Выбрать главу

— Цяжка сказаць. Наш мозг падчас здольны спараджаць самыя дзіўныя і вычварныя галюцынацыі. Да таго ж, Віхрын моцна стаміўся. Але нельга выключыць, што ён усё ж нешта бачыў...

Капітан у задуменні прайшоўда ілюмінатара. Было бачна, што мой адказ яго не задаволіў. Але мне не было чаго дадаць да сказанага.

— Аналізы зробім заўтра, — панура вымавіў ён. — Пасля прадоўжым пошукі. Зараз усім адпачываць...

Вольга ступіла да капітана.

— Аляксей Міхайлавіч, вам таксама трэба крыху адпачыць. Тонкая рука дзяўчыны з пяшчотай лягла на плечы Зурава, і я зразумеў што маладыя людзі хочуць застацца адны...

Каля сваёй каюты я нечакана натрапіў на Сарторыка, які падымаўся па лесвіцы з машыннай залы. Убачыў мяне, з'едліва прамовіў, выкідваючы з маленькага круглага рота словы, быццам кулі з кулямёта:

— Га! Андрэй Мікалаевіч! Вы ўжо вярнуліся? Ну як, адшукалі сваіх таямнічых саксцян? Ці яны палічылі за лепшае закапацца ў пясочак і адтуль дружна пасміхацца над сваімі гора-даследчыкамі?

Я ледзь стрымаў свой гнеў Сарторык ва ўсім быў нядрэнны — добры навігатар, інжынер, ахоўнік, служка, але як суразмоўца ён часта быў проста невыносны.

— Няхай сабе закопваюцца. Мы ўсё роўна рана ці позна іх адшукаем, — стрымана вымавіў я. — Клянуся сваімі сівымі валасамі.

Я ўжо збіраўся прайсці ў каюту, як раптам прыйшла думка: «Сарторык таксама ж быў на зоркалёце, калі здарылася загадкавая гісторыя з Віхрыным. Можа, ён штосьці чуў ці бачыў?»

— Паслухай, Сарторык, ты вось што скажы, — хутка спытаў я. — Віхрын куды-небудзь адлучаўся з карабля пасля нашага адлёту?

— Не. Мы правялі з ім некалькі гадзін у машыннай зале, спрабавалі запусціць галоўны рухавік. Але ў нас нічога не атрымалася. Потым ён зачыніўся ў рубцы, а мяне паслаў ахоўваць рухавікі, — шчыра адказаў Сарторык.

— А перад тым, як зачыніцца ў рубцы, ён выглядаў моцна стомленым? — зноў задаў я пытанне.

— Не. Ён быў спакойны і ўпэўнены, — вымавіў Сарторык.

— Аты, выпадкова, якіх-небудзь дзівацтваў на караблі не прыкмячаў? — паставіў я пытанне крыху інакш.

— Якія дзівацтвы? — пацікавіўся Сарторык. — Хіба ў нас на зоркалёце штосьці здарылася?

— Ды не, нічога. Гэта я проста так спытаў, — паспяшаўся я ўхіліцца ад адказу.

Сэнсу працягваць з Сарторыкам размову больш не было. Я пажадаў яму прыемнага маслаіоннага абеду і, прайшоўшы ў каюту, у роздуме прыпыніўся ля стала. Ды што ж усё-такі назіраў Віхрын: міраж, прывід?.. Ці можа блюзніцца так праўдападобна? Можа. Хворы, стомлены мозг здольны стварыць любую ілюзію. У падобных рэчах я разбіраўся — гэта была мая праца. А калі гэта не прывід?.. I Віхрын сапраўды штосьці бачыў?.. Ад апошняй думкі мне стала вусцішна. Бо, як сцвярджае Сарторык, першы пілот быў зусім здаровы. Але наколькі можна давяраць Сарторыку? Ён жа ўсяго толькі машына, і ўся ягоная логіка — гэта логіка белага і чорнага. Вялізная частка свядомасці чалавека проста недаступная для яго ўспрымання.

Не распранаючыся, я прылёг на ложак. I толькі цяпер адчуў страшэнную стомленасць у целе. Патрэбна было звесці ўсе факты ў агульны ланцуг, але я разумеў, што зрабіць гэта сёння ўжо не здолею. Мой мозг быў занадта затарможаны і перанапружаны. Ён адмаўляўся што-небудзь узважваць, аналізаваць, вылічваць.

Я праспаў гадзін з пяць, прапусціў абед, прыход Вольгі. I толькі пад вечар, прыняўшы халодны душ, сеў расчытваць запісы капітана Хорста, якія пераклала і прынесла ў час майго сну Вольга. Уласна, гэта быў яшчэ не сам дзённік, а толькі невялічкі тлумачальны ўступ да яго, даволі бязладны і марнаслоўны. На жаль, ён пакуль не праліваў святла на тыя падзеі, што адбыліся некалі тут, на Саксце. Зрэшты, мяркуйце самі...

4. Дзённік капітана Хорста

Я, лейтэнант касмічнага флота Джэк Хорст, капітан трыццаць шостай зорнай экспедыцыі, звяртаюся да тых, хто знайшоў мае запісы. Ведайце, лёс сыграў з вамі страшэнны жарт, закінуўшы, таксама, як аднойчы і нас, на гэту праклятую шэрую шэльму...

Сёння ЗО лістапада 2051 года, аўторак, ІО гадзін 32 хвіліны... Зрэшты, гэта па нашым карабельным гадзінніку. Жывым з усяго экіпажа застаўся толькі я. Але я ведаю, хутка надыдзе Гмая чарга... Гэта пачвара ўжо ў калідоры... Учора яна забіла Кэт. Я зачыніўся ў лабараторыі. Зусім мала ежы і кіслароду. Падобна на тое, што больш чым суткі мне не пратрымацца. Таму спяшаюся паведаміць вам нашу жахлівую гісторыю, паколькі ўчора бачыў: гэта пачвара знішчыла бартавы сшытак...

Але спярша заклінаю: калі ў вас ёсць хоць самая малая магчымасць, уцякайце з гэтай страшнай планеты! Зараз жа! Неадкладна! Не марудзьце і секунды!.. Інакш з вамі здарыцца непапраўнае... Зрэшты, усе нашы зямныя кашмары ў параўнанні з гэтым — проста нішто!..