19 лютага...
Спачатку пачуў голас — далёкі, прыглушаны, быццам з падзямелля... Пасля адчуў дакрананне да свайго пляча чыіхсьці моцных валасатых рук. Голас зрабіўся больш гучны.
— Капітан, усё скончылася... Чуеце, прачніцеся... Усё скончылася.
Я расплюшчыў вочы. Перада мною, схіліўшыся, стаяў Майкл.
— Мы вырваліся. Больш нічога няма, — тузаючы мяне за руку, страчыў ён, бы з кулямёта. — Капітан, чуеце? Мы вырваліся з гэтага д'яблавага воблака...
Я моўчкі абвёў позіркам рубку. I сапраўды, нішто больш не падала, не лётала, не дрыжала. Навокал стаяла нязвычная цішыня. Мерна паміргвалі шкалы прыбораў. Злева ад мяне ляжалі ў крэслах Нік і Кэт. Вочы расплюшчаны, без нядаўняга трывожнага бляску. Справа варушыўся Гары. Я з апаскай утаропіў позірк у ілюмінатар і з палёгкай уздыхнуў. Неба было ўсыпана зоркамі. Праўда, іх размяшчэнне на небасхіле мне нічога не казала. Але зараз гэта здавалася дробяззю. Галоўнае, мы вырваліся з бурлівай апраметнай цемры. I былі жывыя...
26 лютага...
Цэлы тыдзень займаліся рамонтнымі работамі. Ліквідоўвалі непаладкі і паломкі, прыбіралі смецце. Была ўцечка кіслароду... З трох напаўняльнікаў вады ў нас застаўся толькі адзін. Ёсць безліч іншых дробных страт. На шчасце, не пацярпелі рухавікі і паліўныя бакі...
Пакуль яшчэ не прыйшоў у сябе Гары. Ён у медпункце. Над ім штодзень чаруе Кэт. Нік пацее над разгадкай «апраметнага воблака», у якім нядаўна мы пабывалі. Але пакуль у яго няма ніводнай талковай гіпотэзы...
Па-ранейшаму не ведаем, дзе знаходзімся. У ілюмінатары россып зорак. Але ні адна з іх нам нічога не кажа. Пакуль зразумела толькі адно — гэта не наваколле нашага Сонца ці Альфы Цэнтаўры. I ў тым, што мы тут апынуліся, вінавата «цёмнае воблака». Майкл спрабуе высветліць наша месцазнаходжанне з дапамогай камп'ютэра. Малюся, каб у яго гэта атрымалася...
14 красавіка...
Трымаем курс на найбліжэйшую зорку. Гэта чырвоны гігант. Просім Усявышняга, каб уяго быў хоць адзін спадарожнік...
Як і раней, пакуль не ведаем, дзе знаходзімся. Майкл паспрабаваў вылічыць курс па цэфеідах. Але атрымліваецца нейкая бязглуздзіца: быццам мы амаль у самым сэрцы Галактыкі! Але гэта ж проста немагчыма! Майкл яўна штосьці наблытаў. З нашай чарапашай хуткасцю трэба дабірацца сюды столькі гадоў, што нават страшна і падумаць!..
Падлічылі рэсурсы. Кіслароду хопіць яшчэ амаль на год, вады — месяцы на тры, харчавання — на чатыры-пяць... Давядзецца эканоміць...
11 ліпеня...
Мы ўтрох месяцахлётуда зоркі. Вялікая, бліскучая, яна павісла ўжо ў ілюмінатары. Майкл і Нік вельмі нервуюцца. Калі ў зоркі няма планетнай сістэмы, мы тады проста асуджаны на пагібель. Мяне таксама ад гэтай думкі бяруць дрыжыкі. Пераадолець столькі мільярдаў кіламетраў і ўсё для таго, каб згарэць у агнявой пашчы крывавага гіганта! Майкл на ўсякі выпадак зноў адбіў 508. Толькі хто нас пачуе ў гэтым далёкім глухі м закуточку Сусвету...
3 верасня...
Фу! Здаецца, фартуна зноў павярнулася да нас тварам. У зоркі, да якой мы набліжаемся, аж два спадарожнікі! Іх засёк яшчэ ўчора лакатарам Майкл. Цяпер планеты бачныя простым вокам. Яны, быццам браты-блізняты, красуюцца ў ілюмінатары: маленькі попельны карлік і таўстапузы ружовы апельсін. Тэрмінова вылічваем тэмпературныя і фізічныя ўмовы на іх... Падобна, на апельсіне вельмі горача з-за вельмі моцнага цяплічнага эфекту... Таму ляцім да карліка. Умовы на ім павінны быць больш мяккія. Ці ёсць на карліку жыццё? I ці зможам мы папоўніць на ім нашы запасы, якія добра-такі збяднелі? Мы ўсе моцна ўзрушаны. А раптам на планеце няма жыцця? Што тады? Не, пра гэта пакуль не хочацца думаць...
5 кастрычніка... 12 гадзін 42 хвіліны...
Гэта проста дзіва! Нік зафіксаваў перарывістыя імпульсы! Яны ідуць з паверхні карліка! Сігнал праз кожныя чатыры хвіліны паўтараецца. Бясспрэчна, ён штучны. Планета населена. Мы выратаваны. Кэт з радасці станчыла іскрамётную румбу. Майкл і Нік цалуюцца. Гары, быццам тое дзіця, пляскае ў далоні...
Мы імкліва набліжаемся да планеты...
Раздзел пяты ТУПІК
1. Дослед
— Падаць у чацвёртае шчупальца кісларод, — хутка сказаў Лукаў.
— Напаўняльнікі адчынены, — націснуўшы на кнопку пульта, нягучна прамовіла Вольга.