Выбрать главу

— Пра што вы гаворыце, пане Хайкель! — ажывіўся бацюшка ды адразу падабрэў да рэстараншчыка.— Месія ўжо аднойчы прыходзіў і болей не з'явіцца да самага страшнага суда, а ўсё гэта — ашуканства і ерась!

— I я тое ж хачу сказаць! — узрадаваўся стары.

— Калісьці такіх на вогнішчы смажылі! — бацюшка з нянавісцю кіўнуў на шырму.

Свяшчэннік некалі марыў усё жыццё правесці на вёсцы, каб аддаць усяго сябе служэнню богу і людзям, намерваўся перавярнуць свет, а скончылася тым, што не мог нават уталкаваць мужыкам пра Грыбоўшчынскае цемрашальства. Людзі адвярнуліся, а ўсявышні ўпарта не заўважаў яго ахвярнасці.

Ад суму ў апошні час айцец Якаў прыдумаў сабе забаўку — паляванне на зайцоў у Вастрынскім беразнячку. На брака-ньера нехта данёс, і бацюшку сёння выклікалі ў пастарунак.

Айцец Якаў спадзяваўся на арышт. Каб не акалець у халоднай, ён апрануў усё зімняе — на цэментавую падлогу было б якраз. Але паліцыя з-за яго сана на першы раз браканьерства папу даравала. Пан камендант бацюшку адпусціў з высакамернай велікадушнасцю нават без штрафа, але гэта айца Якава ўкалола найбольш. Падумайце толькі, нейкі палячок, які яшчэ пятнацнаць гадоў таму назад не адважваўся і пікнуць, цяпер рабіў яму ласку!..

З гора айцец Якаў заглянуў да Хайкеля, дзе яму і надарыўся аб'ект, каб сагнаць злосць. Зрэшты, з Альяшом у папа не зведзены парахункі былі даўно.

Перакуліўшы кубак у бяздонны правал рота, айцец Якаў выцерся рукавом ды загаварыў да Хайкеля з затоенай крыўдай:

— Калі спасіцель рабіў свае цуды ў Галілеі, і то не было тады такога стоўпатварэння, як у гэтай задрыпанай Грыбоўшчыне... I не ў дакор вам будзе сказана, пане Хайкель, калі вашы суайчыннікі распіналі нашага госпада на крыжы, я заўсёды абураўся жорсткасцю гэтага ўчынку — пакараць можна таксама іншым спосабам. Але, калі я бачу такое безабразіе, я гатоў сам гэтага д'ябла распяць на крыжы, даруй мне, госпадзі, калі няправільна падумаў! — перахрысціўся бацюшка.— Я б уласнымі рукамі цвікі яму забіваў у голае цела, яшчэ раз даруй, божа!

— Ой, што вы гаворыце, айцец Якаў?! Які б ні быў ён, але ж хіба можна заганяць цвікі ў жывога чалавека?

— Сатана, нячысты, антыхрыстаў пасынак, толькі воблік чалавека мае!

— Вы адно так гаворыце! Ведаю праз сябе — каб, дайшло да справы, не хапіла б смеласці!

Госць зняважліва паўзіраўся на старога.

— У мяне-е?!

—...I я так думаю,— не даваў яму гаварыць рэстаран-шчык,— казкі пра тое, што кажуць на яўрэяў, бытта яны распялі Хрыста! Не маглі нашыя гэтага зрабіць! У жывога чалавека заганяць цвікі?! О-вэй, мы нават курэй самі не рэжам, а робіць гэта шайхэт!.. У паласатым халаце шайхэт іх рэжа, а равін над ім чытае талмуд!

— Зрэшты, калі быць зусім дакладным, яўрэі і не распіналі,— разважыў свяшчэннік.— Яны толькі крычалі: «Распні, распні яго!..» Распіналі рымскія салдаты. I ўсё гэта было ад госпада, бо ні адна пылінка, ні валасінка не ўпадзе без волі яго!.. Таму і рымскіх легіянераў гасподзь паслаў!

— Не маглі, не маглі нашыя гэтага зрабіць...— запэўніў рэстараншчык ды раптам, уражаны, спахапіўся: — Як вы сказалі? То вы, айцец Якаў, сказалі, што рымскія салдаты распялі яго?!

Але бацюшка перажываў сваё. Ён ускінуў магутныя ручышчы к небу і бліснуў здаровымі бялкамі вачэй:

— Божа, усяміласны, даруй мне, грэшнаму, што знізваджу цябе з вышыні тваёй велічнай усемагутнасці! Няхай твая боская аснова не ўбачыць у гэтым абразу, што так уніжаю тваё імя да смярдзючага халопа!.. Я малю цябе пакорна — пашлі сваіх легіянераў, няхай яны сваімі свяшчэннымі мячамі, агністымі маланкамі пакладуць нарэшце канец агіднаму паскудству, што разводзіць грыбоўшчынскі хітры д'ябал і сектант! Святы божа, абразум гэтыя тысячы аслепленых няшчасных, якія знаходзяць сабе ўцяшэнне ў фальшывай грыбоўшчынскай юдалі!

Расхінулася шырма.

З закутка ў зашмальцаванай світачцы і ў заскарузлых ботах выйшаў Альяш. Ні на каго не пазіраючы, не прамовіўшы ні слова, дзядзька палажыў перад Хайкелем пяць злотых манеткай ды павалок торбу на вуліцу. Спрачаючыся і махаючы рукамі, выскачылі з-за шырмы Хайкеляў сын і зяць.