Яшчэ двое ў Ніка. Я зняў іх патаемнай камерай. Нягоднік, ён прывязаў гэтых чарнаскурых да металічнай стойкі і аддубасіў гумай да паўсмерці...
Нешта ціха сёння ў Майкла. Учора ў яго таксама былі «госці»? Перабраў з імі «дозу»?
На ўсякі выпадак я ўзброіўся пісталетам. Хто ведае, што можна чакаць ад усіх гэтых няпрошаных пачвар...
І5 лістапада...
Прайшоў яшчэ адзін трывожны дзень.
Убачыўся з Гары. На шчасце, у яго не аказалася гасцей. Ён цалкам заняты доследамі. Апантана чаруе над нейкімі мікробамі... Ён згадзіўся выйсці на працу, але прасіў пачакаць некалькі дзён. Ён вырасціў адзін дзіўны гібрыд. Хоча праверыць, ці адновіць яго С-17...
Ноччу нечакана да мяне прыйшла Кэт. Ледзь трымаецца на нагах. Яна відавочна накурылася марыхуаны. Ці той высокі каленагаловы дурань, якога яна заказала на аб'екце, не апраўдаў яе спадзяванняў? Бо на маё пытанне — дзе ён цяпер? — яна з усмешкай паказала вачыма на неба...
Зніклі «госці» і ў Ніка — ён цяпер працуе над якойсьці схемай. Значыцца, гэтыя пачвары смяротныя і жывуць не больш, чым суткі.
Я адабраў у Кэт уваходны ключ, калі яна заснула. Але баюся, што ў Ніка і Майкла ёсць дублікаты...
17 лістапада...
Раніца атрымалася жудасная...
Здарылася непапраўнае — памёр ад інсульту Майкл.
Мы з Гары стукаліся да яго, але ніхто не адчыніў. Прыйшлося выбіць дзверы. Майкл ляжаў на падлозе, з ягонага рота сачылася пена. У руках ён сціскаў парожнюю бутэльку ад рому. Відаць, скончыўся ачмуральны напітак і надышоў крызіс...
Мы паспрабавалі яго выратаваць. Але было ўжо занадта позна...
18 лістапада...
Мы пахавалі Майкла побач з зоркалётам. Настрой паганы. Памянуўшы Стывена ў кают-кампаніі, мы моўчкі разышліся... Вечарам я паспрабаваў пагаварыць з Кэт і Нікам, але яны адмовіліся выйсці на працу. У сябе ў каюце я выпіў келіх рому. У галаву лезуць страшэнныя думкі... Гэтая загадкавая смерць Майкла... Ці была яна сапраўды натуральнай? А што, калі яму дапамаглі пайсці?.. Выпадкова ўбачыў тое, што не павінен быў бачыць... Вось і падмяшалі ў ром атруты. Але хто?.. I чаму менавіта Майкл стаў міжвольным сведкам?..
20 лістапада...
Залаталі з Гарыў абшыўцы ўсе дзіркі, пашырылі ўваходны люк. Цяпер застаецца толькі падняць на карабель аб'ект. Гэта мы зробім паслязаўтра. У каютах Кэт і Ніка пакуль нязвыклая цішьіня. Што яны задумалі? I хто ўсё ж такі з іх агент? Нік? Што за схему ён збірае ў сваёй каюце? Кэт? Што яна шукала два дні таму ў насавым адсеку?
Вечар правёў у вахтавай. Удакладняў курс, па якім нам неўзабаве давядзецца вяртацца на Зямлю. Трэба спяшацца з адлётам, пакуль гэтыя жывёліны не дэградавалі канчаткова...
21 лістапада...
Дзень зноў пачаўся з непрыемнасцей. Адбылася разгерметызацыя вентыляцыйнай шахты. Прыйшлося наглуха зачыніць люк.
У Ніка і Кэт зноў «госці». Падобна, ноччу яны наведалі аб'ект. Значыцца, вось што майстраваў у сваёй каюце Нік — ключ-дублікат...
Кудысьці знік Гары. Можа, зноў поркаецца са сваімі гібрыдамі?..
Не, гэтыя невукі, здаецца, канчаткова не жадаюць падпарадкоўвацца...
22 лістапада...
Проста вар'яцкі дзень...
Толькі працёр раніцай вочы — званок ад Ніка. Ён відавочна чымсьці ўзрушаны. Ягоны голас ад крыку зрываецца на хрып:
— Капітан!.. Гэтае страхоцце, яно таксама за іх!.. Я заказаў чырва-наскурых, а яно... выдала, вы толькі ўявіце сабе, двух-трохметровых цыклопаў! Яны лупцавалі мяне бізунамі! Яго нельга на Зямлю. Яно пераб'е там усіх нашых! Яго трэба тэрмінова спыніць... Я разбамблю гэтае страхоцце ўшчэнт...
Я ледзь скеміў, што Нік гаворыць пра аб'ект.
— Нік, я забараняю!.. Чуеш, я забараняю табе гэта рабіць! — выгукнуў я ў мікрафон, што было моцы. Але мой голас павіс у паветры.
Чырвоная лямпачка, якая загарэлася на пульце, сведчыла пра тое, што апарат Ніка адарваўся ад карабля. Мяне кінула ў пот. Калі гэты вар'ят здзейсніць сваю бязглуздую ідэю, то тады... Усе мае намаганні, планы і надзеі ішлі прахам. Не, гэтага я дапусціць не мог!..
Я ў хваляванні даплёўся да агляднага ілюмінатара. Зрабіўшы круг у жоўта-ружовым небе, лятальны апарат Ніка ўжо заходзіў на бомбакіданне...
Я выцягнуў з кішэні маленькі пульт і націснуў чорную кнопку. Праз імгненне ў небе, там, дзе пікіраваў самалёт Ніка, палыхнуў чырвона-крывавы вогненны шар. Сеўшы ў крэсла, я адкаркаваў бутэльку рому. Выпіў і доўга абыякава пазіраў на рэшткі лятальнага апарата, што дыміліся далёка за тоўстым шклом. У мяне не было ні кроплі літасці да Ніка. Вар'ят, е'н сам падпісаў сабе смяротны прысуд...