Зрабіўшы круг, мы вярнуліся да роўнай пляцоўкі. Менавіта тут нас павінны былі чакаць капітан і Вольга. Але іх яшчэ не было. Ледзь толькі я залез у катэр, які па маім загадзе замёр каля самай зямлі, як раптам пачуўся тонкі пранізлівы гук. Неба на ўсходзе пажаўцела, потым зрабілася алавяна-шэрым. З-за далёкіх гордакаціліся перакаты грому. Лёгкі ветрык перайшоў у раз'юшана-парывісты. I раптам зрабілася цёмна. Не прайшло і хвіліны, як вакол мяне разгулялася шквальная пясчаная бура. Я насілу схаваў свой катэр у цясніну. Але ці паспеў гэта зрабіць Сарторык? I што з Вольгай і Зуравым? Ці паспелі яны кудысьці схавацца ад буры? Я ў трывозе ўглядаўся ў шэра-бурую пясчаную масу, якая праносілася нада мною з хуткасцю калясніцы Зеўса, але далей локця перад сабою нічога не бачыў. Ураган узмацняўся. Цяпер раўло і фукатала ўсюды — уверсе, унізе, збоку. Мой катэр разгойдвала, быццам на бурлівых марскіх хвалях. Здавалася, што яго вось-вось выхапіць з цясніны і кіне ў бурую равучую масу, што імкліва праносілася нада мною.
Бура скончылася гэтак жа раптоўна, як і пачалася. Навокал зрабілася нязвычна ціха.Вызірнула сонца. Па небе марудна паплылі ружовыя хмары.
Я выплыў з цясніны і пашукаў вачыма катэр Сарторыка. Ён завіс зусім блізка ад мяне, ля стромкай горнай скалы. Як быццам з ім усё было ў парадку. Але што з Вольгай і капітанам? Чаму няма ад іх аніякіх сігналаў? Уключыўшы перадатчык, я паспрабаваў звязацца з Зуравым:
— Першы. Я — Трэці! Адгукніцеся! Першы, вы мяне чуеце?.. Эфір маўчаў. Я выклікаў Сарторыка. Ён кашлянуў у мікрафон сваім бясстрасным металічным голасам:
— Андрэй Мікалаевіч! Са мною ўсё добра. Я чуў ваш запыт да Першага. Па ўсім, з ім нешта здарылася.
— Іду на пошукі. Вяртайся і чакай нас на базе. Трэба тэрмінова падрыхтаваць яе да адлёту. Здаецца, гэта планета багатая на сюрпрызы, — аддаў я Сарторыку загад.
— Слухаюся, — коратка кінуў той.
Я павёў свой катэр уздоўж горнага ланцуга. Не стаў азірацца, каб паглядзець, як стартуе да планеталёта Сарторык. Ведаў, ён маё даручэнне выканае дакладна, на тое ён і робат. Я плаўна слізгацеў на вышыні паўтары тысячы метраў, пільна ўглядаючыся ў аксамітавыя цені цяснінаў у шэрыя вяршыні і падножжы гор, што тоўпіліся ўнізе. Але капітана і Волыі нідзе не прыкмячаў. Можа, яны яшчэ не паспелі даляцець сюды, ці крыху змянілі свой маршрут? Раз-пораз я пасылаў у эфір выклікі. Але ён упарта маўчаў. Узвіўшыся ў неба, я пашырыў круг пошукаў. Мой катэр плаўна паплыў над высокімі ценевымі гарамі. Я знізіўся амаль да самых вяршыняў і яшчэ больш зменшыў хуткасць, рухаючыся падобна паветранаму шару. Пада мною, бы на малюнку, чародамі праплывалі высокія скалістыя грабяні, цёмныя пашчы стромкіх каньёнаў калматыя цясніны і ўпадзіны — голыя, пустэльныя, безаблічныя. Я ўжо збіраўся зрабіць паваротны круг, як раптам злавіў парадыё пазыўныя — ціхія, адрывістыя, але ўсё ж гэта былі пазьіўныя капітана.
— Трэці! Я — Першы. Адгукніцеся. Патрэбна ваша дапамога... Мой апарат пашкоджаны... Знікла Вольга. Трэці, я — Першы... Трэба ваша дапамога...
Я пільна агледзеў падножжа пузатай гары і нарэшце прыкмеціў пасярод невялікай шэрай цясніны чорны крылаты катэр капітана, які быў перакулены дагары. Трывожнае прадчуванне, што з Вольгай і Зуравым нешта здарылася, знаходзіла, на жаль, сваё пацвярджэнне.
— Першы,бачу вас, — з горыччу кінуў я ў мікрафон. — Чакаю вашых загадаў.
— Агледзьце ўсё навокал. Мы трапілі ў буру. Я не ведаю, куды аднесла Вольгу, — пачулася выразна ў навушніках.
Я павярнуў катэр, зрабіў некалькі плаўных кругоў над тым месцам, дзе быў капітан. Але як я ні ўглядаўся ў бура-ружовыя скалы і пікі, у затуманеныя зяпы ўпадзін і безданяў, дзяўчыны і яе апарата не знаходзіў. Зрабіўшы чарговы безвыніковы круг над гарою, я з хваляваннем скіраваў свой катэр на пасадку...
3. Гарачы булён
Мы аднавілі пошукі Вольгі толькі праз гадзіну...
На шчасце, пашкоджанні ў катэры капітана былі не вельмі значныя, і мы даволі хутка ліквідавалі іх. I цяпер нашы апараты луналі над горнымі вяршынямі, трымаючы курс строга на паўднёвы захад — туды, куды панеслася нядаўняя страшэнная пясчаная бура...