Выбрать главу

Густы воблачны покрыў пад намі крыху парадчэў, стаў багаты на разрывы. Яркае ружовае святло залівала бронзавыя шапкі гор. З малочнага туману, што засцілаў зямлю, высуналася адгор'е. Нашаму позірку адкрыліся бясконцыя тэрасы, падобныя на паліцы-выступы, шчыліны, якія заканчваліся безданню і хаосам глыбокіх расколін.

Мы дасягнулі ўжо амаль цэнтра масіўнага зубчастага горнага хрыбта, як раптоўна катэр Зурава рэзка нырнуў уніз, у дынаміку пачуўся ўсхваляваны голас:

— Андрэй Мікалаевіч, я яе бачу!..

Паўтарыўшы манеўр капітана, я абмінуў пакаты схіл гары, вяршыня якой патанала ў жоўта-пунсовых аблоках, паволі паплыў над вялікай шэрай цяснінай. Звужваючыся, яна абрывалася на захадзе безданню. Менавіта над ёй і кружыў катэр капітана. Але толькі наблізіўшыся да яго, я здолеў прыкмеціць Вольгу. I адразу ацаніў усю сур'ёзнасць і небяспеку таго становішча, у якім яна апынулася. Яе катэр ляжаў на невялічкім скальным выступе, пагражальна нахіліўшыся кармою над цёмнай пашчай прорвы. Дастаткова было самага малога пагойдвання, каб ён прыйшоў у рух і паляцеў у бездань. Завіснуўшы над скалою, мы не рызыкавалі з Зуравым набліжацца да дзяўчыны. Капітан уключыў мікрафон.

— Вольга, я — Першы. Адкажы...

Некалькі секунд ён марна пасылаў сігналы. Нарэшце пачуўся адказ.

— Першы, я вас чую. Праўда, вельмі дрэнна. Дзе вы? Я не бачу вас...

— Вольга, мы над табою. Толькі не паварочвайся і не рабі аніякіх рэзкіх рухаў, — мякка кінуў у мікрафон Зураў. — Любая, ты можаш уключыць рухавік?

— Не. Я спрабавала ўжо гэта зрабіць, але ў мяне нічога не атрымалася, — пачуўся ціхі адказ.

— Добра. Мы зараз што-небудзь прыдумаем. Толькі, калі ласка, не варушыся, — хутка прамовіў Зураў і адключыў сувязь з Вольгай.

Мы раіліся з капітанам хвіліны тры. Становішча Вольгі было надзвычай цяжкае. Стартаваць самастойна з выступу яна на магла. Паспрабаваць асцярожна падляцець да яе на катэры? Не, гэта было вельмі рызыкоўна. Нават самая нязначная вібрацыя, выкліканая паветранай хваляй, магла прывесці апаратдзяўчыны ўрух і садраць яго з выступу. Выклікаць на дапамогу «Стралу»? Але Сарторык прывядзе яе не раней, чым праз паўгадзіны. Нам жа нельга губляць ні хвіліны.

Дацягнуцца да дзяўчыны адсюль, з вышыні сарака метраў, скінуўшы трос-лесвіцу? Але гэта хавала ў сабе небяспеку. Таму што ўсе работы трэба было выконваць у скафандры — спуск, замацзванне троса, адбуксіроўка катэра Вольгі.

— Значыцца, спуск, — падвёў рысу пад нашымі сумнымі развагамі капітан. — Іншага выйсця няма. Пайду я. — I тут жа звязаўся з дзяўчынай. — Вольга, я зараз спушчуся да цябе. Толькі не варушыся. Мы паспрабуем адбуксіравацьтвой катэр. I яшчэ...— Зураў узяў невялічкую паузу. — Я хачу, каб ты ведала, я кахаю цябе...

Капітан адключыў мікрафон. Мы рыхтаваліся да спуску хвілін дзесяць. Як толькі я адвёў свой катэр за скалу, капітан скінуў лесвіцу. Яго магутная постаць на імгненне паўстала ўрасчыненым люкулятальнага апарата, што завіс над безданню, потым знікла ў паўзмрочнай каменнай пашчы. Па тым, як моцна і туга нацягнуліся металічныя ніткі троса, я зразумеў — ён нарэшце дасягнуў катэра Вольгі.

Праз паўгадзіны, пасадзіўшы свае апараты на невялікае каменнае плато, мы выцягнулі дзяўчыну з катэра і па-сяброўску абнялі...

Ледзь толькі мы выслухалі яе кароткі аповед пра ліхтугу ў буру, як з намі на сувязь выйшаў Сарторык:

— Першы!.. Першы!.. Адгукніцеся! Гаворыць Чацвёрты! Што ў вас там робіцца?.. Куды вы ўсе падзеліся!..

Зураў спакойна адказаў у мікрафон:

— Сарторык, я — Першы. У нас тут была адна непрыемная прыгода. Але ўсё ўжо скончылася. Як «Страла»? Яна не пашкоджана?

— Не. З ёю ўсё добра, — пачуўся хуткі адказ. — Але навокал... Тут рабілася такое!.. Медузы! Іх была цэлая процьма! Чаго толькі яны не выраблялі... Не, гэта трэба было бачыць. Цяпер яны паляцелі. Але я засёк іх на лакатары. Яны накіроўваюцца да цёмнай плямы. Вы чуеце?

— Так, мы ўсё зразумелі, — сказаў капітан. — Мы зараз даследуем даліну.

Забраўшыся ў катэры, мы стартавалі. Паведамленне Сарторыка вымушала нас спяшацца. Мы не маглі адляцець з планеты, не адкрыўшы тайну яе «медузаў» і цёмных плям.

Мы былі ўжо на вышыні каля пяці тысяч метраў, як раптам Вольга ўсклікнула:

— Глядзіце, прамень!

Закруціўшы галавою, я нарэшце ўбачыў далёка на захадзе тонкі яркі блакітны пучок промняў. Неба ўтой частцы планеты, адкуль ён падаў, было свабоднае ад аблокаў. У ім плаўна плыў аранжавы дыск Сакста. Зірнуўшы на яго, я ад нечаканасці збянтэжыўся. У цэнтры планеты палала невялічкая асляпляльная зорка. Менавіта яна і была крыніцай святла.