Таямнічая аварыя на арбіце нашага зоркалёта і яго не менш загадкавае выратаванне...
Дзіўныя «паводзіны» Віхрына...
Асабістае «няўтульнае» адчуванне чужога позірку...
Незвычайная знаходка Вольгі на «Аэроне»...
I нарэшце — гэта сённяшняе таямнічае здарэнне з Сарторыкам...»
Паслядоўнасць усіх гэтых падзей выглядала не выпадковай. Несумненна, за ёю штосьці хавалася. Але што? Я адчуваў, ключ да разгадкі быў дзесьці зусім блізка. Не хапала толькі нейкага малюпасенькага звяна ці танюткай мазаікі. Але дзе схавана тое звяно? У знаходцы Вольгі? Унутры «Аталанты», «Аэрона»? Дзе?
Я ў роздуме павярнуў галаву і ўздрыгнуў. У шырокім прамавугольным люстэрку, што вісела на сцяне, была відаць частка каюты. Там штосьці варушылася. Я ўскочыў на ногі, але тут жа зразумеў: гэта маё асабістае адлюстраванне.
Я сеў у крэсла, стомлена зірнуў на свежыя старонкі запісаў капітана Хорста, якія ляжалі ў канцы стала. Іх пераклала і прынесла мне Вольга яшчэ да сённяшняга адлёту з карабля. Магчыма, разгадка хавалася ў іх. Але чытаць і аналізаваць дзённік у мяне ўжо не было сілы. Мае вочы зліпаліся, стомленасць валіла з ног... Я прайшоў да ложка, не распранаючыся прылёг.
Да запісаў звярнуўся толькі раніцай...
4. Дзённік капітана Хорста
12 снежня 2049 года. Мыс Надзеі. Каемадром Ёрка: 10 гадзін 42 хвіліны...
Наша «Аталанта», названая так у гонар знакамітай грэчаскай паляўнічай, застыла ў перадстартавым чаканні. За ілюмінатарам — урачыстая цырымонія. Нейкі цыбаты пыхлівы гусак у зялёным касцюме з фірмы, што нас завербавала, чытае прамову. Па левым борце грае духавы аркестр. Нехрысці! Мы яшчэ не паляцелі, а яны ставяць ужо на нас крыж, дакладней — на мне. Не, высокапаважаныя сэры! Я так проста не здамся! Я абавязкова знайду вашага наёмнага забойцу, як бы вы яго добра не загрыміравалі. I тады мы яшчэ пабачым, хто з нас ёсць котка, а хто мышка...
Нарэшце загад на ўзлёт. Наша маладая «бабулька» стартавала так, што ў мяне перахапіла дыханне — проста прыціснула ўсяго да крэсла... Гэты чортаў апівон Стывен утапіў рычаг пуску на поўную шпульку...
13 гадзін 23 хвіліны...
Падаўся нарэшце ўперад і нават змог пашавяліць рукою. Мы прашылі атмасферу Зямлі. Стывен робіць паварот... Здаецца, усё абышлося. Мы ляглі на курс дакладна. Падобна, што Майкл ужо ачомаўся. Праз чатыры хвіліны ўключыцца трэцяя ступень, і рух рэзка паскорыцца. Трэба падрыхтавацца да перагрузкі...
12 лютага 2050 года... 14 гадзін 26 хвілін...
Перасяклі арбіту Марса... Хуткасць амаль гранічная. Усе сістэмы карабля працуюць зладжана. За імі назірае Нік. I пакуль, стукаю пальцам па дрэву, ніводнага збою... Побач са мною ў крэсле сядзіць Гары. Худы, тонкі, як трэска, з ссунутымі на лоб акулярамі і няголеным прышчатым тварам, ён нагадвае гароднае пудзіла. Відаць, усе вучоныя крыхудзівакі. Гары не выключэнне. Бы тое малое дзіця, прынік да ілюмінатара і не зводзіць з зорак вачэй. Быццам бачыць іх упершыню...
Кэт падала гарбату. Яна проста чараўніца! Мілы тварык, пышныя бялявыя валасы, доўгія стройныя ногі... Нездарма ж яе назвалі міс Венера!.. Я б не адмовіўся правесці з ёю уік-энд...
Ад кампліменту наконт свайго хараства жанчына проста расцвіла ў чароўнай усмешцы. Цікава, ці можа Кэт быць агентам? Не, як быццам на тое не падобна. Але ўсё ж такі трэба быць з ёю пільным. Жаночая прыгажосць — зброя безадказная...
ЗО красавіка...
У палёце ўжо амаль 5 месяцаў. Набліжаемся да Юпітэра. Перайшлі на пазменнае дзяжурства. Цяпер нясе вахту Майкл. Тры дні таму я абшукаў ягоную каюту і знайшоў... аж цэлыя тры скрынкі рому! Усё выкінуў у бязважкасць. Цяпер Стывен маўклівы і пануры, але затое цвярозы...
Пасля абеду зазірнуўда Ніка. Уся ягоная каюта ў лозунгах. Не жылы пакой, а нейкі агітацыйны цэнтр! «Зямля для белых!», «Уратуем свет ад чорнай чумы!» — усе сцены завешаны падобнай лухтою. Я паспрабаваў з Нікам пагаварыць, але ў адказ пачуў палкую расісцкую прадмову. Не, ён проста псіхастэнік. Такіх трэба абыходзіць за вярсту...
Ці, можа, гэта ўсё толькі шыльда, прыгожая уніформа для агента? У любым выпадку з Нікам трымаць вуха трэба востра...
12 траўня...
Позні вечар па нашым карабельным гадзінніку... Але спаць зусім не хочацца...
Учора змяніўся з вахты, прыняў душ, разгладзіў ложак, і раптам стук у дзверы. Адчыняю — на парозе Кэт. У доўгай празрыстай блакітнай сукенцы, у руках паднос, на твары мілая чароўная ўсмешка...
— Хочаце кавы, капітан...
Што ж, рана ці позна гэта павінна было здарыцца... Потым у ложку я спытаўся ў Кэт:
— Чаму ты прыйшла да мяне?