Выбрать главу

Дацягнуўшыся да блакітнай панелі, Вольга ўключыла вонкавыя сістэмы. Паветразбіральнікі, прысвістваючы, пачалі засмоктваць паветра Аэсты ў герметычныя бакі. Адначасова з расчыненых у корпусе «Стралы» люкаў да паверхні планеты папаўзлі даўгарукія шчупальцы. Напаўняючы свае круглыя чорныя пашчы пяском, яны дастаўлялі пробы глебы ў накапляльнікі.

Нам тэрмінова трэба было даследаваць іх. Кожная нявывучаная планета хавала ў сабе небяспеку для астранаўтаў. Таму, перш чым ступіць на паверхню Аэсты, мы хацелі засцерагчы сябе і свой карабель ад непрывычных сюрпрызаў.

— Колькі часу зойме аналіз усіх пробаў, — запытальна зірнуў Зураў на Волыу.

— Гадзіны чатыры, — хутка адказала дзяўчына. — Яшчэ столькі спатрэбіцца на імунізацыю і абавязковы пасля яе сон...

— Вось ужо гэтыя прышчэпкі! — незадаволена прабурчау Сарторык, які сядзеў побач з капітанам. — У мяне масла застывае ў суставах, калі ўводзіцца гэтая чорная сумесь.

Мы ўсе дружна засмяяліся. Аказваецца, наш металічны «прафесар» не быў пазбаўлены пачуцця страху...

— Значыцца, у нас у запасе восем гадзін, — задуменна прамовіў Зураў.

— Зірніце, што гэта там? — раптам трывожна ўсклікнула Вольга.

Я перавёў позірк на бакавы ілюмінатар і міжволі ўздрыгнуў. Проста насупраць нашага карабля за тоўстым шклом вісеў невядомы аб'ект, які з выгляду чымсьці нагадваў нашу зямную медузу. Ён быў каля двух метраў даўжынёй, аранжава-жоўтага колеру. Ледзь толькі Зураў дацягнуўся да пульта, каб уключыць камеры вонкавага назірання, як дзіўны «аб'ект» прыйшоў у рух, хутка паплыў у накірунку гор. Неўзабаве, ператварыўшыся ў маленькую яркую кропачку, ён знік у ружовых промнях сонца...

Мы доўга сядзелі моўчкі. Ці была гэта нейкая жывёла, разумная істота, ці проста якая-небудзь прыродная з'ява, накшталт нашых шаравых маланак, з кабіны планеталёта мы не разгледзелі.

— Будзем рыхтавацца да выхаду на паверхню, — ціха прамовіў Зураў...

2. Аэсцянская бура

Нашы невялічкія яйцападобныя крылатыя апараты, якія мы называлі катэрамі, плаўна слізгацелі над залацістай далінай. Наперадзе ляцеў капітан, за ім рухаліся Сарторык і Вольга, я ж замыкаў наш маленькі караван. Мы імчаліся з хуткасцю ветру ўсяго за некалькі сотняў метраў ад паверхні планеты. Раптам Вольга жвава ўзляцела ўгору, кінула свой катэр наперад, абагнаўшы Сарторыка і Зурава.

— Даганяйце, хто смелы! — весела прагучала ў шлёмных навушніках. — Ану, хто першы дасягне гор!

Апарат дзяўчыны, пераадолеўшы гукавы бар'ер, пачаў хутка аддаляцца ад нас.

— Іду за ёю! — пачуўся ў навушніках рашучы голас капітана.

I тут жа ягоны чорны катэр, бы птушка, узвіўся ў неба, імкліва рынуўся ўслед за апаратам дзяўчыны. Мы ж з Сарторыкам толькі крыху павялічылі хуткасць нашых катэраў, вырашыўшы здалёк назіраць за тым паядынкам, які так нечакана разгарэўся ў небе Аэсты.

— Упэўнены, — сказаў Сарторык, — першым дасягне гор капітан!

— А я стаўлю на Вольгу, — рызыкнуў я з ім не згадзіцца.

Але мы памыліліся абодва. Спачатку капітан і сапраўды лёгка дагнаў дзяўчыну, пачаў прыціскаць яе катэр да зямлі. Але Вольга, спрытна ўхіліўшыся, стралой узляцела ў неба і адтуль каршуном упала на капітана. Выратавальны манеўр цяпер давялося выконваць Зураву. Нарэшце, добра-такі стаміўшыся ад закручанай каруселі, капітан і Вольга зменшылі хуткасць сваіх апаратаў, паволі паплылі побач. Ценевых гор яны дасягнулі разам. Змрочныя, голыя, са стромкімі скаламі і схіламі, горы, быццам суцэльная сцяна, узвышаліся перад намі. Прыкмеціўшы невялікую роўную пляцоўку ўнізе, мы пасадзілі на яе свае катэры. Менавіта дзесьці тут, у гарах, знікла ўчора бачаная намі «медуза», і мы хацелі агледзець гэтую загадкавую мясцовасць.

Мы выбраліся з катэраў і падзяліліся. Капітан і Вольга пакіравалі на ўсход уздоўж камяністай цясніны. Мы ж з Сарторыкам пайшлі направа, вырашыўшы даследаваць падножжа вялікай гары. Мы рухаліся павольна. Скафандры замаруджвалі хаду. Невялікія, ледзь прыкметныя змейкі трэшчын, цёмныя ніці выступаў-палічак, дробныя камяні і вышчэрбіны прымушалі нас быць асцярожнымі. Было вельмі горача. Вонкавая абшыўка нашых скафандраў нагрэлася пад яркімі промнямі аэсцянскага сонца, бы той электрычны прас, але, дзякуючы тонкай ізаляцыйнай праслойцы, мы не адчувалі гарачага дыхання планеты. Мы паволі абміналі высокія камяністыя зубцы і цёмна-шэрыя цясніны, што паўставалі на нашым шляху. Нашы катэры, пераведзеныя ў рэжым самакіравання, плаўна плылі за намі на невялічкай вышыні. Перавалы і цясніны, якія мы пераадольвалі, былі голыя і безаблічныя — ні шолаху, ні гуку, ніводнага нават самага малога руху. Быццам мы крочылі па мёртвым царстве.