Выбрать главу

радзіма ў крыві як допінг яе не бывае мала

няхай адшукаць няпроста але і згубіць складана

2012

калыханка

Сон ніяк не бярэ, хоць стома

агарнула яшчэ пад вечар?

Паратунак даўно вядомы:

можна доўга лічыць авечак.

Супакойся, заплюшчы вочы —

бо разгадка тваёй таямніцы

дужа простая: сёння ўночы

ты не спіш, каб камусьці

сніцца.

2013

песні пра любоў

кастрычнік, рыжская электрычка

імчыць у вырай на сініх крылах.

дурная айчына кашку варыла,

а нам з табой расхлёбваць да крышкі.

аднаму дала, другому дала —

а трэці і сам не ідзе да стала.

не хоча жэрці — ляжыць у кювеце

і гэтага ёй не даруе да смерці.

вось ён выходзіць са мною ў тамбур,

доўга падпальвае і пачынае.

скардзіцца: «кінула мяне баба.

ты мне скажы — хіба не дурная?

я ж, было, думаў — яна жанчына,

я ёй казаў, як яе кахаю,

як я хачу, як яна павінна —

а аказалася — баба дурная.

я ёй спяваў пра край верасовы,

пра азяроды ды пра ядловец —

яна ж не валодае нашай мовай,

яна мой пасыл наогул не ловіць.

хацеў, каб прыгожа, па-моднаму, з понтам,

усё каб з еўропы: бялізна, прасціны.

а ў нас з ёй не ложак — а лінія фронту,

акопы — купалаўскія мясціны.

яна чамусьці зусім не хацела

сабою ўвасобіць той светлы вобраз,

які мне вярэдзіў душу і цела —

глядзі, як закручана вывеў — во, блядзь!»

ён перакінуў на грудзі гармонік,

дым тытунёвы крыху пасплёўваў,

зноўку пайшоў спяваць па вагонах

кепскія песні на ўласныя словы.

прыпынкаў назвы луналі рэхам,

і дождж мацнеў і лупіў па шыбах,

а я ўсміхаўся, паліў і ехаў

да той, якая яго адшыла,

бо я і не думаў, нібы аб цудзе

спяваць утрапёна, звонка й высока

аб той, што ніколі нідзе не будзе,

не бачачы той, што са мной

навокал.

2012

і.к.с.

Я прайшоў і агонь, і палон, і паразаў мільён,

я пакуль не памёр, не пара закалочваць вечка.

Маю розум і зброю, і ўладу на цэлы раён —

я кірую паліцыяй у невялікім мястэчку.

Мы ляцім усе разам да зор — да сустрэчы, зямля,

час прыйшоў выбіраць — хаця розніца, зрэшты, малая:

як да жоўтых — тады нас дакладна прымусяць страляць,

да чырвоных — магчыма, адразу саміх расстраляюць.

Лепей гушкаць сваіх, чым чужых забіваць немаўлят —

аналогіі з Ірадам мроіліся ўсё болей.

Праз надзейных людзей мы даслалі ліста ў атрад

і за некалькі дзён да Каляд атрымалі паролі.

Перабілі сваіх чужых, а чужыя свае

разбрыліся па хатах раней, падалей ад граху.

Забралі сабе касу, пералічыўшы яе,

папалілі паперы і падпалілі страху,

і калі на падворку апошні загад пралунаў,

пазаскоквалі ў санкі, і вось, падганяючы коней,

мы заўважылі Зорку, што ў небе гарэла адна —

з нас ніхто не звярнуў увагі на ейны колер.

Мы ляцелі як вецер, ніхто не глядзеў назад —

вы паверылі мне як адзін, маладыя й старыя.

Мы прарвемся, хлопцы, не сцаць — нам дашлюць дэсант,

калі я абяцаў — значыць, абавязкова прыкрыюць.

За апошнімі хатамі коні памчалі ўнамёт,

і завея наўкол заспявала тужліва калядку,

а на вежы царкоўнай спакойна драмаў кулямёт,

і анёлы над замкавым валам ішлі на пасадку.

P.S.

Прытуліўшыся спінай да сасновай кары,

ты не ўцяміў, як смерць прыляцела ў грудзі,

ты не думаў, што людзі паўсюль звяры.

Падаў снег, на двары быў наступны студзень.

Ты дакладна ведаў адно, стары:

іншага канца снежня не будзе.

2012

1943

Кахай, кахай зямліцу-маці,

палі яе, палі агнём!

Наталля Арсеннева

Мы запалім, таварыш. Ды так, што бацькі не пазнаюць.

Па адной — гэта мала, запалім яшчэ і другую.

Бо калі іх не стане — а рана ці позна не стане —

цыгарэтаў не стане таксама, яшчэ пашкадуеш.

Занурыўшыся ў змрок, засынае навокал Еўропа,