Выбрать главу

— Цяпер у трэцяе — метан, — пачуўся гучны загад кібернетыка. — Уключыць рухавік.

— Уключаю, — коратка кінула дзяўчына.

Яркае залацістае святло, што праменілася з круглых насценных ліхтароў, рабіла крыху старэйшай юную Вольгу, якая шчыравала над камп'ютэрам. Маленькія летуценныя вочы Лукава, які сядзеў побач з дзяўчынай, былі ўтароплены на даследчую камеру. Кібернетык здаваўся спакойным. Толькі на імгненне па ягоным засяроджаным твары прабег цень трывогі.

— Тады пачынаем. Прашу ўсіх адысці ад камеры, — паныла прамовіў ён.

— Толькі будзьце вельмі асцярожныя і ўважлівыя, — сказаў Зураў, які стаяў каля серабрыста-зялёнага люстэрка аналізатара. — Давайце пакуль на самых малых абаротах...

Тонкія далікатныя пальцы Вольгі бязгучна забегалі па беласнежных клавішах, задаючы патрэбны рэжым працы выпрабавальнаму абсталяванню, якое месцілася ў празрыстым блакітным каўпаку.

Я перавёў позірк на даследчую камеру, якая была адгароджана ад нас тоўстым шклом. Цёмна-шэры шар, што вісеў пасярод яе, пераліваўся серабрыста-аранжавым адлівам. Было штосьці загадкавае і адначасова трывожнае ў гэтым змрочным халодным бляску. Што хавалася за цёмнай металічнай абалонкай? Нейкі энергетычны цэнтр? Лятальны апарат? Касмічная прылада накшталт спадарожніка? Мы пакуль не ведалі.

У камеры заззялі агеньчыкі падсвечнікаў. Да шара з усіх бакоў пацягнуліся шчупальцы прылад. Вольга пераводзіла інфармацыю, што паступала ад іх у банк дадзеных, задаючы апаратам новы рэжым даследавання, услых абвяшчала вынікі:

— Паверхня аб'екта роўная і суцэльная. Ніякіх швоў, слядоў зваркі... Нутро не прасвечваецца... Якога-небудзь люка ці дзвярэй нябачна...

— Аб'ект не раэагуе на святло, — хутка дадаў Лукаў. — На інфрачырвонае выпраменьванне таксама. Задаю тэмпературны рэжым...

Камера спачатку пачырванела ад цеплавога струменя яркіх промняў, што ліліся з доўгай ружовай трубы, высунутай да шара. Потым яна пачала напаўняцца шэра-белым воблакам туману.

— Мішэнь не рэагуе на высокую тэмпературу, як і на нізкую, — ціха вымавіла Вольга. — Апускаю яе ў магнітнае поле...

— Рэакцыі няма, — праз некалькі хвілін змрочна канстатаваў кібернетык, пазіраючы на слупкі лічбаў, што плылі па экране. — Падобна, аб'ект мёртвы. Прашу дазволу на пранікненне ў сярэдзіну...

Зураў згодна кіўнуў галавою, узрушана правёўшы рукой па чорных, бы той вугаль, валасах.

— Толькі будзьце вельмі пільнымі...

Лукаў пстрыкнуў уключальнікам. Невялічкі паўкруглы лазерны разак, што з'явіўся ў камеры, паволі пасунуўся да шара. Яркі блакітны прамень, што неўзабаве вырваўся з чорнага металічнага руля, мякка датыкнуўся да шэрай абалонкі, асцярожна папоўз па метале. Ён апісваў круг за кругам, і мы не верылі сваім вачам — на паверхні шара не было заўважна нават самых нязначных слядоў парэзу: яна заставалася роўная і суцэльная.

— Але гэта проста немагчыма! — са здзіўленнем усклікнуў Лукаў. — На Зямлі не існуе сплаву, які б вытрымаў падобную страшэнную тэмпературу! З чаго ж зроблена гэта штуковіна?

— Дабаўце яшчэ крыху магутнасці, — аддаў загад Зураў. — I абмацайце ўсю паверхню шара. Павінен жа быць дзесьці ўваход у яго.

— Калі ён наогул ёсць, — ціха прамовіў кібернетык. — Хто ведае, для чаго гэта штуковіна прызначана?

Лукаў не дагаварыў.

Утаропіўшы позіркі на камеру, мы на хвіліну анямелі. Шар у ёй паволі, са спакоем волата, круціўся вакол сваёй восі. Усе шчупальцы, якія былі працягнуты да яго, быццам наткнуліся на нейкую нябачную перашкоду, плаўна аддаляліся ад аб'екта. Мы трывожна пераглянуліся.

— Ціск у камеры 30 атмасфер! — прыпаўшы да экрана аналізатара, усхвалявана кінуў Лукаў. — Тэмпература — 5 тысяч градусаў!

— Прысутнасць поля! — трывожна ўсклікнула Вольга. — Прыборы паказваюць на наяўнасць у камеры магутнага электрамагнітнага поля!

— Тэмпература ўзрастае! — перапыніў дзяўчыну Лукаў. — Яна набліжаецца да крытычнай адзнакі. — На імгненне ў вачах кібернетьіка з'явіўся страх, але ён хутка адолеў няпрошанае пачуццё. — Уключаю сілавую ахову сцен камеры...

У шлюзе ўсталявалася злавесная цішыня. Мы з трывогай і неспакоем назіралі за тым, як хутка і няшчадна плавіліся за тоўстай празрыстай перагародкай шчупальцы і стрыжні прылад, ператвараючыся на нашых вачах у бясформенную масу. Вярчэнне шара гэтак жа рэзка скончылася, як і пачалося. I тут жа аналізатары паказалі, што асяроддзе камеры зноў прыйшло да звычайнай нормы.

— Фу, — з палёгкай уздыхнуў Лукаў. Ягоны худы твар быў яшчэ белы, але губы ўжо набывалі чырвонае адценне.