— Чаму-чаму, — загадкава ўсміхнуўшыся, яна, бы котка, пацерлася аб мой бок. — Ты іншы... Не такі, як гэтыя тупіцы Нік і Майкл. Ты дужы і разумны...
— Ты хочаш сказаць, — млява прамовіў я, — што я табе падабаюся?
— Не ведаю, можа, — Кэт пяшчотна правяла пальцамі па маёй шчацэ. Усё вы, мужчыны, хочаце ведаць...
Раніцай мы разам з Кэт, Гары і Майклам, як нічога не было, пілі гарбату...
Ці не паўторыцца ўсё з Кэт і сённяшняй ноччу?
I ўсё ж, чаму яна выбрала менавіта мяне? Таму што я і сапраўды ёй спадабаўся? Ці, можа, яна хоча проста ўцерціся ў давер'е? I ці не прыгрэю я на сваіх грудзях падкалодную гадзюку? Хто ведае... Бойся данайцаў, што дарункі прыносяць, так, здаецца, казалі ў старажытнасці.
Хто ж усё-такі з іх твой будучы кат: Нік, Кэт, Гары, Майкл? Хто?.. Стой!.. Зноў стук у дзверы. Здаецца, гэта Кэт...
17 кастрычніка...
Прайшлі арбіту Плутона. Далей амаль неспазнаны шлях. Увесь дзень прасядзеў у рубцы, доўга і ўпарта вывяраў курс па зорнай карце. Падобна, мы крыху ад яго адхіліліся. Памылка вельмі нязначная, на сотую долю градуса... Але я ўсё ж зрабіў вымову Майклу...
Злёгку захварэў Гары. Ён амаль тры тыдні не адыходзіў ад тэлескопа, заносіў у бартавы сшыт акновыя зоркі і збіркі. І як вынік доўгіх бяссонных начэй — слабасць і стома. На чатыры дні паклаў яго ў медпункт. За ім наглядае Кэт...
Пазаўчора была непрыемная размова з Нікам. Ён запатрабаваў асабістыя справы Майка, Кэт і Гары. Бачыце, западозрыў у кагосьці з іх наяўнасць афрыканскай крыві... Давялося рэзка і ўладна нагадаць яму пра закон Джонсана, які гаворыць, што ўсялякае дзеянне, якое перашкаджае экіпажу выконваць заданне, цягне за сабою зніжэнне ганарару... Гэта падзейнічала. Нік крыху стрымаў свой запал. А ці надоўга? Ад гэтага вар'ята можна чакаць усяго... Але інжынер ён, трэба прызнацца, усё ж нядрэнны. Усе сістэмы карабля пакуль працуюць выверана...
28 лістапада 2050 года...
У палёце ўжо амаль год. Увесь вечар зноў удакладняў курс. Апоўначы зайшоў у вахтавую рубку па дадзеныя і на зваротным шляху ў жылым адсеку раптам натрапіў на Кэт. Яна выходзіла з каюты Майкла.Усё ў той жа празрыстай блакітнай доўгай сукенцы, валасы на галаве раскудлачаныя...
Распусніца! Я ж быў ёй паверы!.. Іду ў заклад, яна была не толькі з Майклам, але нават з Нікам і гэтым поўным цурбаном Гары!..
Але хто ўсё ж такі з іх твой кат? Пакуль выключыць можна толькі аднаго Гары. Бо наўрад ці агенцтва даверыла б такую справу такому дурню...
16 лютага 2052 года...
Прачнуўся ад моцнага штуршка. У калідоры вые сірэна. Ледзь ускочыў на ногі, як зноў адбыўся штуршок. Разявака Нік, відаць, правароніў метэарытны струмень. Я выскачыў у калідор. Насілу дабраўся да рубкі. Штуршкі ішлі адзін за адным. Пацягнуўшы на сябе дзверы, літаральна ўваліўся ў галоўны пост.
Нік сядзеў у крэсле, туга прышпілены рамянямі бяспекі. Ён быў белы, бы тое палатно. Мармытаў сабе пад нос штосьці няўцямнае:
— Капітан, я не разумею... Я сачыў. Яно проста вырасла... Раптоўна... Я не ведаю, што гэта...
Зірнуўшы на прыбор, я аслупянеў. Стрэлкі, бы шалёныя, гойсалі па ўсіх шкалах. У іх паказаннях не было ніякага сэнсу. Прылады нібы сапсаваліся ўсе адначасова. Я перавёў позірк на ілюмінатар і ў поце пляснуўся ў крэсла. У ім была непраглядная чарната. Ні зорак, ні туманнасцяў, толькі суцэльная сцяна цемры. Гэта быў не метэарытны струмень. Нас відавочна кудысьці засмоктвала. Але куды? У цёмную туманнасць? Але адкуль яна магла з'явіцца тут, на ўскраіне Сонечнай сістэмы?
— Выключыце рухавікі! Тэрміновае тармажэнне! — выгукнуў я што было моцы Кэт і Майклу, якія ўзніклі на парозе рубкі.
I тут жа мяне прьшіснула да крэсла...
II лютага, 9 гадзін 23 хвіліны...
Мы па-ранейшаму пасярод суцэльнага мора цемры... Перагрузка дасягнула 2 Дж. Яшчэ кроплю, і я не змагу паварушыць нават пальцамі. (Далей запісваў тэкст на дыктафон.) Прыборы не працуюць. Дакладней, у іх паказаннях няма ніякага сэнсу. Затармазіцца не ўдалося. Кэт двойчы траціла прытомнасць. Здаецца, дрэнна адчуваюць сябе Майкл і Нік. Зусім кепска з Гары. Ён сядзіць побач са мною. У яго з носа цячэ кроў. Калі гэта працягнецца яшчэ з паўгадзіны — нам канец... Стывен адбіў SOS. Але ці пачуюць наш крык на Зямлі?
І8 лютага... Час...
Зрэшты, я не ведаю, колькі зараз гадзін... Усе гадзіннікі спыніліся. У ілюмінатары ўжо апраметная сцяна цемры... I нейкі страшэнны роў быццам за бортам лютуе якісьці гіганцкі нябачны ўраган... Карабель не проста кідае ўбок, а трасе, быццам у ліхаманцы... Вось-вось нагрузкі дасягнуць гранічнай мяжы. Я ледзь ваджу алоўкам па паперы. Гары і Кэт, здаецца, ужо ў непрытомнасці. У Ніка штосьці з вачыма. Яны зрабіліся вялікія і чырвоныя... Майкл удалёкім кутку рубкі. Ён штосьці выкрыквае. Але што, як ні напружваю слых, зразумець не магу. Бачу яго ўжо невыразна. Галава проста расколваецца ад дзікага болю. Я ледзь распазнаю рубку. Здаецца, трачу прытомнасць...