Выбрать главу

Гэтым часам Серафімаў памочнік не менш рамантычна праводзіў час.

Шурка Банадыкоў прыехаў з войска на пабыўку і начаваць напрасіўся ў бацькоў у гумно. Хлапец ужо ляжаў на сене, радаваўся, што ён дома, удыхаў знаёмыя з дзяцінства пахі. Раптам скрыпнулі дзверы, і ён адчуў, што ў гумно ўбеглі двое. Мужчына па-руску нешта трызніў, а жанчына шаптала па-польску...

Калі яшчэ раз скрыпнулі дзверы і наступіла поўная цішыня, Шурка апамятаўся ды вылецеў на пругмень.

— Мабыць, з Альяшовай шайкі айцец Уладзімір з каталічкай зноў марцавалі! — вытлумачыў яму бацька.— Я табе гаварыў — падапры дзверы цэпам!.. О-о, у нас цяпер тут такое, сынок, бывае, што і ў горадзе не пабачыш!..

Трэці манах у вясковай глушы запіў да таго, што пачаў валяцца пад плотам.

Гэтак паводзілі сябе маладыя манахі вечарам. А днём яны абавязак перад кансісторыяй выконвалі акуратна. Усе падарункі, якія народ і далей валок прароку, манахі старанна апрыходавалі ды адпраўлялі ў Гродна. I атрымалася неўзабаве, што Альяш ды яго памочнікі цяпер не мелі нават грошай на соль ды нафту.

Падстрыга спахапіўся, што яго лоўка абдурылі.

3.

Як біблійнага. Адама, да рашучых дзеянняў і Альяша падбіла жанчына.

Выйшла аднойчы Насця Чарнецкая па ваду і каля Клімовічавай хаты ўбачыла маляўыічую карцінку. У цёмным манашаскім клабуку на галаве, у даўзёрным падрасніку, падпяразаным вяроўкай, сам гаспадар у агародчыку касіў буланчыку канюшыну, а яго Тэкля, абхапіўшы рукамі штыкеціны, залівалася горкімі слязамі.

Грыбоўшчынскія жанчыны прынімалі да сэрца перажы-ванні незвычайнай пары, нераўнадушнай да яе была і цётка. Чарнецкая падышла бліжэй ды паслухала.

— Альяшку мой лю-убы, галубок мой ненагля-ад-ны, сірацінка мі-ілая, дзіцятко ро-однае!— спецыяльна, каб чулі суседкі, імітуючы старых, жаласліва выводзіла маладзіца.— Чаму нельга мне нават уха-аджваць за табой, сціраці тваю кашу-ульку, наварыці табе е-ес-ці?!— упірала Тэкля на сваю блізкасць.

— Адстань, не скуголь, як сука! — цыкнуў на яе Альяш.

«Ева» румзаць не пераставала.

— I чаму ты паддаешса іхняй ула-адзе? Айцу Серафіму так мо-ожно з Зоськай спатыкацца, а мне з табой чаму-у забарон вы-ышаў?! Хібо пара яму каталічка, скажы, хібо так запісано ў святых кніжках?.. Мы з табой нават і ве-еры адной!

— Што табе за дзело да іх?! — зноў кінуў Альяш, толькі касой махаў ужо не так роўна.

Тэкля ўсё адным тонам цягнула сваё:

— А каб таго архірэя параліч разбіў, якую ён на цябе чорную адзяжыну напя-аліў, як ён цябе на смех людзям вы-ыставіў, бы таму Самсону ручанькі і ножанькі твае пазавя-азуваў!.. Абдурылі нас, буржуі, абдуры-ылі, кудры твае ядвабныя пастры-ыглі, крыльцы саколіку яснаму падсе-еклі!..

Як і належыць сапраўднаму мужчыне, Альяш не вытры-ваў. Ён раптам спыніўся, не то Тэклі, не то сялу, не то небу, не то самаму сабе сказаў:

— Што, апранулі мяне, падлы, у гэтыя лахманы і думаюць — купілі ўжэ?! Шчэ і камандуваць будуць?! З кім гаварыць, з кім жыці загадаюць?! Я ўжо нічога не варты?! У сваёй царкве не маю права зайсці за клірас нават?.. Малакасос Серафім будзе мяне павучаць, як з народам гаварыці маю, і грошы мне цыркаць па жменьцы на нафту?! А хто ён такі, адкуль узяўсо?! Дзе гэты цуцык быў, калі ўсё гэто я сваімі мазалямі, гарбом сваім, жыламі сваімі будаваў ды зносіў?! У Гродне высежуваў-со, чаі з коржыкамі смачнымі распіваў сабе, а цяпер панукае шчэ мной!..

Чарнецкая выразна чула — Альяш мацюкнуўся.

— Пачакайце ж, папы-шкурадзёры, устрою ж я вам вяселле, мяне шчэ сам кранштацкі цудатворац вучыў, як не паддавацца вам!..

Альяш стаў выціраць травой касу, але зараз жа раздумаў — шпурнуў яе на канюшыну і порстка памчаў з агародчыка.

Стары прыляцеў да царквы, паслаў дзяцей па манахаў, а старэйшага хлопчыка папрасіў выламаць ляшчынавы кіёк.

— Толькі — ёмкі, глядзі! — загадаў хлопчыку. Калі Серафім з браццямі з'явіўся на цвінтары, а на бясплатнае відовішча збеглася палова вёскі, дзядзька Клімовіч сарваў з сябе падраснік, клабук і патаптаў іх. Здранцвелая цётка Хімка ды іншыя бабкі ад жаху не паспелі нават перахрысціцца, як Альяш ужо схапіў кіёк, пачў лупцаваць манахаў ды прыгаворваць:

— Вон, вон, падлы, каб вашай нагі тут не было больш!.. П'янкі тут, гіцлі, развялі, блуд?! Вы са сваім архірэем ды папамі веру прадалі ды мяне падбіваеце ўжо на гэто?! А дулю бачылі?! Зайдзіце да свайго пузатага ўладыкі ў Гродне ды скажыце — больш я яму не Іаан Клімовіч! Дурня сабе тутака шукае, патураць яго забабонам буду! Бач ты яго, бы кранштацкаго цудатворца, мяне Іаанам назваў і ўжэ думаў, паддамса яму!..