Выбрать главу

— «Полымя», я — «Страла». Мы вяртаемся на базу. «Полымя», адкажыце?

Мы напружана ўслухоўваліся ўмернае скрыпенне дынаміка. Нарэшце, ён чыхнуў.

— «Страла», я — «Полымя». Мы гатовы вас прыняць на борт, — пачуўся з гукаўзмацняльніка ціхі голас Віхрына.

Зураў з палёгкай уздыхнуў і сказаў у мікрафон:

— Анатоль Паўлавіч, мы вас чуем. Няхай Сарторык падрыхтуе вакуумную камеру. Ёсць адна цікавая знаходка.

Дынамік кашлянуў:

— Адну хвіліну. Я звяжуся з Сарторыкам. Я паслаў яго агледзець абшыўку.

Віхрын некалькі хвілін упарта маўчаў, потым усхвалявана прамовіў:

— «Страла», мы не можам пакуль падрыхтаваць для вас камеру. Сарторык... З ім штосьці дзіўнае... Ён не адказвае на мае запыты. Я не бачу яго таксама на экранах вонкавага кантролю. Няма нават кароткіх імпульсаў. Адчыняю для вас галоўны шлюз. Хутчэй вяртайцеся.

— Анатоль Паўлавіч, мы хутка будзем. Пакуль не рабіце ніякіх захадаў, — хутка кінуў у мікрафон капітан. — Пашукаем Сарторыка па прылёце.

Зураў выключыў сувязь. Мы моўчкі пераглянуліся. Толькі не хапала нам у дадатак да ўсяго гісторыі з Сарторыкам.

— Можа, кудысьці адышоўся ад зоркалёта? — няпэўна разважала Вольга.

— Вы думаеце пра Сарторыка, як быццам ён адзін з нас, — запярэчыў дзяўчыне кібернетык. — А ён — толькі камп'ютэрная машына, у якую закладзена праграма. Акрамя таго, лакатары ўбачылі б Сарторыка на адлегласці ў некалькі дзесяткаў міляў. Тут штосьці іншае.

Мы заспяшаліся на базу, павялічыўшы хуткасць планеталёта. Знікненне Сарторыка насцярожвала нас.

Не прайшло і дзесяці хвілін, як, імкліва слізгануўшы ўніз, наша «Страла» прышвартавалася да зоркалёта. Капітан тут жа выклікаў рубку:

— «Полымя», я — «Страла». Мы на борце. Ёсць якія-небудзь навіны пра Сарторыка?

— Пакуль няма, — млява прамовіў дынамік. — Я па-ранейшаму не назіраю яго на экранах. Хаця, пачакайце-пачакайце... На сярэднім штосьці заварушылася. Так, невялічкія кропкавыя ўспышкі ў кармавым адсеку... Зараз я навяду рэзкасць. Верхняя палуба, дапаможны шлюз... Сігналы ідуць менавіта адтуль. Але яны вельмі слабыя...

— Анатоль Паўлавіч, не губляйце Сарторыка з вачэй, — коратка загадаў капітан. — Мы зараз падымемся туды.

Спусціўшыся з планеталёта на падлогу шлюза, Зураў ступіў на стужку эскалатара, якая бязгучна плыла ўгору. Мы з Лукавым рушылі за капітанам. Сцішанасць, перарывістасць сігналаў ад Сарторыка гаварылі пра тое, што ё'н цярпеў бедства. I нам патрэбна было спяшацца. Зняўшы з сябе ў пераходнай камеры скафандры, мы прайшлі ў галоўны калідор. Крыты шкляны ліфт даставіў нас на верхнюю палубу. У дапаможным шлюзе панавала цемра. Зураў запаліў ручны ліхтар. Ступіўшы да вялікага круглага люка, ён уважліва абмацаў яго рукамі.

— Разгерметызацыі адсека няма, — суха канстатаваў ён. Мы перавялі позіркі ў глыбіню шлюза.

Сарторык ляжаў крокаў за восем ад нас, прытуліўшыся маленькай галавою да сцяны. Ён быў нерухомы, ягоныя вялікія шкляныя вочы не свяціліся зусім. Наблізіўшыся да Сарторыка, я абвёў ліхтаром ягонае тулава і міжволі ўздрыгнуў. Тонкая металічная абшыўка на грудзях была разрэзана паралёльна рукам, быццам па ёй прайшліся лазерным промнем. З-пад яе вытыркаліся металічныя вантробы робата.

— Можа, гэта ўдар якіх-небудзь прыродных электрычных сіл? — выказаў я здагадку.

— Непадобна. Здаецца, канструкцыяй нашага Сарторыка хтосьці зацікавіўся, — сумна ўздыхнуў Лукаў.

– Хацеў бы я ведаць? — задуменна прамовіў капітан.

У ілюмінатары ўжо была чарнільная цемра, калі, даставіўшы Сарторыка ў тэхнічную лабараторыю, я прайшоў у сваю каюту і стомлена апусціўся ў крэсла. Насоўвалася саксцянская ноч: доўгая, халодная, змрочная. Я зірнуў на гадзіннік. Была палова дзесятай.

Я падсунуў да сябе аркуш паперы, які ляжаў на стале, паспрабаваў спалучыць у ланцуг усе тыя падзеі, якія здарыліся на Саксце і якім пакуль мы не знаходзілі тлумачэння. Я выпісаў іх у слупок у тым парадку, як яны адбываліся. Карціна атрымлівалася даволі цікавая:

«Загадкавае з'яўленне «Аталанты» і знікненне яе экіпажа...

Дзіўныя радыеімпульсы, якія зафіксаваў «Аэрон» адразу пасля сваёй пасадкі на Сакст і пачатку даследавання гэтай планеты... Пашкоджанне станцыі за некалькі тыдняў да нашага прылёту невядомай прамянёвай зброяй...

Таямнічая аварыя на арбіце нашага зоркалёта і яго не менш загадкавае выратаванне...

Дзіўныя «паводзіны» Віхрына...

Асабістае «няўтульнае» адчуванне чужога позірку...

Незвычайная знаходка Вольгі на «Аэроне»...

I нарэшце — гэта сённяшняе таямнічае здарэнне з Сарторыкам...»

Паслядоўнасць усіх гэтых падзей выглядала не выпадковай. Несумненна, за ёю штосьці хавалася. Але што? Я адчуваў, ключ да разгадкі быў дзесьці зусім блізка. Не хапала толькі нейкага малюпасенькага звяна ці танюткай мазаікі. Але дзе схавана тое звяно? У знаходцы Вольгі? Унутры «Аталанты», «Аэрона»? Дзе?

Я ў роздуме павярнуў галаву і ўздрыгнуў. У шырокім прамавугольным люстэрку, што вісела на сцяне, была відаць частка каюты. Там штосьці варушылася. Я ўскочыў на ногі, але тут жа зразумеў: гэта маё асабістае адлюстраванне.

Я сеў у крэсла, стомлена зірнуў на свежыя старонкі запісаў капітана Хорста, якія ляжалі ў канцы стала. Іх пераклала і прынесла мне Вольга яшчэ да сённяшняга адлёту з карабля. Магчыма, разгадка хавалася ў іх. Але чытаць і аналізаваць дзённік у мяне ўжо не было сілы. Мае вочы зліпаліся, стомленасць валіла з ног... Я прайшоў да ложка, не распранаючыся прылёг.

Да запісаў звярнуўся толькі раніцай...