Але пра ўсё па парадку. I перш за ўсё пра тое, як я стаў удзельнікам гэтай бязглуздай вар'яцкай касмічнай экспедыцыі...
Здарылася гэта роўна два гады таму. Трэба сказаць, тады, нібы стары, прыбіты хвалямі да берага карабель, я трывала сядзеў на мелі. У кішэні ў мяне не было ні цэнта. Увесь мой капітал, больш за два мільёны долараў, які я назапасіў за пятнаццаць гадоў касмічнага бадзяння і які неабачліва ўклаў у адну гандлёвую фірму, як той казаў, бы ў ваду кануў. Па прылёце з Марса на Зямлю я знайшоў тую фірму збанкручанай, а разам з ёю і сябе. Настрой у мяне быў, вядома ж, самы паганы. Я нудзіўся ў сваёй двухспальнай кватэры ў Вашынгтоне і з глыбокім жалем думаў пра адпачынак на цёплым аксамітавым беразе Карыбаў, якому ўжо не суджана было адбыцца, злаваўся на гэты шалёны сучасны свет, у якім у адно імгненне можна стаць жабраком... У такім вельмі дрэнным настроі мяне і заспеў дома містэр Дзёрг, агент Сусветнага касмічнага астрафлоту. Ён быў у чорным касцюме, які ў абліпку сядзеў на яго мажным целе, у белых пальчатках і квяцістай кашулі. Маленькія з'едлівыя вочы, што заплылі ад тлушчу, пільна прабегліся па крэсле-круцёлцы, у якой я напаўляжаў, закінуўшы нагу за нагу, потым на імгненне позірк прыпыніўся на бутэльцы рому, што стаяла з краю невялічкага пісьмовага стала.
— Рады вас бачыць, містэр Хорст, цэлым і здаровым, — зычліва вымавіў ён, амаль не адкрываючы рота. — Бачу, вы вырашылі крыху расслабіцца... Што ж, на тое ён і адпачынак...
Я ледзь не абурыўся, пазіраючы проста ў вочы гэтаму трыбухатаму прайдзісвету, які стаяў насупраць стала. Ці не верх нахабства пачынаць размову, наступаючы на балючы мазоль? Які тут адгіачынак, які там добры настрой, калі ты голы і пусты, як той выпатрашаны індык. Але ўсё ж я стрымаў свой гнеў, хаця і не прамінуў з'едліва прамовіць:
— Я таксама рады вас бачыць, містэр Зорны турэмшчык. Ну, з чым завіталі ў госці на гэты раз?
Пасланец па маю душу кісла ўсміхнуўся і сеў у свабоднае крэсла.
— Чаму турэмшчык, містэр Хорст? Сябар і шчыры прыхільнік вашага .навігатарскага таленту...
— Ну, і што вы хочаце мне сёння ўзычыць, містэр Сябар? Ці не энную колькасць гадоў зняволення на якой-небудзь спарахнелай касмічнай бляшанцы? — вымавіў я іранічна.
Пра касмічнае прыватнае агенцтва, якое зараз прадстаўляў гэты тоўсты пыхлівы гусак з вялікім тлустым носам і маленькімі ружовымі вушамі, я чуў даволі шмат. Яно займалася распрацоўкай і ажыццяўленнем далёкіх касмічных палётаў якія былі не толькі вельмі рызыкоўныя і небяспечныя, але нават часта і авантурныя. Таму кожны астранаўт, які хоць крыху паважаў сябе, лічыў за лепшае не мець з ім аніякіх спраў. У любы іншы момант я, не раздумваючы, выгнаў бы гэтага прайдзісвета за дзверы, але сёння, калі ў мяне ў кішэні зеўрала вялікая чорная дзірка, я быў згодны выслухаць нават і чорта.
Зорны вярбоўшчык, перасмыкнуўшыся, уважліва зірнуў на мяне.
— Мы хочам прапанаваць вам вельмі незвычайнае падарожжа, містэр Хорст. — нягучна заявіў ён, бо, відаць, вырашыў са мною больш не цырымоніцца і адразу перайсці да справы. Рыба, як той казаў, ужо на кручку. — Вы ж пэўна ведаеце пра гаротны стан нашай Зямлі. Карысныя выкапні яе на зыходзе. Нашай цывілізацыі пагражае калапс. Толькі смелыя ідэі і адважныя людзі здольныя ёй дапамагчы. Вы, безумоўна, чулі пра нядаўнія адкрыцці ў Альфы Цэнтаўры двух спадарожнікаў?
Я сцвярджальна кіўнуў галавою. Планеты, якія назваў лавец касмічных душаў, былі адкрыты абсерваторыяй Месяца. Яны належалі да зямной фупы і пакуль былі мала вывучаныя.
—Дык вось, — працягнуў зорны агент, — многія вучоныя мяркуюць, што тыя планеты не толькі вельмі багатыя на карысныя выкапні, але і нават прыгодныя для жыцця. Мы хочам высветліць, ці праўда гэта? I больш вартага чалавека, чым вы, на пасаду капітана экспедыцыі мы не бачым, містэр Хорст. Безумоўна, усякая праца павінна аплачвацца. Мы ведаем — вы маеце цяпер пэўныя матэрыяльныя цяжкасці...
Мяне злёгку перасмыкнула. Д'ябал, гэта ён пра мае грошы, якія загадалі доўга жыць. Зразумела, ёсць цяжкасці, інакш ці стаў бы я весці з табою размову, свінячы лыч... Я ў думках вылаяўся, паслаў зорнага вярбоўшчыка туды, куды толькі было магчыма.
Ён жа дагаворваў:
— Мы прапануем вам два мільёны. Згадзіцеся, гэта вельмі значная сума...
Я к толькі містэр Дзёрг змоўк, я ў роздуме ўтаропіўся на столь. Так я і ведаў: мне прапаноўвалі чыстую авантуру. Ляцець за блізкі свет — туды, дзе яшчэ ніколі не ступала нага чалавека. Доўгія гады добраахвотнага зняволення ў металічнай дамавіне. Але выбару ў мяне не было. Адмовіцца і гібець на Зямлі? Не, лепш гэтая ссылка...