Узняўшыся з крэсла, я дацягнуўся рукою да бутэлькі, што стаяла на стале, адкаркаваў яе, наліў ром у келіх і залпам выпіў. Потым перавёў позірк на зорнага агента, які ўважліва сачыў за мною.
— Два мільёны цяпер і яшчэ тры — адразу пасля майго вяртання на Зямлю, містэр зорны Сябар, ды трохмесячны адпачынак на аксамітавым беразе Карыбаў, каб паправіць здароўе, — нарэшце ціха вымавіў я.
Я мог бы прадаць сябе і даражэй. Гэты тупы фанабэрысты гусак, што сядзеў насупраць мяне, пагадзіўся б на любую маю прапанову, я ніколькі не сумняваўся ў гэтым. Таму што на сённяшні дзень на Зямлі былі толькі два навігатары, якія ляталі за арбіту Сатурна, — Нік Бён і я. Усе астатнія знаходзіліся ў палётах. Але мне было на ўсё начхаць. Калі, канечне, пашанцуе вярнуцца з бязглуздай вандроўкі, мне хопіць тады і паловы тых грошай, што я папрасіў, каб заможна і бесклапотна дажыць на Зямлі свой век... Містэр Зорны турэмшчык кіўнуў галавою.
— Мы прымаем вашы ўмовы.
— I яшчэ, — хутка дадаў я, прымусіўшы свайго суразмоўцу насцярожыцца, — хто складзе мне кампанію ў гэтым незвычайным падарожжы?
— Вы іх наўрад ці ведаеце, — пачуўся хуткі адказ. — Гэта містэры Стывен, Нарсан, Мотсан і міс Бланш. Хачу вас запэўніць: гэта вельмі смелыя людзі.
Я абыякава ўздыхнуў. Містэр Тоўсты нос казаў праўду. Я нікога не ведаў з гэтых л юдзей.
— Пагадненне, калі вы не супраць, падпішам заўтра, — дадаў Дзёрг і падхапіўся з крэсла.
Ледзь толькі ён развітаўся і схаваўся за дзвярыма пакоя, я, дацягнуўшыся да невялікага камп'ютэра, што стаяў на стале, таропка набраў на клавіятуры тыя імёны, якія пералічыў хвіліну таму зорны агент. Не прайшло і некалькі секунд, як на экране з банка дадзеных, зменьваючы адзін аднаго, марудна паплылі запісы:
«Містэр Майкл Стывен... 42 гады, рост 185 см... Бастонская астрафізічная акадэмія, год заканчэння — 2033-ці... Апошняе месца працы — Марсіянская патрульная служба... Звольнены чатыры месяцы таму за прыхільнасць да спіртных напояў і азартных гульняў...
Містэр Нік Нарсан... 35 гадоў, рост 177см... Ныофаўндлендскаялётная школа — 2037 год. Пілот-атамшчык другога класа... Разведзены... 16 касмічных палётаў... Браў удзел у забароненай ААН расісцкай партыі «Зямля для белых»... Апошняе месца працы — Касмічнае пасажырскае агенцтва... Звольнены тры месяцы таму за адмову пілатаваць карабель з афрыканскімі рабочымі на борце...
Містэр Гары Мопсан... 34 гады, рост 178 см... Еўрапейская астрафізічная акадэмія, год заканчэння — 2038-мы. Астрабіёлаг першага класа... Халасты... 10 касмічных палётаў... Апошняе месца працы — Еўрапейскае патрульнае космаагенцтва... Звольнены па стану здароўя. Прайшоў курс псіхатэрапіі...
Міс Кэт Бланш... Бландзінка... 25 гадоў, 168 см... Вышэйшыя курсы касмічныхсцюардэс... Медыцынскі каледж... Урач-сцюардэса трэцяга класа... 4 касмічныя палёты... Міс Космасцюардэса Венеры. Апошняе месца службы — Марсіянскі ваенны флот... Звольнена па скарачэнні штатаў...»
У абурэнні я выключыў камп'ютэр. Так і ведаў: кампанія, з якой мне неўзабаве давядзецца зрабіць вялікі зорны шпацыр, і сапраўды выглядала сумніўна.. П'яніца-інжынер, заўзяты расіст, вучоны дурань і пыхлівая, самаўлюбёная гуска! Вясёленькае будзе з імі падарожжа! Балазе, што хоць не ўручылі зусім жаўтаротых юнакоў!
Адкінуўшыся ў крэсле, я некалькі хвілін тупа пазіраў у акно. Вылічваць і разважаць над тым, хто менавіта з гэтай чацвёркі — тайны агент фірмы, якому даручылі сачыць за мною, цяпер мне не хацелася. А ў тым, што ён сярод іх ёсць, я не сумняваўся. Бо занадта хутка і лёгка зорны вярбоўшчык згадзіўся з названай мною сумай... Ці не ад таго ён гэта зрабіў, што быў проста ўпэўнены: я не вярнуся з зорнай вандроўкі. назад на Зямлю? Не, глыбокапаважаны сэр Дзёрг, так лёгка вам мяне не адолець. Я яшчэ пагуляю з вашым горанаглядчыкам, як бы вы яго моцна і надзейна не загрыміравалі... Для гэтага ў мяне будзе час...
Я дапіў ром, узяў з паліцы дзённік і зрабіў у ім першы запіс:
«30 лістапада 2049 года...
Настрой проста паганы. У кішэні ні цэнта. Фірма, у якой я змяшчаў усе свае зберажэнні, згалела, а разам з ёю я. Прыходзіў містэр Дзёрг. Пагаманілі вельмі міла... Даў згоду ляцець ліха яго ведае куды і навошта... Што з усяго гэтага выйдзе, і ці вярнуся калі-небудзь на Зямлю? Падобна, гэта ведае толькі адзін Бог...»
Раздзел чацвёрты НЯБАЧНАЯ ЗДАНЬ
1. У палоне камянктай планеты
Увесь наступны дзень мы займаліся апрацоўкай і аналізам тых дадзеных, што здабылі на «Аталанце». Вечарам усе, акрамя Віхрына, якому капітан пакуль прадпісаў пасцельны рэжым, сустрэліся ў кают-кампаніі. Настрай, трэба сказаць, у кожнага з нас быў не самы лепшы. Знявечаны «Аэрон», змярцвелая, пакінутая экіпажам «Аталанта», да таго ж невядома якімі вятрамі закінутая сюды, на Сакст, сапсаваны наш асабісты зоркалёт, ягонае дзіўнае выратаванне, загадкавае здарэнне з Віхрыным... На жаль, мы не знаходзілі пакуль тлумачэння ўсім гэтым больш чым таямнічым падзеям.