Такім чынам, што ўяўляла сабою знаходка Вольгі, я ўжо цяпер ведаў. Але хто яе стваральнік? Чаму ён так упарта хавае ад нас свой твар? Можа, адказ мы адшукаем на Аэсце?..
Я адсунуўся ад шкляной перагародкі, паволі ступіў да выхаду, бо вырашыў пакуль трымаць у таямніцы сваё адкрыццё...
Раздзел шосты БУРЛІВАЯ ПЛАНЕТА
1. Змрочная даліна
Аэста расла проста ў нас на вачах. Яшчэ некалькі хвілін таму назад яна выглядала зрэзам аранжавага кавуна, цяпер жа мы бачылі вялізны калматы чырвона-ружовы дыск, які імкліва набліжаўся да нас. Аблічча Аэсты было фознае і суровае. Густая пялюшка хмараў, якая, бы туман, ахутвала планету, засланяла ад нас яе паверхню.
Уключыўшы тармазныя рухавікі, капітан павярнуў планеталёт, і той пачаў апісваць дакладную акружнасць, ураўноўваючы з Аэстай арбітальную хуткасць.
— Парабалічная хуткасць планеты 10,5 км/с. Нахіл экватара 3,24. Сферычнае альбеда 0,76... Атмасфера вуглекіслая, ёсць нязначныя дамешкі азоту і інертных газаў. Перыяд вярчэння — 225 сутак. Вось вярчэння перпендыкулярная да плоскасці арбіты, — дакладвала Вольга, пільна пазіраючы на экран аналізатара.
— Калі на Аэсце ёсць жыццё, — ціха прамовіў Зураў — дык яе разумныя насельнікі бачаць усход і захад свайго сонца толькі адзін раз у год.
— Ім не пазайздросціш, — сумна ўздыхнула Вольга.
— Калі там ёсць каму гэта рабіць, — нягучна заўважыў я.
— Зараз пабачым, што там — за хмарамі, — прамовіў капітан і націснуў на кнопку пуску.
Назіральныя шчыліны абадзьмула віхрам бела-шэрага дыму. Адарваўшыся ад планеталёта, ракета-камера апісала парабалу, потым імкліва паімчалася да тоўстага воблачнага покрыва, што бялела пад намі ўнізе. Услед за ёю да планеты паляцеў геалагічны зонд.
Не прайшло і пяці хвілін, як мы пачалі атрымліваць выразныя здымкі планеты. Мы прыніклі да серабрыстых экранаў. Ракета-камера рухалася ўнізе паралельна нашай «Страле». I нам адкрываліся ўсё новыя і новыя падрабязнасці рэльефу планеты. Трэба сказаць, Аэста рэзка адрознівалася ад Сакста ў дэталях сваёй планетаграфіі. Перад намі праплывалі карычневыя чароды сухіх далін, змрочныя рэбры расс'ечаных нізкіх грабянёў, сіметрычныя палосы жоўтых пясчаных дзюнаў, барвовыя хрыбты таўстапузых гор, паміж якіх бачыліся шырокія плямы пустыняў. Час ад часу на экране з'яўляліся цёмныя кругі з падранымі віхрастымі краямі, прызначэння якіх мы пакуль не разумелі. Можа, гэта былі проста глыбокія ўпадзіны ці застылыя плямы лавы, падобна знакамітым нашым марсіянскім морам. Апошні відарыс паказаў нам высокія ценевыя горы, што вылучаліся на фоне неба, якое было ахоплена чырвоным зарывам. Пакуль мы не назіралі сярод гэтых карцін якіхсьці слядоў разумнай дзейнасці.
Амаль адразу пачалі паступаць паведамленні ад геалагічнага зонда, які мы запусцілі да паверхні планеты.
— Ціск 30 атмасфер, тэмпература ля паверхні плюс 450.Гідрасфера адсутнічае, — услых абвяшчала Вольга тыя дадзеныя, што паступалі.
— Здаецца, нас неўзабаве чакае сустрэча з пеклам, — паспрабаваў я пажартаваць.
— Парніковы эфект. Таму такая гарачыня, — сур'ёзна прамовіла дзяўчына. — Давядзецца працаваць у звышшчыльных скафандрах. Толькі яны надзейна засцерагуць нас ад перагрэву і радыяцыі...
— Увага! Уваходзім у атмасферу! — усклікнуў капітан. — Прашу ўсіх прышпіліцца.
Апісаўшы паўкруг, наша «Страла» рынулася ўніз. Нас пранізала вібрацыя. Праз хвіліну мы ўвайшлі ў шчыльную зярністую воблачную масу. Бачнасць зрабілася амаль нулявая. Стала горача. Я ўключыў ахаладжальнікі.
Ледзь толькі ў назіральнай шчыліне мільганула цвёрдая паласа, Зураў націснуў на тармазную кнопку. Планеталёт злёгку гайданула. Гарачы слуп энергіі, які вырваўся з кармы, ударыў у рыхлую глебу, падняўшы ўгору воблака пылу. Паволі спусціўшыся на паверхню Аэсты, «Страла» абазвалася працяглым свістам і замёрла.
Некалькі хвілін мы з цікаўнасцю пазіралі на залацістую даліну, што ляжала за ілюмінатарам. Яна здавалася мёртвай. Ніводнага руху і шавялення, нічога зтаго, што магло хоць крыху нагадваць сабою якуюсьці расліну ці жывую істоту. Суцэльны дробны спрасаваны пясок, які ляжаў перад намі, шырока цягнуўся да гарызонту.
— Здаецца, аэсцяне не вельмі рады нам, — сумна ўсміхнулася Вольга.
— Гэта праўда, — ціха ўздыхнуў я.
Зураў уключыў камеры далёкага агляду. Мы ўтаропілі позіркі на яркія люстэркі. Жоўты пясочны дыван, які аперазаў наш планеталёт, цягнуўся міляў з дваццаць. Адразу за ім пачыналася камяністае плато, якое змянялі бурыя ценевыя горы і пухлыя, як булкі, сопкі. Дзесьці за імі ляжала цёмная «пляма», прызначэнне якой мы пакуль не ведалі, таму яна выклікала ў нас асаблівую цікавасць.