— На жаль, у нас пакуль ёсць толькі некалькі гэтых істот, — пачала Вольга, — якіх мы памясцілі ў магнітную камеру. Адна з іх зараз перад намі. Прырода аэсаў вельмі незвычайная. Як бачыце, яны амаль празрыстыя, не валодаюць ні нервовай сістэмай, ні клеткамі, ні структурай, якая хоць чымсьці б нагадвала бялковую. Але, безумоўна, гэта жывыя істоты, паколькі мы выявілі ў іх наяўнасць інтэнсіўнага метабалізму. Праўда, пакуль не зразумела, як аэсы ажыццяўляюць узнаўленне сабе падобных — яны не паддаюцца ні дзяленню, ні драбленню. Падобна, перад намі жыццё, якое заснавана на іншай хіміі, інакш кажучы, тут ужыты субатамны будаўнічы матэрыял...
— Мюоны? — пацікавіўся я.
— Не зусім, — пачуўся хуткі адказ. — Нашы навуковыя прылады лёгка атаясамілі б іх. Тут штосьці іншае... Я не бяруся сцвярджаць дакладна, але, падобна, мы маем справу з мезаатамнымі злучэннямі...
— К-, П-мезоны, — услых разважаў кібернетык. — Але падобныя злучэнні вельмі няўстойлівыя.
— Можа, яны ўвесь час аднаўляюцца, — ціха прамовіў капітан. — Хаця пакуль не зусім зразумелы механізм падобнай аперацыі. Магчыма, ён хаваецца ў праакіяне, у ягоным гравітацыйным патэнцыяле...
— Здзіўляе хуткая эвалюцыя гэтых істотаў, — працягвала Вольга, перавёўшы позірк на экран. — Калі мы ўзялі ў палон дадзены экземпляр на Аэсце, ён быў даволі невялічкі і прымітыўны па форме. Цяпер жа перад намі двухметровая істота са шматлікімі атожылкамі і адгалінаваннямі, якія з'яўляюцца крыніцамі электрычных гравітацыйных імпульсаў. Заўважце, такое дзіўнае пераўтварэнне адбылося з «медузай» усяго за адны суткі. Калі эвалюцыя гэтых істотаў будзе працягвацца так хутка і далей, то праз некалькі дзесяткаў гадоў мы сустрэнем на Аэсце разумнае жыццё. I носьбітамі яго будуць вельмі незвычайныя і дасканалыя істоты, якіх мы нават цяпер не можам і ўявіць.
— Вы лічыце, што прычынай падобнага пераўтварэння паслужыла тое свячэнне, што мы бачылі на планеце? — уважліва зірнуў капітан на Вольгу.
— Ва ўсякім разе іншага тлумачэння пакуль няма, — ціха адказала дзяўчына. — Верагодна, гэтыя прамяні выклікаюць мутацыю ў аэсаў.
— Значыцца, аэсы не маюць аніякага дачынення да таго, што здарылася ў настут, на Саксце,—задуменна прамовіў Зураў. — Атрымліваецца так. Ёсць трызубец, які хістае зямлю. Але мы пакуль не ведаем, хто ягоны гаспадар, хаця ён, бы той сапраўдны дырыжор, кіруе жыццём цэлай планеты...
— Так, сітуацыя амаль як з куфэркам Афіны, — сумна зазначыў Лукаў. — Ёсць сам куфэрак і нованароджаны ў ім, але мы пакуль не ведаем, дзе яны закапаныя і што сабою ўяўляюць...
— Застаецца дробязь — адшукаць і адчыніць куфэрак, — уздыхнула Вольга.
— Толькі як бы гэты куфэрак не аказаўся скрынкай Пандоры, — суха прамовіў Віхрын. — I пасля, памятаеце, што здарылася з Аглаурай і Герсай, калі яны адчынілі куфэрак? Богі пакаралі іх вар'яцтвам...
— Не будзем кідаць яблык разладу, — коратка заўважыў капітан і перавёў позірк на Лукава, — Пётр Трафімавіч, што ў нас з зоркалётам? Ёсць якія-небудзь зрухі з рамонтам рухавікоў?
— Пакуль няма, — змрочна сказаў кібернетык. — Галоўная энергетычная ўстаноўка спынена. У нас не атрымліваецца яе запусціць. Мы не можам адшукаць пашкоджанне...
Пасля паўзы капітан задуменна прамовіў:
— I ўсё ж мне не дае спакою гэта выпраменьванне... Якой жа магутнасці яно павінна быць, каб уплываць на жыццё цэлай планеты! Мы можам вылічыць, з якога раёна Сакста прыкладна яно ішло?
— Паспрабаваць можна, — ціха адказаў Лукаў. — Час мы ведаем. Трэба ўдакладніць хуткасць вярчэння планеты, вугал, пад якім падалі прамяні, шэраг іншых параметраў...
— Што ж, будзем шукаць гэтага загадкавага гаспадара трызубца, — падвёў вынік нашай нарады капітан. — Балазе, цяпер мы ведаем дакладна, што ён дзесьці тут, на Саксце...
Апоўдні я прайшоў у ліфт і падняўся да сябе ў каюту. Пасля нарады я адчуваў сябе вельмі стомленым і разбітым. Няўжо Віхрын казаў праўду? I мы маем тут, на Саксце, справу з нейкім прывідам-вар'ятам, для якога мы толькі паддоследныя трусы, павукі ў шклянцы? I ўсе нашы намаганні марныя? Не, у гэта чамусьці не хацелася верыць...
Каб крыху зняць стому, я прыняў электрадуш і праз паўгадзіны выйшаў з камеры асвежаны і бадзёры. З ілюмінатара ў каюту падалі ружовыя промні сонца. Я апусціўся ў крэсла, узяў чысты ліст паперы. Паклаў яго на стол і выпісаў усе падзеі ў той паслядоўнасці, як яны здарыліся на Саксце:
«З'яўленне на планеце «Аталанты» і загадкавае знікненне яе экіпажа...
Штучныя радыеімпульсы, якія засёк «Аэрон», нападзенне на станцыю.
Загадкавая аварыя і выратаванне нашага зоркалёта...