Перш-наперш прывабліваў сваім характарам і знешнім выглядам капітан. Вялікія выразныя вочы, шчыры натхнёны твар. Да таго ж, малады, уважлівы, тактоўны. Усё гэта сведчыла не толькі пра яго разважлівасць і сардэчную дабрыню, але і пра ўменне крытычна глядзець на жыццё. Крыху менш мне падабаўся доўгі хударлявы мужчына па прозвішчы Лукаў, што сядзеў каля вялікага жоўтага экрана, з якім я ўжо сутыкаўся, калі падымаўся па выкліку ў рубку. Падобных асоб я ведаў вельмі добра. Гэта быў тыповы сухар-кібернетык. Такіх людзей усё цікавіла толькі з матэматычнага пункту гледжання — лічбаў і формулаў. Але ўсё ж працавалі яны даволі старанна. Амаль не рабілі памылак, былі патрабавальныя і дакладныя нават у дробязях. Даволі прыстойна яны паводзілі сябе і ў надзвычайных выпадках, захоўвалі спакой і стрыманасць. Поўнай процілегласцю Зураву і Лукаву выглядаў малады чалавек з правільнымі рысамі твару, прозвішча якога было Віхрын. Нервовы, упарты і запальчывы. Я цяпер ніколькі не сумняваўся ў тым, што менавіта ён размаўляў з Вольгай у калідоры. Я заўсёды насцярожана ставіўся да падобных нявытрыманых асоб, бо часта іх дзеяннямі і ўчынкамі кіраваў не цвярозы разлік, а хвілінныя пачуцці і эмоцыі. Таму іх паводзіны ў надзвычайных сітуацыях былі непрадказальныя. Але што можа звязваць гэтага маладога чалавека з Вольгай? Ну ён, падобна, захапіўся дзяўчынай. А яна? Як да яго ставіцца Вольга?
Я запытальна зірнуў на дзяўчыну, што сядзела ў высокім надзіманым крэсле каля вялікага агляднага ілюмінатара. Вольга пільна сачыла за капітанам. У яе вялікіх вачах чыталіся павага і захапленне. Дзіўна, але мяне зноў ахапіла адчуванне, што я раней ужо дзесьці бачыў гэты чысты бялюткі тварык. Але вось дзе і калі?
Мой роздум перапыніў голас капітана, які абвясціў пра заканчэнне нарады. Мужчыны, што былі схіліліся над зорнай картай, выпрасталі спіны. Устаўшы з крэсла, я падышоў да дзяўчыны, якая павярнулася тварам да зорак.
— Разважаеце пра таямнічага незнаёмца, які падаў голас з «Аэрона»? — кіўнуў я галавою ў бок блакітнага зорнага гала, што было відаць у люстэрку.
— Ага, — ціха вымавіла дзяўчына. — Ведаеце, гэта мая першая сустрэча з іншымі сусветамі. Таму я вельмі хвалююся. А раптам у мяне нічога не атрымаецца?
—Атрымаецца. Абавязкова атрымаецца, вось пабачыце, — як мага мякчэй прамовіў я. — А хваляванне... Гэта здараецца з усімі ў першы раз.
— Вы так лічыце? Дзяўчына павярнулася.
— Андрэй Мікалаевіч, вы ўсё яшчэ не пазналі мяне? Маленькі домік на ўскраіне Мінска, вішнёвысад...:
Усё. Гэта апошняя фраза!.. Я, быццам зачараваны, пазіраў на сваю абаяльную суразмоўцу. Як жа я раней не скеміў? Гэтыя шэрыя летуценныя вочы, маленькія ямачкі на шчоках... — усё было яго. Я расхваляваўся і па-бацькоўску прытуліў да сябе Вольгу, дачку майго добрага даўняга сябра Пятра Сонцава, які не вярнуўся ў пазамінулым годзе з сорак другой зорнай вандроўкі. У апошні раз — а гэта было гадоў з шэсць таму, — калі я заходзіў да іх, Вольга была зусім яшчэ дзяўчынка: хударлявая, невялічкая, рабая. Цяпер жа перада мной стаяла прыгожая статная дзяўчына...
Раздзел другі НЕГАСЦІННАЯ ПЛАНЕТА
1. Касмічны прышэлец
З касмічнай чарнаты Аэста ўсплыла нечакана...
Спачатку гэта была проста маленькая зіхоткая кропачка, якая рабілася ўсё ярчэй, больш, бліжэй, паліваючы зоркалёт сваім бліскучым жоўта-барвовым святлом.
I вось перад намі паўстала незвычайная карціна. Вялізны блякла-ружовы шар з сінявата-шэрым адлівам нерухома вісеў у чорным небе, а пад ім, ледзь прыкметны, плыў папялісты дыск спадарожніка. Было штосьці чароўнае і адначасова страшэннае ў іх вогненна-крывавым бляску.
Праляцеўшы на значнай адлегласці ад Аэсты, зоркалёт скіраваўся да Сакста, які быў канечным пунктам нашага падарожжа. Мы прыпалі да назіральных шчылін. З вышыні ста тысяч кіламетраў спадарожнік Аэсты выглядаў бліскучым апельсінам жоўта-бэзавага колеру, ніжні месячык якога губляўся ў цемры — уражанне было проста казачнае. Водбліск планеты асвятліў юны твар дзяўчыны, якая схілілася над экранам.
— Якая прыгажосць! — натхнёна ўсклікнула Вольга, пазіраючы на планету. — Я ніколі не бачыла падобнага!
Кібернетык, які стаяў побач з дзяўчынай, кісла ўсміхнуўся і пацёр рукою лоб.
— Усяго толькі гульня святла ў атмасферы, — прамармытаў ён.
— Для вас тут шмат чаго звычайнага, а я ўпершыню ў космасе, — адказала дзяўчына.
Мы зноў прыпалі да назіральных люстэркаў. Павярнуўшы карабель, Зураў плаўна павёў яго ўздоўж іглістых гор. Ледзь толькі тыя скончыліся і перад намі паплыла жоўта-ружовая паласа раўніны, як экран галоўнага лакатара зноў успыхнуў зіхоткай кропкай. Бляск, колер, яркасць — усё казала пра тое, што гэта быў метал.