Заслона туману, якая засціла мае вочы, адступала вельмі марудна. Холад, надзвычайны холад, які прымушаў усе маё целадрыжаць, бы той асінавы ліст, — гэта было першае, што я адчуў. Пасля быў галаўны бэль. Прайшло яшчэ шматчасу, перш чым дрэнныя сны, што завалодалі маёй свядомасцю, адступілі, і я, нарэшце, сабраўся з думкамі...
Вакол мяне стаяла незвычайная цішыня. Не было чуваць ні трэску, ні піску — ніводнага гуку, быццам наўкола ўсё вымерла. Нішто не падала, не кулялася, не дрыжала, не лётала. Я не адчуваў пад сабою нават самага нязначнага хістання. Вібрацыі небыло. Значыцца, пакуль я знаходзіўся ў непрытомнасці, хтосьці стабілізаваў зоркалёт? Але чаму тады не чуваць шуму рухавікоў?
Я павярнуў галаву, агледзеўся. У рубцы панавалі хаос і бязладдзе. На падлозе кучамі ляжалі пагнутыя кантэйнеры, зарадныя скрынкі, бляшанкі, рулоны рознакаляровых папяровых стужак, з блокаў сістэм кантролю капала чорная масленая вадкасць. У паветры стаяў рэзкі непрыемны пах. Я затрымаў позірк на экране аўтаматычнага навігатара. Ён быў пусты. На ім свяціліся толькі кропкі выпадковых перашкод. Што ўсё гэта азначала?
«Трэба прайсці да галоўнага паста», — вырашыў я.
Расшпіліўшы на сабе рамяні бяспекі, я паспрабаваў устаць на ногі. Але цела не слухалася, я зноў паляцеў у крэсла. Толькі з трэцяй спробы ў мяне атрымалася выпрастацца. Дабраўшыся да дзвярэй, я пхнуў іх локцем і ўваліўся ў галоўны пост. Ён быў падобны на будынак пасля землятрусу: усё раскідана і павалена. Кантэйнеры, металічныя скрынкі, інструменты звалены на падлозе. Сарторык сядзеў за пультам нерухома, з патухлымі шклянымі вачыма. Відаць, у момант аварыі ўягонай схеме здарыўся збой і ён самаадключыўся. Я спалохана азірнуўся па баках. Дзе ж капітан?
Не адразу прыкмеціў яго за кучай кантэйнераў, зваленых крокі за чатыры ад мяне. Зураў ляжаў на падлозе з прыадкрытым ротам. Ягоны твар быў нібы васковы. Ступіўшы да камандзіра, я схіліўся над ім, напружана прыслухаўся. З палёгкай уздыхнуў. Капітан дыхаў — паволі, ледзь чутна, але дыхаў. Хутка разамкнуўшы клямары, я выцягнуў з нішы ў сцяне пераносны лячэбна-дыягнастычны апарат, асцярожна дакрануўся ягоным вастрыём да спецыяльнай клемы на камбінезоне Зурава. Праз хвіліну той паварушыўся, расплюшчыў вочы.
— Як вы сябе адчуваеце? — міжволі вырвалася ў мяне.
— Я... у парадку. А што?.. Што з зоркалётам? — пачуўся ціхі шэпт.
Я дапамог капітану прыўзняцца. Ён трывожна зірнуў на Сарторыка, потым пільна абвёў вачыма рубку.
— Звяжыцеся з Лукавым і Віхрыным. Даведайцеся, што ў іх робіцца? — ціха папрасіў ён.
Пасадзіўшы капітана ў крэсла, я выпрастаўся. I сапраўды, што гэта я зусім забыўся пра карабель? Хто ж ім кіруе? Сарторык жа адключаны. 1 пасля — куды мы трымаем курс? I чаму не чутна працы рухавікоў?
Трыма імклівымі крокамі я дасягнуў люстранага экрана. На ім не свяцілася ніводная шкала, не мігцеў ніводзін агеньчык, не ўздрыгвала ніводная стрэлка. Я занепакоена перавёў позірк на ілюмінатар і ад нечаканасці знерухомеў. За тоўстым рэльефным шклом ляжала змрочная шэрая раўніна...
3. Дзівосны паратужк
— Навігатарская, я — Рубка. Як чуеце?
— Ніжняя палуба... Гаворыць Рубка. Адкажыце!
Схіліўшыся над мікрафонам, я некалькі разоў запар паўтарыў выклік. Нарэшце ў дынаміку пстрыкнула, з яго пачуўся крык:
— Рубка, я — Навігатарская. Што ў вас там робіцца? Чаму вы так доўга не адказвалі?
Я лёгка пазнаў голас Віхрына. Першы пілот быў вельмі ўзрушаны. Таму я стараўся гаварыць спакойна.
— У нас тут было некалькі непрыемных хвілін, але цяпер усё ў парадку. Якое становішча ў вас?
Мая хітрасць, здаецца, спрацавала. Ва ўсякім разе голас у дынаміку стаў больш спакойны, хоць усё яшчэ дрыжаў:
— Становішча? Ёсць сякія-такія пашкоджанні. Але разгерметызацыі корпуса няма. А што робіцца ў вас? Дзе мы цяпер знаходзімся? У мяне сапсаваліся прылады назірання. Я нічога не бачу.
— Потым, усё потым, — коратка кінуў я. — А пакуль адключыце ўсё, што не звязана з жыццяздольнасцю зоркалёта. Нам неабходна зберагаць энергію. Удакладніце таксама характар пашкоджанняў Мы чакаем вас з падрабязнай інфармацыяй у рубцы...
Я шчоўкнуў пераключальнікам, настроіўся на хвалю ніжняй палубы. Чаму не адказвае Лукаў? Няўжо з ім нешта здарылася? Нібы пачуўшы мой трывожны кліч, дынамік скрыпнуў. На экране з'явіўся скрыўлены перашкодамі твар кібернетыка. Ягоныя губы ледзь бачна заварушыліся.