— I ўсё ж мы паляцім на Аэсту, — перапыніў кібернетыка капітан. — Я, Вольга і вы, Андрэй Мікалаевіч, калі не будзеце супраць, — зірнуў ён на мяне запытальна.
Я са згодай кіўнуў галавою, перавёўшы позірк на Аэсту, якая ўжо ўзграблася ў цэнтр небасхілу і зіхацела ў ілюмінатары сваім грозным ружовым бляскам. Планета не абяцала нам ветлівай гасціннасці. Але ўсё ж капітан казаў праўду. Трэба было пашырыць круг нашых пошукаў. Можа і сапраўды паміж планетамі існуе нейкая ўзаемасувязь...
— Падрыхтуйце, калі ласка, заўтра планеталёт, — аддаў загад капітан Лукаву.
— Слухаюся, — коратка кінуў той.
Люстэрка патухла. Зірнуўшы занепакоена на крывавы дыск планеты, што нерухома павіс у небе Сакста, капітан павярнуўся.
— Мяркуеце, не ветліва сустрэне нас Аэста?
— Ды нам ужо не прывыкаць, — паспрабаваў пажартаваць я. — Мы яе горача пацалуем, глядзіш, яна і злітуецца...
— Будзем спадзявацца, — ледзь прыкметна ўсміхнуўшыся, прамовіў Зураў...
Я праехаў на ліфце ў галоўны калідор і накіраваўся ў лабараторыю. Вольга ўжо два дні па маёй просьбе займалася дэталёвым аналізам атмасферы Сакста, і мне вельмі хацелася зірнуць на канчатковую карціну. Да таго жтрэба было паведаміць Сонцавай пра будучае падарожжа на Аэсту... Але дзяўчына аказалася ў памяшканні не адна. Дзверы лабараторыі былі крыху прычынены, і я лёгка пазнаў голас Віхрына, што вёў з Вольгай гаворку. Гаварыў ё'н надзвычай усхвалявана і нервова:
— Не, нам не рашыць ніколі гэты рэбус... Памятаеце, што здарылася з экіпажам «Аталанты» і перасцярогу яе капітана?..
— Ага, — пачуўся ціхі голас дзяўчыны. — Я працую над ягонымі запісамі. Вы лічыце, што нам пагражае небяспека?
— Мы два тыдні ўжо на гэтай планеце і пакуль нічога не адшукалі. Нас не хочуць заўважаць, трымаюць, бы сляпых кацянят. Мы ў пастцы. Няўжо вы не бачыце, Вольга, з намі проста гуляюць. Мы тут паддоследныя малпы, павукі ў шклянцы... Думаеце, тады ў рубцы я трызніў? Не, я на самай справе бачыў. Яно не розум, але і не жывёла. Я не здольны нават гэту пачвару апісаць. Яна матэрыяльная і адначасова нематэрыяльная. Адны вялікія агністыя вочы... Яны проста прапальваюць цябе наскрозь. Нам трэба тэрмінова выбірацца адсюль. I як мага хутчэй. Я адчуваю, хутка здарыцца штосьці жудаснае. Я баюся за вас, Вольга...
— Мне здаецца, вы перабольшваеце небяспеку, — пяшчотна прамовіла дзяўчына. — Вось убачыце, мы хутка разгадаем гэту загадку...
Даслухоўваць размову я не пажадаў. Падняўшыся ў жылы адсек, прайшоў у сваю каюту. Прыняў душ, накінуў на сябе халат, уключыў начнік. У ілюмінатары ўжо стаяла суцэльная сцяна чарнаты. Аэста, якая вісела пасярэдзіне неба, была падобна на вялікі ружовы яблык. Што хаваецца пад тоўстай непрагляднай заслонай яе аблокаў? Якія сюрпрызы чакаюць на планеце нас заўтра? Ці адшукаем мы на ёй ключ да разгадкі ўсіх таямніц Сакста? Ці нас там чакае чарговае расчараванне? Не, думаць пра апошняе не хацелася.
Я занавесіў ілюмінатар, прайшоў да стала. Сеў у крэсла, пасунуў бліжэй да сябе свежыя старонкі капітанскага дзённіка, якія прынесла мне яшчэ ўчора вечарам Волыа...
3. Дзённік капітана Хорста
20 кастрычніка...
Мы ля Геі — у грэкаў, здаецца, гэта імя ўвасабляе зямлю, — так ахрысціў Гары планету, на якую мы вось-вось зробім пасадку. Вялізны папяліста-буры ейны дыск паўстаў ужо ў ілюмінатары. Пачынаем тармазіцца. На жаль, з-за нястачы паліва мы не можам выйсці на станцыянарную арбіту і як след вывучыць планету...
П гадзін ЗО хвілін...
Увайшлі ў верхнія слаі атмасферы Геі... Карабель калоціцца, бы ў ліхаманцы... Па правым борце піск і скрыгат. Падобна, лопаецца абшыўка. Цурбан Стывен, здаецца, спазніўся з адключэннем галоўнага рухавіка, і мы ўвайшлі ў атмасферу пад вельмі вострым вуглом. Я проста прыціснуты да крэсла. Баюся, каб мы не ўрэзаліся пузам у гэту шэрую шэльму, якая імкліва імчыцца насустрач.
П гадзін 56 хвілін...
Ух, здаецца, пранесла. Селі. Мы на Геі. Усё ж, відаць, Майкл не дарма еў свой хлеб у патрульнай службе Марса. Амаль каля самай паверхні планеты ён паспеў павярнуць карабель і, зрабіўшы спрытны тармазны манеўр, прышвартаваўяго стойкамі... Мы ўсе з непрытоенай цікавасцю заглядваем у назіральныя шчыліны — у іх жоўта-залацістая раўніна і светла-ружовае неба. Вочы проста жмурацца ад надзвычай яркага дзённага святла...
21 кастрычніка...