Выбрать главу

скінь яе.

Заўжды мужчыны пачынаюць войны, а ўсё на плечы

валіцца твае…»

І змоўк язык у роце перасохлым (я гэта па-нямецку ўсё сказаў).

Ты сумна пасміхнулася. Па шчочцы скацілася самотная сляза…

- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - - -

Ты з намі супрацоўнічала плённа:

здала ўсе шыфраграмы ОКW —

ці мала новых зорак на пагоны за тое хтось адхапаў у Маскве.

Была ты найкаштоўнейшым кантактам, і я табе

бязмежна давяраў,

і ўсё было цудоўна, але раптам нас нечакана напаткаў правал.

Цябе ламалі і душылі каты, патрабавалі нешта падпісаць —

у чорных казематах акупанта навек твая загінула краса…

Ты не сумуй па здраджанай радзіме, хай не кране душы тваёй

адчай —

па вуліцы, тваім названай імем, нямецкія трамваі паімчаць!

2009–2011

Godzina W

Варшава, вечар перад навальніцаю.

Гадзіннік з вежы бомкнуў пяць разоў.

Анёлы ўніз прашамацелі крыльцамі —

пайшлі на Жалібор. Брыдзе ў касцёл

турыстаў гурт. Трамвайчык каляінамі

Старога Места коціцца-звініць…

Спыніся: тут змагаліся і гінулі.

Дзе ля муроў прылеглі камяні,

лілася кроў па брукаванцы Віслаю,

гулі снарады ўсё цяжэй, бліжэй…

Няма патронаў — словам, справы кіслыя —

але спяваў паранены Арфей.

Пра камандзіра, што не бег за спінамі,

пра інтэндантаў, што варылі суп,

пра сябрукоў, што пад агнём не кінулі,

пра санітаркі дзіўную красу,

пра дым пажараў спляжанага горада,

пра ўсё, што страціў, а пасля знайшоў,

пра маладосць, знявечаную ворагам,

пра вечную нянавісць і любоў…

А валуны клубочкамі згарнуліся,

і там, пад камянямі, спяць яны.

А ты ідзеш па Длугай-доўгай вуліцы

і марыш, што нідзе няма вайны.

2010

Валодзя Караткевіч на беразе Дняпра

Вецер хмары па небе ў сумёты збіраў,

і яны застывалі ў маўклівым спакоі.

Сумны хлопчык сядзеў на адхоне Дняпра,

а краіна драмала ў снягах за ракою.

«Бог пакінуў яе. Пэўна, з дзесяць вякоў,

як забыўся і думаць аб нашай радзіме,

дзе не тое што цмокаў — няма й ветракоў,

ані Донаў Кіхотаў, каб біліся з імі.

Ён пайшоў і пакінуў нас з ёю саміх —

дык на чорта малітвы да гэткага Бога?»

Раптам снег прыпыніўся і вецер заціх —

Бог схіліўся і сумна глядзеў на малога.

І пакуль феерверкі ляцелі ў гару

і клалося ў снапы пад сярпамі калоссе,

ён пайшоў — і адзін нарадзіў Беларусь.

І для першага разу — някепска ўдалося.

2009

Паштоўка ад моладзі

Дарагі і любімы Валодзя, наш заўжды малады літаратар!

Гэты радасны дзень надыходзіць. Размяняўшы дзевяты дзесятак,

ты дагэтуль у нашым балоце — найзапатрабаваны аўтар,

і гэтак будзе заўсёды, хто б і што там ні квакаў.

З табою малююць коміксы і фільмы здымаюць на «кодаку»,

табою нароўні з Астрожскім цяпер ганарыцца Ворша,

а Элвіс дагэтуль з гонарам у «Хрысце» паказвае зноску,

дзе ты згадаў яго прозвішча (хаця й пераблытаў трошкі).

Быццам усё ты маеш: вуліцы, шыльды, помнікі,

наш прэзідэнт штогадова цытуе цябе ў прамовах,

а міністр культуры раіць чытаць штодзённа, каб

пераадолець дэпрэсію і дасягнуць гармоніі.

Што пажадаць — не ведаем: хочацца нечага новага,

але ж адначасова і чаканага, і дарэчнага…

Жадаем табе паслядоўнікаў — такіх, як ты заслугоўваеш.

На гэтым дазволь завершыць, застаемся твае навечна:

Сева Будрыс, фасоўшчык-укладчык;

Мая Раўбіч, студэнтка гістфака;

Стася Рэчыц, фатограф-фрылансер;

Юра Братчык, сістэмны адміністратар.

2010

Мова дажджу

Я. К.

Засынае зямля, і калючымі пальцамі вуліцы кратае снег,

завіруха, сляды замятаючы, ходзіць па краі —

дарагая мая, ты не станеш чакаць мяне больш,

як чакала раней,

я падумаў аб тым і цябе назусім адпускаю.

Не пазначаны на чарцяжы, асцярожна ступаю па краі ляза

і губляць не жадаю гісторыяй дадзены шанец:

я прызнаўся даўно, што мужык, але гэта

няблага было б даказаць —

я спяшаюся йсці да сваіх, што памоўклі ў адчаі,