Староста запрасіў прэзідэнта ў банкетную залу, дзе з цэлым аддзяленнем сваіх афіцыянтаў чакаў іх у фраку сам гаспадар рэстарана «Еўропа» пан Пытко.
За абедзенным сталом з сервізамі, пазычанымі ў князя Друццо-Любецкага, дзелавая размова прадоўжылася.
Прэзідэнту спатрэбіліся каыдыдатуры заслужаных грама-дзян для ўзнагароды ардэнамі і медалямі. Людзей спецыяльна падбіралі рознай веры і маёмасці. Староста з мэрам кандыдатуры называлі, госць ківаў галавой, а сакратар заносіў прозвішчы ў спісак.
— Паляка Юзэфа Ёдкоўскага — за раскопкі!
— Яўрэя Бэрку Старапольскага за будаўніцтва фабрыкі гродзенскіх веласіпедаў «Вільк» — 700 машын у год!
— Рускага, царскага генерала ў адстаўцы Трусава за ахвяру 1000 злотых на будаўніцтва дома «Стжэльца»...
— Панове, не забудзьце даць аднаго беларуса! — напомніў прэзідэнт.— Яны з украінцамі ўсё крычаць, што іх крыўдзім!
— Прапаную мужыка з-пад Крынак, ад якога сёння была пара дэлегатаў з падарункамі! — падсказаў староста.
...Нарэшце па вуліцах горада працокалі сотні капытоў — к магістрату на белых конях ехаў эскадрон сувальскіх улан. Падкаціла чорнае, бытта выцесанае з адной бліскучай брылы антрацыту, ландо на гумовым хаду. Гэтым фаэтонам ездзіў яшчэ губернатар, славуты Сталыпін. Ім карыстаўся кайзер, заняўшы ў 1915 Гродна. Запрагалі яго і Пілсудскаму, калі маршал па дарозе ў Друскенікі начаваў у Гродне. У пажарнай камандзе для гістарычнага фаэтона спецыяльна адкормлівалі чацвёрку гнядых.
Трымаючы цыліндры падкладкай з крэмавага шоўку ўверх, Стэмпоўскі са старостам падсадзілі прэзідэнта ў гістарычнае ландо, узлезлі самі ды прымасціліся «візаві» госцю. Не азіраючыся, староста пнуў фурмана зонтам у спіну. Стары дзед з маршальскімі вусамі папусціў раменныя лейцы, па-мазурску кінуў:
— Вічта, вё-о!..
Перабіраючы, нібы пальчыкамі, нагамі, чацвёрка застаялых звяроў лёгка кранула фаэтон, і яго гума зашуршала па каменях. Прагучала вайсковая каманда — за ландо з флажкамі на жалезных дзідах выцягнуліся двума лініямі ўланы.
Маляўнічы караван адправіўся на развітальны аб'езд горада, дзе на тратуарах стаялі перапоўненыя маладым патрыятызмам «стжэльцы» з гімназістамі. Яны не маглі дачакацца, калі можна будзе крычаць, махаць флажкамі ды сыпаць паперкі.
На вуліцу выйшла і ўся паліцыя. Сёння яна была нязлосная, занятая важнасцю гістарычнага моманту. Вартаўнікі дзяржаўнага парадку з пасачкамі пад барадой сачылі цяпер уважліва, каб людзі не вылазілі з тратуараў на брук. Яны чакалі запаветнага моманту, каб злавіць позірк высокага госця. Да страшаўцаў нікому не было снравы.
Нашы «тэбэшоўцы» нагледзеліся на панскі карнавал уволю. Назбіраўшы малым братам, сёстрам ды пляменнікам поўныя кішэні каляровых паперак, страшаўцы завулкамі адправіліся на станцыю.
На пероне ўжо даўно блішчалі свежым лакам і ні-келіраванымі ручкамі вагоны кур'ерскага. Уздоўж пульманаў, як на расстрэл, выстраіліся амярцвелыя чыгуначнікі. Ля будынка вакзала пана прэзідэнта чакала вузкае кола з вышэйшага свету. Генерал Бэрбэцкі раздаў дзецям дубцы і малых муштраваў:
— Рота, слухай маю каманду!.. На пля-чо!.. К на-азе!.. Шагам — арш!..
Кожны гараднянін ведаў, што маршал Пілсудскі меў звычку лавіць у парку дзяцей і так забаўляцца: на малпаванне здзяціненага генерала сабраныя не звярталі ўвагі. Расфуфыра-ныя дамы ні на секунду не забывалі, што толькі ім выпаў гонар стаяць тут. З дрыжаннем сэрца яны стараліся сабе ўявіць, якое ўражанне зробяць уборам, прычоскай і пекнымі дзецьмі на вы-сокага госця. З заміраннем душы гадалі, ці будуць мець гонар звярнуць на сябе ўвагу іхнія мужыкі, ды смакавалі асалоду, з якой стануць заўтра размалёўваць падзею перад знаёмымі.
Галаваром іншай групы быў камандуючы вайсковай акругі — генерал Румболь.
Заслужаны легіянер і ўладальнік пары маёнткаў вёў сябе незалежна: інтэлігентны твар жывога і энергічнага пана не выказваў ні страху, ні хвалявання. Яго аксельбанты, сярэбраныя зігзагі ды лак на рамянях блішчалі крыштальнай свежасцю, а дапасаваны да зграбнай фігуры мундзір рабіў Румболя статным і маладым.
Афіцэры, што абкружылі камандзіра, заразіліся яго бяспечнасцю. Спаборнічаючы ў элегантнасці, чакалі яны высокую асобу з пачуццём прыемнага абавязку. Іхні генерал нядаўна трапіў у канфлікт з сям'ёй прэзідэнта. Паводзіны Румболя ва ўсёй гісторыі былі рыцарскімі, і афіцэры без вагання сталі на яго бок. Справа выглядала гэтак.