Выбрать главу

Ніжэй ішла кароткая запіска Вольгі:

«Андрэй Мікалаевіч! Як брыдка і жудасна тое, што яны тут рабілі... Я шмат разважала ноччу і вырашыла... Прашу толькі, не судзіце мяне строга, але я іду сказаць ім, што мы не такія. Мы іншыя, зусім іншыя... Папрасіце, калі ласка, прабачэння за мой учынак у капітана.

Вольга».

Прачытаны ліст я вярнуў Зураву.

— Лічыце, што аб'ект і на самай справе здольны паказваць дарогу? — запытальна зірнуў той на мяне.

— Калі ён і сапраўды робат з дакладнай праграмай, усё можа быць, — няпэўна кіўнуў я галавою.

З пульта капітан выклікаў Сарторыка. Той адказаў пасля кароткага патрэсквання ў дынаміку:

— Рубка, я — Сарторык. Я агледзеў адсек. Усе лятальныя апараты на месцы, акрамя аднаго катэра. Са спецкамеры таксама прапаў скафандр.

— А аб'ект?.. Што з аб'ектам? — кінуў у мікрафон Зураў.

— Яго няма, — пачуўся спакойны адказ. — Дзверы выпрабавальнай камеры адчыненыя. Яна пустая. У шлюзе павышаная колькасць тармазной аэразолі. Падобна, камерай зусім нядаўна карысталіся.

— Значыцца, Вольга ажыццявіла свой план, — цяжка ўздыхнуў Віхрын. На ягоным твары мільгануў лёгкі цень трывогі. — Баюся, яе завабілі ў пастку.

— Бачу яе! — прыпаўшы да блакітнага экрана лакатара, раптам усклікнуў Лукаў. — Яна над іглістымі гарамі. Сігнал слабы, але даволі разборлівы.

— Усім тэрміновы збор! — усхвалявана кінуў Зураў. — Падрыхтаваць «Стралу» да вылету...

Барвовы круг сонца паўстаў ужо над гарызонтам, калі наш планеталёт дасягнуў іглістых гор. Яго яркія ружовыя промні шчодра палівалі святлом жоўта-аранжавыя пашчы прорваў, што туліліся пад намі ўнізе. Звілісты горны хрыбет цягнуўся з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Мы зменшылі хуткасць планеталёта. Уключыўшы прыёмнік, Лукаў напружыў слых.

— Я чую пазыўныя яе катэра! — пачуўся радасны вокліч кібернетыка. — Вольга дзесьці пад намі...

Мы прыніклі да назіральных шчылін. Унізе праплывалі выпаленыя жылы скал і барвовыя гарбы пагоркаў, зрэзаныя зігзагападобнымі цяснінамі і спярэшчаныя чырванаватымі голкамі і зубцамі, якія выглядалі дзікімі і пустэльнымі.

— Зірніце, там тунель! — усклікнуў раптам Віхрын, як толькі наш планеталёт дасягнуў шырокай зубчастай цясніны.

Чорная круглая гарлавіна, на якую паказваў першы пілот, месцілася ў самым цэнтры рванага горнага хрыбта. Дымчатая, змрочная, яна была такога гіганцкага радыусу, што ў яе змог бы спакойна праваліцца нават самы вялікі зямны зоркалёт.

— Пашча д'ябла, — ціха вымавіў Лукаў.

— I, здаецца, нам нічога іншага не застаецца, як заявіцца да яго ў госці, — іранічна зазначыў я.

— Толькі што нас там чакае? — сумна кінуў Віхрын.

Зрабіўшы над цяснінай круг, наша «Страла» імкліва кінулася ўніз. Не прайшло і хвіліны, як нас засмактала ў сябе апраметная цемра. Магутныя пражэктары, якія запаліліся на карме, асцярожна зашнарылі па цёмна-шэрых сценах вялізнай цыліндрычнай шахты, якая цягнулася на неймаверную глыбіню.

— Апусканне 300 метраў, — суха дакладваў Лукаў, не зводзячы вачэй з экранаў аналізатараў — 500... 1000... Прайшлі адзнаку 2000 метраў...

Пляма святла, узнікшы наперадзе, прымусіла нас з палёгкай уздыхнуць. Праз імгненне мы ўляцелі ў вялікі паўкруглы, заліты святлом шлюз. Выпусціўшы агнявы слуп тармазнога дыму, наш планеталёт плаўна апусціўся на гладкую прасторную пляцоўку.

— Фю, — міжволі прысвіснуў Зураў у мікрафон скафандра, як толькі шэры засціл рассеяўся і бачнасць палепшылася.

На роўнай люстэркавай паверхні, куды сышлі па трапе, мы, нібы зачараваныя, пазіралі на гіганцкую квадратную залу, што брала пачатак з краю пасадачнай пляцоўкі і знікала ў імглістай далечыні. Яе высокія шэра-карычневыя сцены былі ўсыпаны нішамі, бы тымі сотамі, у некалькі ярусаў; самыя верхнія з іх губляліся ў змроку пад купалам.

Усе яны былі напоўнены бела-малочнай сліззю, якая пералівалася, паблісквала на святле. Уся гэта фувасткая беласнежндя маса паволі круцілася, набываючы самыя разнастайныя і дзіўныя абрысы і формы, няспешна складвалася ў шары і зборкі. Было штосьці чароўнае і адначасова страшнае ў гэтым велічным вірлівым колавароце. Здавалася, што з кожнай нішы, куточка за намі назіралі дапытлівыя нябачныя вочы.

— Што гэта? — прагучаў у навушніках здзіўлены голас Віхрына — I дзе тыя, хто завабіў нас сюды?

— Яны перад намі. Праўда, толькі ў адным экземпляры, — ціха прамовіўя.

— Вы хочаце сказаць, што вось уся гэтая белая маса... адна істота? — пачулася заклапочанае пытанне Лукава.

— Усяго толькі мозг — мозг тае вялікай штучнай субстанцыі, якую мы называем Сакстам. I прызначэнне якой — сядзець і ахоўваць у Сусвеце жыццё, — хутка адказаў я.