Выбрать главу

— Не можа быць! — вырвалася ў капітана.

Мы пасадзілі свой планеталёт і ўсхвалявана пазіралі на карабель, які стальной гарою ўзвышаўся за дваццаць ярдаў ад нас. Я проста не верыў сваім вачам. Знаёмыя рыбападобныя контуры насавога адсека, шырокая прамавугольная кармавая частка, якая была прарэзана ўнізе чорным цыліндрам, высокі грэбень лакатара. Гэта здавалася неверагодным і немагчымым, але перад намі быў наш зямны зоркалёт! Вельмі стары, часін яшчэ пачатку ядзернай эры, які ўжо даўным-даўно стаў на Зямлі набыткам музеяў.

— Вось нам і яшчэ адзін сюрпрыз! — сумна кінуў Лукаў. — Гэта ж трэба, пераадолець мільярды кіламетраў, каб убачыць свой жа зямны карабель!

— Ці не занадта многа сюрпрызаў для аднаго дня, — змрочна заўважыў Зураў і рушыў да выхаду.

Мы спусціліся па лесвіцы ўслед за капітанам да знойдзенага зоркалёта. Запылены, змрочны, ён, бы тая вялікая егіпецкая статуя, што замёрла пасярод гарачай пустыні, абыякава пазіраў на нас сваімі вялікімі круглымі ілюмінатарамі. Корпус карабля быў пакрыты шэрай лускаватай масай. Тоўсты матавы метал ахоўнага слоя сям-там сцёрся на абшыўцы, з-пад яго зеўраў светла-ружовы сплаў галоўнай праслойкі. Падобна, зоркалёт доўга вандраваў у космасе, перш чым зрабіць тут пасадку. Яго назву, як мы ні ўзіраліся ў карму, прачытаць усё-такі не здолелі. Там, дзе яна калісьці была, цяпер зіхацела блакітным адлівам суцэльная порыстая маса.

— Колькі ж ён падарожнічаў сярод зорак, перш чым спусціцца сюды! — усклікнула Вольга.

— Магчыма, вельмі доўга, — адказаў ёй Зураў. — Зямлю і Сакст падзяляюць дзесяткі светлавых гадоў! Да таго ж такія дапатопныя зоркалёты не перамагалі касмічную прастору, як наша «Полымя», а ламіліся проста праз яе, ледзь дасягаючы паловы хуткасці святла. Таму паміж імі і тымі планетамі, да якіх яны накіроўваліся, паўставалі дзесяцігоддзі падарожжа...

— Як гэта ўсё жахліва! Каб убачыць зблізку адну толькі зорку, людзі павінны былі траціць на дарогу да яе амаль усё сваё жыццё! — прыгнечана прамовіла Вольга.

— Зірніце, што там! — раптам пачуўся ў навушніках трывожны голас Лукава.

Я кінуў позірк туды, куды паказвала рука кібернетыка. У гэтай частцы зоркалёта знаходзіўся жылы адсек. Нямая чорная дзірка, якая зеўрала на вышыні дзесяці цаляў ад зямлі ў корпусе карабля, расчыненыя насцеж дзверы, спушчаны на зямлю капсулападобны пад'ёмнік выглядалі злавесна. Яны сведчылі пра тое, што астранаўты даўно ўжо не карысталіся гэтым уваходам, не ахоўвалі свой маленькі зорны свет ад чужынцаў.

— Здаецца, нас тут не чакаюць, — сумна прамовіла Вольга.

— Падобна на тое, — уздыхнуў я.

Наш капітан павярнуўся тварам да планеталёта і дакрануўся да перадатчыка. Невялічкі, нібы краб, транспарцёр, які выехаў па яго загадзе з грузавога адсека «Стралы», марудна наблізіўся да зоркалёта, працягнуў у яго расчыненую чорную зяпу серабрыстую лесвіцу — Зураў, Вольга і Лукаў ступілі на яе. Тузануўся рычаг пускавога механізма, пачулася тонкае дакучлівае гудзенне матора.

Я ступіў на прыступку лесвіцы, якая плаўна плыла ўгору, і раптам адчуў на сваёй патыліцы чыйсьці позірк — цяжкі, халодны, цікаўны. Мая спіна пад скафандрам пакрылася потам. Я міжволі ўцягнуў галаву ў плечы, бы анямеў ад страху. Здавалася, што стужка лесвіцы ўцякала з-пад маіх ног, я не бачыў яе. Апамятаўшыся, я рэзка павярнуўся. Нікога. Толькі планеталёт ды пясчаная раўніна — голая, безаблічная, неабсяжная, над якой нерухома вісела крывавае саксцянскае сонца. Хіба што толькі ўдалечыні над самай лініяй гарызонту мігцелі дзве маленькія ружовыя кропачкі. Але іх свячэнне было настолькі цьмянае, што неўзабаве растала ў яркіх промнях зоркі. Праз імгненне лесвічная стужка заехала ў поўную цемру. Дзіўнае пачуццё знікла. Я ступіў на цвёрдае металічнае пакрыцце. На шлемах Вольгі і Зурава запаліліся маленькія яркія ліхтары. Люк уваходнага шлюза быў напалову прачынены. Мы ўвайшлі ў галоўны калідор — вузкі, паўкруглы, без аніякіх акенцаў. У нямой цішыні нашы таропкія крокі адгукаліся гучным рэхам. Мы рухаліся вельмі асцярожна. У цемры пераходаў свяціліся толькі фасфарасцыраваныя знакі ды паказальнікі палуб. Дзверы кают і рубак былі расчыненыя, унутры панаваў беспарадак. У нішах кучамі ляжалі пагнутыя бляшанкі, балоны са сціснутым газам, кантэйнеры, зарадныя скрынкі. На падлозе кают карабаціліся пыльнай шматслаёвай плеўкай бура-карычневыя плямы. Дзіўныя нацёкі былі відаць у пераходах, у машыннай зале, быццам па зоркалёце прагулялася нейкая вялікая слізістая пачвара.

Калі павярнулі ў сярэдні тунель, Зураў і Вольга прыпыніліся на парозе вахтавай рубкі. Яркія промні іх ліхтароў пабеглі па шэра-бэзавых дзвярах і праз імгненне ўторкнуліся ў квадратную бронзавую шыльду з блакітнымі літарамі.