Выбрать главу

— Маму, глянь — кветка!

— Кінь зараз жа гэто зелье! — крычала Юзэфіна, бытта ў сынавых руках было нешта агіднае.— Кінь, покуль бацькі не паклікала!.. Кідай гэто дзераво!..

Хлопчык панура адыходзіў.

Павяла аднойчы Юзэфіна абодвух сыноў у Вострава да прычасця. Ведаючы, што ад яе, перахрышчанай з каталічак, бабы не будуць адводзіць вачэй, Лаўрэніха апранула сыноў у плюшавыя касцюмчыкі з кароткімі штонікамі, у якіх яшчэ ніхто з малых не хадзіў,— хай глядзяць, якая яна маці, і зайздросцяць.

Бацюшка ўзяў з пазалочанай чашы намочаны ў віне хлеб, сунуў лыжачку ў рот Максіму. Дзіця закашлялася і пырснула ўсё прычасце сабе і брату на грудзі.

У царкве ўзняўся перапалох. Раззлаваны свяшчэннік ад абурэння не знаходзіў слоў. Помслівыя бабкі апяклі Юзэфіну злараднымі вачыма. Дзячок жа дзелавіта вышчыкнуў нажнічкамі кавалкі з касцюмчыкаў, куды капнула «кроў і цела Хрыстова», сабраў усё у талерачку і панёс паліць у кадзідле...

Юзэфіна потым не магла забыць ганьбы, не магла дараваць старэйшаму сыну прамашкі. Максім вечна хадзіў у сіняках, а маці на кожным кроку яму цвярдзіла:

— Ніяк не здохнеш, заменак ты!.. Іншыя малыя ўміраюць ці топяцца, а цябе, паганца, і халера не бярэ!.. Каб ты сінім агнём згарэў, байструк няшчасны, як ты на маю галаву навязаўсо!..

Зрэшты, малыя наогул тады не надта ведалі ласку. Хлопчык выбягаў на вуліцу, а іншы дарослы кідаў стандартны жарт:

— Патрымай, патрымай мне яго, я яму зара сюську адрэжу!

I здаволенаму дзецюку смешна было глядзець, як перапалоханы да смерці малы даваў драла на свой падворак.

Уяўную распусту ў дзяцей тады выганялі ледзь не з дня нараджэння. Білі іх і ў школе. Сыпалі на падлогу грэчку і ставілі з паднятымі рукамі на калені. Гадзінамі прымушалі маліцца...

Аднак ні беднасць, ні лупцоўка не перашкаджалі ім стаць дарослымі, а палачнае выхаванне давала вынік.

Суботнімі і нядзельнымі вечарамі, захльшаючыся ад маладосці і свабоды, страшаўскія лесарубы з Альяшом і яго братам Максімам зацягвалі на ліпу якому-небудзь дзядзьку сані альбо затыкалі снопікам удаве комін ды ішлі да цёткі патрабаваць выкуп. Узброеныя бязменамі і нажамі, гарланілі:

— Нас пабі-іць, пабі-іць хацелі. Нас пабі-іць збіра-аліса-а! А мы та-ак жа не сядзе-елі, Таго ж дажыдаліса-а!..

— урываліся на музыкі, разганялі сапернікаў.

А ўжо каранным нумарам у іх было — злавіць на вуліцы дзеўку, завязаць ёй на галаву спадніцу і потым на вечарынцы ўспамінаць падрабязнасці і гэтак рагатаць, каб ахвяра бачыла разяўленыя ад весялосці раты, бачыла, як паказваюць на яе пальцам.

Верхаводзіў над усімі Паўтарак — дужы, пранырлівы: насуперак яму і слова не скажы.

Сын прыпадачнай вырас падобны на камель дуба. Нібы выліты з аднаго кавалка магутны торс, мускулістыя і кароткія ногі, а на квадратных плячах сядзела моцна пасаджаная галава з шырокімі сківіцамі. Рухаўся хлапец, нахіліўшыся наперад,— бытта толькі і займаўся тым, што развальваў платы ды выбіваў з вушакоў дзверы.

Паўтарак мог хапіць за рогі быка, заламаць яму галаву на спіну, і жывёліна, як падкошаная, апускалася на калені.

А то яшчэ ўпіраўся ў ручку воза, і конь не мог зрушыць з месца. Паздзекаваўшыся гэтак з дзядзькі, Паўтарак браўся за колы, паднімаў воз, і перапалоханы да смерці фурман з палукашкам ды саломай ляцеў на зямлю.

Надышоў час, забралі да войска страшаўцаў, якія працавалі тады ў Студзянскім лясніцтве.

Пайшоў служыць Клімовічаў Максім, потым і яго брат Альяш.

У салдаты не ўзялі адно Голубавых хлопцаў — Якуб з Настусяй папрадавалі ўсё, што маглі, падкупілі прызыўную камісію і ўладкавалі сыноў майстрамі да краўца ў Гродна.

Не ўзялі служыць і Паўтарака. «Па прычыне тупасці і хранічнага сіфілісу» — напісалі сіраце ў дакументах урачы.

5.

Ішлі гады.

Вярнуўся з войска мой дзед.

Вярнуліся і астатнія страшаўскія лесарубы, і былыя задзіры ды толькі часамі ўспаміналі, як ў Грыбоўшчыне разганялі музыкі ды палохалі людзей. Іхняя свядомасць к таму часу склалася ў адпаведныя стэрэатыпы.

Усе яны пажаніліся, падмянілі пастарэлых бацькоў на гаспадарках, гадавалі сваіх дзяцей і гэтаксама, як дзяды і прадзеды, пасціліся перад вялікімі святамі, хадзілі ў царкву ці касцёл і выстойвалі абедні ды з жанкамі паддаваліся ажыятажу вакол мошчаў «Іудзеямі ўбіеннага Заблудаўскага дзіцяці Гаўрыіла»1.

Аж не верыцца, страшна падумаць, што і маё Страшава было ва ўладзе такіх забабонаў.