Калідор, які аказаўся за люкам і вёў унутр станцыі, быў даволі вузкі — у ім наўрад ці размінуліся б два чалавекі. Зігзагападобныўздым абцяжарваў хаду. Мы падымаліся ўгору цугам. Капітан ішоў першы, пільна аглядаючы дарогу. За ім рухаліся Лукаў і Вольга. Я ж замыкаў шэсце. Нідзе не свяціўся ніводны агеньчык, не мігцела ні адна шкала на прыборах. Маўчанне чорнага волата прыгнятала.
Быў поўдзень, калі мы дасягнулі верхняга яруса. У ім калідор пашырыўся, цягнуўся паралельна зямлі. Не прайшло і пяці хвілін, як мы, нырнуўшы ўневялічкі зацемнены праход, апынуліся ля кібернетычнага цэнтра. Той быў адчынены. Люк, які некалі шчыльна зачыняў уваход, ледзь трымаўся на завесах. Ен быў пагнуты і аплаўлены. Мы асцярожна зайшлі ўнутр цыгарападобнага памяшкання. Наватбеглага позіркухапіла, каб зразумець, што нашым спадзяванням зняць з памяці электроннага мозга «Аэрона» запісы не суджана здзейсніцца. Вылічальнага цэнтра проста не існавала. Ягонае дно працінала вузкая доўгая расколіна. На абодва бакі ад яе грувасціліся кучы аплаўленага металу і чорных апаленых правадоў. Некалі дасканалыя і дакладныя прылады, што стаялі ўздоўж сцен, цяпер, пагнутыя і сапсаваныя, злавесна пазіралі на нас сваімі пустымі патрэсканымі люстэркамі. Мы моўчкі глядзелі на змярцвелы мозг станцыі. Якія таямнічыя сілы прымусілі яго назаўсёды замоўкнуць? Хто і навошта нанёс смяротны ўдар у самае сэрца «Аэрона»?
— Пойдзем, — парушыў цішыню сумны голас капітана. — Трэба агледзець лабараторыю. Можа, там штосьці ацалела?
Мы вярнуліся ў калідор. Вылічальны цэнтр і лабараторыю раздзялялі два сярэднія ярусы. Таму нам давялося даволі доўга блукаць па зацемненых тунёлях, якія то зварочвалі ў бакі, то падымаліся і апускаліся, перш чым мы апынуліся ў кармавым адсеку. Промні нашых ліхтароў ледзь прабівалі апраметную цемру шырокага паўкруглага калідора. Зураў прасоўваўся каля сцяны, намацваючы яе рукою. Нарэшце ён знайшоў тое, што шукаў — дзверы вышынёю ў чалавечы рост, зачыненыя так шчыльна, што прыкмеціць іх можна было толькі па мудрагелістым геаметрычным малюнку на паверхні. Капітан паднёс да металу малюпасенькі акумулятар, абвёў ім контуры малюнка. Праз секунду пачуўся ледзь чутны піск. Дзверы ўздрыгнулі і ад'ехалі ўбок. Капітан ступіў у праход, павялічыў магутнасць свайго ліхтара. Яркае святло заліло прастору: нам адкрылася вялікае, метраў з сорак ушыркі, памяшканне ў форме куба. Я ўсхвалявана прабег вачыма па шматлікіх кабінах і напаўняльніках, якія месціліся ў дзве шарэнгі ўздоўж сцен, з палёгкай уздыхнуў. Лабараторыя была цэлая. Мы ішлі марудна ўздоўж герметычных кабін. На кожнай з іх былі прымацаваны шыльды: «Раўнінны грунт», «Горная парода», «Нізінны грунт»... Шкляныя колбы і прабіркі ўнутры кабін былі напоўненыя рэчывам.
Я перайшоў услед за капітанам да супрацьлеглай сцяны. Тут знаходзіліся пробы паветра планеты, якія былі ўзятыя на рознай вышыні. Адразу за імі пачынаўся раздзел: «Флора і фауна». Ягоныя капсулы і напаўняльнікі былі пустыя.
— Як бачыце, і «Аэрон» не адшукаў тут аніякага жыцця, нават самага прымітыўнага, — павярнуўшыся да мяне тварам, ціха кінуў Зураў.
— Таму і атрымаў удар у самае сэрца, — сумна заўважыў я. Капітан цяжка ўздыхнуў.
— Трэба забраць адсюль усе пробы і даставіць іх на «Полымя», — сказаў ён.
— Гляньце, што тут! — раптам пачуўся ў навушніках трывожны вокліч Вольгі.
Мы з капітанам таропка рушылі туды, дзе стаяла дзяўчына.
На шырокай металічнай панелі высокага паўкруглага шлюза, які цягнуўся ў глыбіню памяшкання, высвечваўся надпіс: «Нераспазнаныя аб'екты». Вольга стаяла ля прасторнай кабіны. Усярэдзіне за тоўстым ахоўным шклом быў відаць шарападобны металічны прадмет. Метраў чатыры-пяць у папярочніку, ён вісеў у паветры нерухома без усялякай апоры. Паверхня аб'екта свяцілася цьмяным срэбрам, ягоны корпус пакрываў цвёрды роўны слой. Мы ўсхвалявана пераглянуліся. Перад намі, безумоўна, быў штучны прадмет. Як не выклікала сумненняў і тое, што падабрала яго станцыя ўжо тут, на Саксце.
— Вось нам іяшчэ адзін доказ існавання загадкавых саксцян, — ціха сказаў Лукаў, які падышоў да нас.
— Паспрабуем перацягнуць на планеталёт, — не зводзячы вачэй з загадкавай знаходкі, прамовіў капітан. — Даследаванне яго зробім на базе...
Каб мы толькі ведалі тады, якую «цацку» прывязём на свой зоркалёт...
3. Таямнічае знікненне Сарторыка
Гарачае саксцянскае сонца ўжо завісла над гарызонтам, калі мы, разрэзаўшы разаком дно лабараторыі, усё тое, што змяшчалася ў ёй, перацягнулі на планеталёт. Дацягнуўшыся да серабрыстага пульта, капітан уключыў рухавікі. Наша «Страла» плаўна адарвалася ад грунту, узляцела ўгору. Ледзь толькі яна бязгучна паплыла над пясчанай раўнінай, Зураў схіліўся над перадатчыкам, выклікаў зоркалёт: