Выбрать главу

— А гэты іхні прэзідзнт? — дзівіўся Мікалай. — Смарчок, хоць і высокі надто. Кожнага старого страшаўца звадзі ў лазню, чыста апрані, пакарміўшы добро, будзе выглядаць не горай!

— А я глядзеў і думаў: і пра такого чарвіваго грыба калісь у школе прымушалі мяне шчэ і вершык вучыць!

...Калі яны пад'язджалі да Вільні, у вагон уварваўся хлопчык з газетамі і пракрычаў:

— Незвычайная навіна — прэзідэнт у Гродне!.. Купляйце экстра-выпуск за дзесяць грошаў!

Мікалай падаў хлопчыку манетку.

— Ну, ну, што паны там пішуць — давай паглядзім! — разгарнуў ён паперу і пачаў чытаць. — «Праз цяжкія, алавяныя хмары, якія некалькі дзён віселі над горадам, раптам прабіліся радасныя промні сонца! Трыумфавала прырода! Трыумфавалі і ўзрушаныя сэрцы гараднян на думку, што ў іхні горад прыязджае Пан Прэзідэнт ды выпадзе ім шчасце правесці хвіліны найвялікшага хвалявання, адчуваць побач Найбольш Дастойнага Чалавека Рэспублікі!..» Ах, брахун прадажны, як лоўко размаляваў! — дзівіўся Мікалай, апускаючы пару абзацаў.— «... Але ж ці можа быць большая асалода, ці можа чалавека спаткаць вышэйшая ўзнагарода, як у знак любві і павагі да Маестата скласці ў Дастойныя рукі Найшаноўнейша-га Грамадзяніна Рэчыпаспалітай сімвалічны падарунак. Чэсць такую атрымалі: фабрыкант Старапольскі, памешчык Трусаў...», такі і такі... Халера на вас!.. «Мужыкі з вёскі Грыбоўшчына...» Што-о? З Грыбава?! — анямеў Мікалай.

Ад раптоўнай здагадкі анямелі на хвіліну і яго сябры.

— Дак во куды яны кужаль перлі! — паківаў галавой меляшковец праз мінуту.

— Ну-у, Хімачка, швагер цябе ў дом цяпер не ўпу-усціць! — пагразіўся Мікалай.— Ты бачыш, такая сабе святая і добрая, ды — на табе, куды занясло!

— Цьфу, халера, шчэ і на іх возе ехалі!.. А не прызналіса!..

Цягнік прыбыў на месца. У вагон уварваўся ў «рагатыўцы» з малінавымі кантамі чыгуначнік, спытаўся:

— Хто тут сваякі Шыдлоўскага?

Гродненцы азваліся.

— Шлюс, калегі, ваш з'езд адмянілі, холера ясна! Дэлегатаў ловяць! Ого, нашыя паны дазволяць такую вольнасць — збірацца і штосьці вырашаць тым, каго лічаць слугамі і парабкамі: фігу з макам!

— А як жа мы? — разгубіліся хлопцы.

— Не высоўваць носа адгэтуль, тут вы покуль што бяспечныя. Гліне і ў галаву не прыйдзе, што вы аж так нахабныя: ехалі кур'ерскім з самім панам прэзідэнтам! Калі вагоны адвалакуць у парк — ходу ў Парубанскі лес!

Раптам скончыўся ў нашых хлопцаў запас сілы, Грыбоўшчынскі Альяш ды іншыя праблемы адышлі ўжо на задні план. Дзе правесці ноч, як абмінуць аблаву, як пераадолець дзве з палавінай сотні кіламетраў?

Раздзел пяты

1.

Праваслаўнае духавенства не магло не бачыць, якую папулярнаець мае Клімовіч у паствы, але доўгі час глядзела на прарока скрозь пальцы. Калі ж дзядзька пабудаваў сапраўдную царкву, яно стала перад дылемай: сектант, раскольнік, самадур, а храма яго нікуды не дзенеш, што рабіць?

Глядзелі на самазванца адзін год, глядзелі другі...

Каб не апынуцца ў дурнях, не адбіць ад сябе веруючых, каб палажыць лапу на Альяшова багацце духавенства вырашыла дзейнічаць. Настаў дзень, і ў глухую вёсачку на шыкоўных лімузінах з Гродна пакаціў сам архірэй са світай — уладыка Антоній.

Архірэі, як вядома, для эфекту прымушаюць веруючых су-мысна сябе доўга чакаць. Але ў Антонія на гэты раз была такая пільная справа, і так ён да яе спяшаўся, што ў Грыбоўшчыне з'явіўся раней нават вызначанага часу і свайго амерыканскага «хрыстлера» з тонкімі, аблітымі белай фарбай спіцамі ўладыку давялося спыніць у бліжэйшым хвойнічку ды чакаць.

Сотні басаногіх падшыванцаў абкружылі машыны, якія яшчэ дыхалі перагрэтым маторам, вострым пахам бензіну — дзеці пажыралі сур'ёзнымі вачыма доўгавалосых папоў — не папоў, дзядоў — не дзядоў. — Па-ам! — пасігналіў ім архірэйскі шафёр. На хвіліну як бы памяняліся яны ролямі. З сур'ёзнасцю дарослых хлопчыкі ламанулі ў поле, а самавітыя барадачы па-дзіцячаму рассмяяліся. Нарэшце прыбыла дэлегацыя мужыкоў. Дастойны госць у адну руку ўзяў архірэйскі жэзл, у другую — сярэбраную дараносіцу, што вёз у падарунак новаму храму, і дазволіў сябе выняць з машыны. У свежых ад дзёгцю ботах, у раз на год адзяваных касцюмах, паголеныя і маладжавыя дзядзькі няўклюдна ўзялі ўладыку Антонія пад рукі і павялі на святы ўзгорак, дзе з напружанай цікавасцю чакаў іх людскі мурашнік — добрых тысяч дзесяць сялян на чале з Альяшом. Напярод архірэя забеглі падвучаныя нашай Хімкай малыя дзяўчынкі ў белым адзенні і пачалі ўсцілаць дарогу дарагому госцю пялёсткамі язміну.