся шчыльна зачыненыя.

— Маўчаць, — сумна прамовіў ён.

— Вой! — раптам пачуўся ў навушніках вокліч Вольгі. — Зірніце, што тут!

Дзяўчына стаяла ззаду станцыі. Яна ўстрывожана ўзіралася ў абшыўку. Я падышоў да яе і міжволі ўздрыгнуў. Корпус «Аэрона» з гэтага боку быў пакрыты плямістай зялёнай масай. У яго ахоўным слоі, што расплыўся па баках, бы густая смала, зеўрала вялікая дваццаціцалёвая гарызантальная расколіна, быццам па метале прайшліся лазерным разаком.

— Вось нам яшчэ адзін доказ існавання гіпатэтычных саксцян, — нявесела прамовіў Лукаў, які падышоў да нас. — Аказваецца, яны не толькі ўмеюць хавацца ў пясок, але і вельмі дапытлівыя...

— Можа, гэта вынік уздзеяння якіх-небудзь прыродных сіл? — вы-казала здагадку Вольга. — Напрыклад, накшталт нашых шаравых маланак?..

—Ахоўны слой «Аэрона» не раскалолі б нават маланкі Юпітэра, — панура прамовіў Зураў. — Звышмоцны сплаў тэрмаядзерная апрацоўка... Ён здольны вытрымліваць страшэнны ціск і тэмпературу...

Мы збянтэжана пазіралі на змярцвелую станцыю. Хто і з якой мэтай нанёс ёй смяротную рану? Спроба зазірнуць унутр? Але такім вар'яцкім спосабам?

Пільны агляд мясцовасці вакол станцыі, на жаль, нічога нам не даў. Навокал была поўная цішыня. I аніякіх слядоў трагедыі, што тут разыгралася. Магчыма, адгадка хавалася ўнутры «Аэрона». Але трапіць туды без спецыяльнага тэхнічнага абсталявання, якое засталося на зоркалёце, мы не маглі. Таму праз паўгадзіны, яшчэ раз уважліва агледзеўшы наваколле, мы згарнулі пошукі. Наперадзе нас чакала яшчэ адна сустрэча. Мы бераглі сілы...

2. Зорны вандроўнік

Зураў уключыў перадатчык і выклікаў зоркалёт:

— «Полымя», я — «Страла!» «Полымя», як чуеце? .

Мы чакалі адказу некалькі секунд. Нарэшце дынамік кашлянуў, з яго пачуўся меладычны тэнар Віхрына:

— «Страла!» Гаворыць «Полымя». Чую вас цудоўна. У нас усё спакойна.

— Анатоль Паўлавіч, рады вас чуць, — кінуў капітан у мікрафон. — Толькі што закончылі агляд «Аэрона». Вынік агляду дасылаем у банк дадзеных. Цяпер накіроўваемся да аб'екта нумар два. Узмацніце, калі ласка, назіранне за наваколлем. Магчымы сюрпрызы... Голас у дынаміку злёгку ўздрыгнуў:

— Што-небудзь з «Аэрона.м»? З ім нешта здарылася?

Пасля кароткай паўзы Зураў набраў поўныя грудзі паветра і з шумам выпусціў яго.

— Так, ён пашкоджаны. Падрабязнасці — потым...

Капітан выключыў сувязь, з палёгкай уздыхнуў. На зоркалёце ўсё было спакойна. Гэта суцяшала.

Са свайго крэсла я паглядзеў у назіральную шчыліну. Наша «Страла» слізгацела на вышыні чатырыста метраў ад паверхні планеты. Унізе была толькі голая выпаленая зямля, ды барвовыя, распаленыя, як вугалі ў печы, скалы і камяні. Ніводнай прыкметы жыцця, быццам мы праляталі над пустыняй бязводнай, змрочнай, маўклівай.

Чужы зоркалёт, прыкмечаны намі ўчора з арбіты, знаходзіўся намнога далей ад «Аэрона», чым мы спярша меркавалі. Нам давялося вытрымаць яшчэ амаль гадзіну нуднага палёту, перш чым мы ўбачылі карабель. Вялікі, серабрыста-матавы, падпёрты трыма магутнымі стойкамі, ён высіўся гарызантальна каля зубчастага камяністага конуса ў становішчы звычайнай швартоўкі, як быццам толькі што сеў на планету. Узіраючыся ў ягоныя абрысы, мы аслупянелі.