— «Полымя», я — «Страла». Адкажыце. Мы на базе. Адчыніце дзверы, — паўтарыў Зураў выклік.
Рубка ўпарта маўчала.
— Што яны там, заснулі? — занепакоена прамовіў Лукаў. Капітан ступіў да камеры вонкавага назірання над дзвярыма, стаў перад ёю так, каб яго выразна бачылі з галоўнага паста. Голас яго амаль перайшоў на крык:
— «Полымя», чаму не сустракаеце? «Полымя», адкажыце! Куды вы там пахаваліся?
Пасаджаны пад серабрыстым люстэркам дынамік нарэшце рыпнуў і засіпеў. З яго пачуўся напалоханы голас Віхрына:
— Што табе яшчэ трэба? Хочаш увайсці? Дык уваходзь. Ты ж можаш праходзіць праз сцяну... Толькі ведай, я цябе больш не баюся. Ты нішто. Ты проста брыдкая, агідная пачвара...
Гэта было падобна на трызненне.
— Што гэта з ім? — здзіўлена павёў брывамі Лукаў. Выслухоўваючы тую несусветную лухту, якую нёс з вахтавай рубкі Віхрын, мы разгублена пераглянуліся. Ён што там, нанюхаўся дурману? I наогул, штб ўнутры карабля робіцца? Навошта яны так моцна забарыкадзіравалі дзверы?
— Анатоль Паўлавіч, гэта я, Зураў. Мы толькі што вярнуліся з пошуку. Адчыніце, калі ласка, уваходны люк, — як мага мякчэй прамовіў капітан.папрасіўшы Вольгу і Лукава падысці бліжэй да камеры, каб з рубкі іх маглі як след разгледзець.
— Гэта вы? — пачулася разгубленае пытанне.
Дынамік на секунду змоўк. Віхрын быццам над чымсьці разважаў, нарэшце, ё'н прамовіў:
— Зараз. Я паспрабую... Дзе жтая чортава кнопка... Але гэта на самай справе вы? — Голас першага пілота зноў задрыжаў.
Я ступіў да камеры, падняў руку. Віхрын яўна быў у стане прастрацыі. Пры размове з ім патрэбны былі асцярожнасць і мяккасць.
— Анатоль Паўлавіч, вы пазнаяце мяне? Гэта я, доктар Зураў. У вас, відаць, было некалькі непрыемных хвілін, але ўсё ўжо скончылася. Расслабцеся. і адчыніце дзверы. Калі б мы былі чужыя, то як вы самі казалі, прайшлі б праз сцяну.
— Лагічна, — стомлена прамовіў дынамік.
Тоўстыя металічныя дзверы ўздрыгнулі і з тонкім меладычным гукам ад'ехалі ўбок. Мы зайшлі ў пад'ёмнік, праехалі ў вахтавую рубку. У ёй панавала паўцемра. Экраны кантролю былі патушаны, аглядны ілюмінатар і назіральныя люстэркі шчыльна зачынены. I толькі на шкалах навігацыйных прылад мігцелі маленькія трывожныя блякла-ружовыя агеньчыкі. Капітан намацаў у цемры ўключальнік. Яркае блакітнае святло заліло рубку.
У глыбіні рубкі Віхрын паўляжаў у крэсле ля экранаў вонкавага назірання. На ягоным твары не было ні крывінкі. Ён не варушыўся. Вольга ступіла да яго. Ад дотыку чужых рук першы пілот уздрыгнуў, як ад удару токам. Расплюшчыў вочы, няўцямна акінуў позіркам рубку.
— Гэта вы? А дзе ж яна?.. — прахрыпеў ён усхвалявана.
Яго позірк спыніўся на ілюмінатары. У выразе твару першага пілота было штосьці дзіўнае. Мы бачылі, яму не пад сілу вымавіць тое, што ён спрабаваў сказаць.
— Хто яна? — асцярожна пацікавіўся я, але маё пытанне засталося без увагі. Вольга з пяшчотай дакранулася рукою да лба спацелага Віхрына.
—Ды вы ўвесь гарыце, Анатоль. У вас гарачка. Вы захварэлі. Давайце, я зраблю вам укол.
Дзяўчына адшпіліла лячэбна-дыягнастычны апарат, паднесла яго да пляча Віхрына, але той адвёў іголку ўбок.
— Не-не, — нервова кінуў ён. — Я не хворы. Гэта было... Спачаткў я адчуў яе позірк, калі правяраў электрычныя ланцугі. Яна нішто... Проста здань... Адны вялізныя брыдкія вочы... Яна ўвайшла сюды, у рубку, праз сцяну. А цяпер яна там, — напужана паказаў Віхрын вачыма на завешаны ілюмінатар.
Зураў уключыў экраны вонкавага агляду. Яны засвяціліся, у люстэрках з'явілася пясчаная раўніна — голая, пустэльная, безаблічная.
— Бачыце, там нікога няма. Вы проста моцна стаміліся. Вам трэба адпачыць, Анатоль, — мякка прамовіла Вольга. — Я паклічу Сарторыка. Ён адвядзе вас у каюту.
Віхрын пэўны час пільна пазіраў у раскрыты ілюмінатар, быццам пераконваўся, што за тоўстым пукатым шклом і сапраўды нікога няма, потым раптам змяк, ціха прамовіў:
— Не трэба клікаць Сарторыка. Я паслаў яго ў машынную залу, пільнаваць рухавікі. Я зайду сам. І сапраўды, мне трэба крыху адпачыць. Было шмат працы...
Пры спробе падняцца з крэсла ён пахіснуўся. Лукаў падтрымаў яго за плечы.
— Усё ж я вас правяду...
Кібернетык пайшоў з Віхрыным да ліфта. Праз імгненне той скрыпнуў, марудна схаваўся ў шахце.
— Здаецца, на гэтай планеце нас чакаюць адны сюрпрызы, — павярнуўшыся да мяне, цяжка ўздыхнуў капітан. — Як вы думаеце, Андрэй Мікалаевіч, ён і сапраўды штосьці бачыў?
Я паціснуў плячыма, бо міжволі ўспомніў сваё нядаўняе адчуванне чужога позірку на спіне, калі падымаўся на «Аталанту».