— Нічого, Коля,— з годнасцю і ноткамі мацярынскай цеплыні адказала яна.— Хто змірае дух свой, той куды мацнейшы за таго, хто пакарае гарады!
— Ха!.. Змірай, змірай — так на шыю табе і ўзлезуць!
— На тым свеце, Колечка, усе роўныя будзем!..
— Паехала зноў пра сваё!..
Хімку хлапец ведаў аж надта: яму адразу зрабілася з ёю сумна. Яго сябры завязалі з Петруком гарачы дыспут, і Мікалай прыслухаўся.
— Ты знайшоў сваю праўду? — упарта адбіваўся ад меляшкоўца фурман.— I кажаш, што бога няма? I маеш рэхт, што так гаворыш! Бо адкуль ты можаш ведаць, што бог е, калі ты не перажыў яго? А я ведаю напэўно, бо перажыў!.. Е ў цябе праўда? То нясі яе высоко і дастойно, як нёс сам Хрыстос, а я буду несці сваю, і не мяшаймо адзін аднаму!
— Не перашкаджаць табе? — не адставаў меляшковец ад Майсака.— У тваёй Бібліі гаворыцца, што першымі людзьмі на зямлі былі Адам і Ева, так?
— Ну, так.
— Адамавы хлопцы пажаніліса і пабудавалі гарады, так?
— Няхай.
— Ты не выкручвайса, а гавары — так ці не? — Ну, так.
— То дзе ж набралі яны жонак і народу ў свае гарады, калі і людзей на ўсім свеце не было, чаму такая брахня стаіць у тваёй хвалёнай Бібліі?.. Не ведаеш? То як жа ты верыш? Цемра ты!..
— Слухай! Калі я ем панцаковую кашу і мне на зубы трапіць асцюг, то я ж не вывальваю міску ў цэбар! Выкідваю толькі асцюг, а кашу ем далей...
— Пра кашу пачаў ужэ ты!..— узрадаваўся Мікалай і кінуўся сябрам на падмогу.— Пра соль і перац шчэ ўспомні!.. А-а, халера, не маеш чым крыць, падло!..
Дарога дэлегатам здалася адным імгненнем.
...Раніцой хлопцы апынуліся на гродзенскай станцыі. У дэпоўскай сталярні знайшлі самавітага Лявона Шыдлоўскага — з ім Мікалай спатыкаўся толькі на сходках.
— Каго бачу, Кахановіч, о! — уставіў на іх выпучаныя вочы сталяр.— Значыць, ты са сваімі ўжэ тут! А да нас учора сам прэзідэнт прыехаў, от што!
Чорны, бы старая і распараная халява, успатнелы твар чалавека быў заклапочаны.
— Кажуць, паліцыя, скону ёй няма, атрымала загад вылоўліваць дэлегатаў, о! — пачухаў дзядзька патыліцу мускулістай і загарэлай рукой.— Цэлы дзень трэ вам, хлопчыкі, насцярожанымі быць, от што! Вечарам пасылаю ў Вільню сваіх кур'ерскім, адпраўлю і вас заадно. У поездзе едзе таксамо і прэзідэнт, але вы не бойцеса, о! У такім вагоне арыштоўваць мо пабаяцца, каб не ўзнімаць скандалу — сам жа дазвол падпі-саў на той з'езд, от што! Калі ўжо крануць на пероне, танна ў рукі не давайцеса—лямантуйце, каб карэспандэнты ўбачылі, яны ж надта іх баяцца! А покуль што залазце унь у стружку ды спіце, о!
— Думаеш, прыйшлі мы да цябе вылежвацца тут? — Кахановіч яго высмеяў.— Вечара дачакаемся без сну, пойдзем горад глядзець! Нашыя бацькі і дзяды егдзілі сюды крэпасць будаваць, усе хлопцы ў войску тут перабылі, і дзевак нашых колькі тут у паноў пераслужыла!..
— Прэзідэнта мо пабачым заадно! — дапамаглі Мікалаю сябры.
— Не маленькія, самі мяркуйце, о! — стаў Шыдлоўскі праз галаву здымаць залатаны фартух.— Чорт вас бяры, мне вашых задніц не шкада, калі трапіце пад гумы! Давайце грошы на білеты, іду купляць сваім, то і вам куплю заадно! Унь кран і шкафчык, там е ўсё, ваксуйце боты!
У той дзень якраз Гродна ашчаслівіў прадвыбарнай «візітацыяй» сам галава дзяржавы.
Хімік па прафесіі, гэты чалавек у маладосці знайшоў новы метад прывязкі азоту. Ужо тры дзесяцігоддзі жыў ён з дывідэндаў, што адчыслялі фірмы за патэнт і паі, а ўрадавыя падхалімы раздувалі яму славу вялікага вучонага. Апошняй сенсацыяй для афіцыёзаў паслужыла бытта бы стварэнне прэзідэнтам машыны для прадукцыі горнага паветра. Гэтае вынаходніцтва мелася вырашыць усе беды на зямлі.
Пасля снядання мэр горада, пан Стэмпоўскі, надзеўшы свой цыліндар, павёў высокага і мажнага пана ў афіцэрскіх ботах ды ў чорным, з заламанымі над вухам палямі, кацялку на інспекцыю.
На Замкавым дзядзінцы прафесар Ядкоўскі завёў прэзідэнта пад палатняны дах. Павольны, як бусел, у клячастых брыджах і ў панчохах да каленяў вучоны паказаў толькі што раскапаную ім княжскую царкву XII стагоддзя. Пад вялізным навесам з суровага кужалю ўражаў сваёй правільнай формай, зіхацеў маёлікавымі пліткамі ўнушальны помнік старажытнай рускай культуры, вытыркаўся з-пад дзевяціметровага культурнага слоя зямлі якраз там, дзе, паводле ўсіх падручнікаў гісторыі, можна было раскапаць толькі касцёл.
Пан прэзідэнт слухаў моўчкі. Ён нават крануў асі-метрычную і плоскую цэглу са слядамі пальцаў старажытных майстроў. Паспрабаваў укалупнуць разведзены на жаўтках і бычынай крыві акамянелы раствор. З недаўменнем паківаў галавой: