Румболь над морам адпачываў.
Аднаго разу ўзняўся вецер. Бязбрэжны прастор вады раптоўна счарнеў і закатлаваў, паветра напоўнілася прарззлі-вым віскам чаек ды трывожным гулам сігнальнага звону. Купальшчыкі даўно паўцякалі на бераг, толькі нейкім двум тыпам уздумалася выпусціць якраз на хвалі яхту. Бутленькая скарлупка, вядома, перакулілася. Пасажыры сталі роспачліва валтузіцца ў хвалях.
На беразе ў паніцы забегалі дзве дамы.
— Яны плаваць не ўмеюць! — вішчала адна.— Езу, коханы, што будзе, о-ей!..
Салёнымі пырскамі вецер сек твары людзям: курортнікі і не думалі лезці ў ашалелы калаварот!
Румболь быў выдатным спартсменам. Ён сцягнуў з сябе вопратку, размашыстай сажонкай перасек пеністыя грэбні ашалелых хваляў і дабраўся да перакуленай яхты. Недарэкі пачалі збавіцеля цягнуць на дно. Генерал пааглушваў абодвух кулаком ды пабуксаваў, як кацянят, да берага, дзе яго курортнікі прывіталі дружнымі апладысментамі.
Адзін тапелец ачнуўся і прамармытаў падзяку, а другі быў без свядомасці. Цяжка дыхаючы, Румболь кінуў яго на пясок перад дамамі, праказаў:
— Адкачвайце гэтага дурня!
— Пане генерале, вы забываецеся! — абурылася дама маладзейшая.— Перад вамі — мой муж, міністар Пшыбыльскі!
Толькі цяпер да яго дайшло, што перад ім — дачка і жонка прэзідэнта!
— То бяры, пані, гэтага ідыёта, што плаваць не ўмее, а лезе ў час шторму ў хвалі, і ратуй, бо мне ад холаду ногі зводзіць!
Так Румболь тады і не дачакаўся слова падзякі. Чамусьці ён быў упэўнены, што прэзідэнт выкажа яе сёння на пероне. Не сумняваліся ў гэтым і афіцэры. Толькі ж чаму не паклікаў яго ў магістрат, калі збіраў вярхі горада і куды запрасіў нават каменданта?.. Няўжо каб дагадзіць жонцы?
— Кабеты могуць рассварыць каго хочаш! — падбадзёрваў свайго начальніка франтаваты палкоўнік Квяткоўскі — ён з-за дачкі быў у добрым гуморы.— Учора бачыўся ў Варшаве з генералам Яхантам. Яго салдаты стаяць на варце каля кватэры прэзідэнта. Адзін радавы ўздумаў весці дзённік. Яхант пацікавіўся, што ж такі вясковы недарэка можа апісваць. Узяў замусолены сшытак і чытае: «Сёння ў гарохавым супе трапіла дзве порцыі мяса!.. Зноў стаяў на варце ля Бэльвэдэра. Дочкі прэзідэнта запрасілі альпійскую чэмпіёнку Валясевічувну, каб навучыцца бегаць. Лёталі па парку. Але ж і цыцкі трасліся!..»
Кампанія вайсковых выбухнула рогатам здаволеных сваім лёсам і здаровых целам мужыкоў.
У гэты момант загаманіла людское мора, і недзе блізка пачуліся крыкі:
— Нех жые-е!.. Пану прэзідэнту — ві-іва-ат!.. Нарэшце на прывакзальнай плошчы з'явілася чорнае ландо. Уланы развярнулі коней і стрымалі натоўп. Аркестр грымнуў туш.
Энтузіязм моладзі запаланіў і прэзідэнта. Яго вочы блішчалі ўжо маладым агеньчыкам, твар пакрыўся чырвона-шэрымі плямамі. У акружэнні старосты, мэра прэзідэнт з сарамлівай сціпласцю прыняў ад дзяцей кветкі і стаў развітвацца.
Высокі госць знайшоў час і словы, каб развітацца з кожнай дамай.
Ён паклікаў нават генерала Бэрбэцкага, палкоўніка Квяткоўскага і паціснуў ім рукі. Каменданта прэзідэнт нават спытаў, ці дачка яго не надта перажывае прамашку, ды папрасіў перадаць панне Вандзе, што ён паненку будзе заўсёды памятаць..
Праходзячы каля Румболя ў салон, прэзідэнт на генерала нават не ўзглянуў. Генерал не ведаў, што ў Варшаве ўжо ляжаў падпісаны маршалам загад аб пераводзе яго ў стан спачынку... (Так Румболю і трэба. Хай ведае другі раз — зяці прэзідэнта не тонуць, кулаком па башцэ іх не б'юць і тым больш — не абзываюць дурнямі!)
Як толькі ў тамбуры ўрадавага салона знік дастойны госць, падкаціла масляністая стальная аграмадзіна француз-скага паравоза з бела-чырвонымі сцягамі, скрыжаванымі наперадзе катла. У суседнія вагоны пачалі пускаць нешматлікіх пасажыраў — кур'ерскія ездзілі амаль пустымі.
Селі ў вагон і страшаўцы.
— Дзяжурны па станцыі знаёмы! — шапнуў ім на развітанне клапатлівы Шыдлоўскі.— Ён пазваніў у Вільню, каб вас спаткалі, о!..
Хлопцы нашы ўжо ехалі, а гумар іх не пакідаў. Яны з прагнасцю маладых ды здаровых людзей, якім не гэтак часта даводзіцца бываць далей суседняй вёскі, з цікавасцю да ўсяго прыглядаліся. А недзе там, за тонкімі сценкамі,— гэткая кампанія, што страшна і падумаць. Столькі за адзін дзень убачыць і перажыць!
— Чым так пахне, хлопцы? — пацягнуў носам Кахановіч ды выглянуў у калідор.— Ага, дзеці іхнія ядуць штось!
Прыгледзеліся і астатнія.
Па калідоры лёталі паніч з паненачкай. Малыя смакталі не то яблыкі, не то памідоры, а шкуркі сабе шпурлялі ў адчыненае акно. Пасучы кароў, гэтыя падвялыя, зморшчаныя лупінкі нашы хлопцы знаходзілі на пуці, прабавалі іх нават жаваць I пляваліся — такім цвёрдым ды агідным здаваўся панскі прысмак. Це халера, які ён унь сакавіты і араматны — аж у носе свярбіць!