Выбрать главу

Стары падняў з зямлі парваны падраснік, шпурнуў манахам:

— I лахманы гэтыя валачэце яму!

Ад таго, што іх выкрылі, што разбураюцца ўсе планы, а на ганьбу глядзіць цэлая вёска, служкі божыя разгублена тапталіся, наступаючы сабе на полы даўзёрных падраснікаў.

Уцякаць манахі не спяшалі.

Каб змякчыць наганяй, які іх чакаў у Гродне, маладыя мужчыны ў балахонах, бытта вінаватыя шкаляры, цярпліва зносілі здзек старога самадура ды зыркалі на людзей зацкаванымі вачыма.

— Аддамо, дзядзьку Альяш, аддамо! — прамямліў перапалоханы ігумен і пакорна павалокся за сябрамі па вуліцы.

Разлютаваны прарок пачаў вырываць з зямлі кіёчкі, якімі была разбіта пляцоўка пад манастыр, стаў шпурляць іх за манахамі:

— Вон, гунцвоты!.. Цуцыкі архірэевы!.. Ско-ончыласо ваша панаванне ў Грыбоўшчыне, так і перадайце яму — няма больш тут таўстапузаму нажывы!..

Альяш падбег за імі яшчэ трушком ды патрос кулаком:

— Чучалы!..

4.

Да вечара збегліся з навакольных вёсак багамолы. Усё яшчэ раззлаваны Альяш аб'явіў, што адкрывае новую веру — «ільінцаў».

Паводле яго «новага вучэння» для кантакту чалавечай душы з госпадам богам — мітрапаліты, архірэі, папы і манахі — лішнія дармаеды. Мужыкі і самі могуць даць рады ў храме без пасрэднікаў ды розных кансісторый. Іх жа небыло за Ісусам Хрыстом — гэтыя дармаеды падмазаліся да народа потым!..

— Мужыкі ўсе бедныя? — пытаўся ён сабраных.— Бедныя, гэто праўда! Ну і што?! Затое ўсе роўныя і праведныя, бо не жывуць чыім коштам, не ведаюць распусты, таму вышэйшыя над панамі і бацюшкамі ды бліжэйшыя богаві!

— От праўда, вядомо — бліжэйшыя!..— з радасным гонарам закрычалі бабы ды мужчыны.

— Каму трэ дзіця хрысціць — прынось сюды, ахрысцім!.. I выспаведаем цябе, думаеш — горш за папа?.. Спавядаць будзем кагалам, як гэто рабіў Іаан Кранштацкі — пастануць усе на калені ды каюццо, хто ў чым саграшыў!.. А то гавары аднаму папу на вухо свой грэх, а што ён — бог?.. Не-е, гэтыя кудлы, гэтыя духоўныя дзікуны, прыдумалі так, каб больш грошай выдурыць у людзей!.. А за споведзі такія, за хрысціны, мярліны — ніякіх грошай, ніякай платы зярном ці работай браць не будзем! — абвяшчаў далей сваю радыкальную рэформу прарок.— Хібо што сам чалавек пакладзе на храм колькі захоча, тады — няхай, яго дзело!

— Ой, як добро бу-удзе! — захапіліся бабы.

На гэтым знамянальным сходзе ўзяў слова пазнейшы «міністр прапаганды» грыбоўшчынскай абшчыны Аляксандар Давідзюк.

— Для чаго нам патрэбна вера? — распачаў ён падводзіць тэарэтычную базу пад такое рашэнне прарока.— Для ачышчэння патрэбна нам вера, ісцінно вам гавару! Народы Сярэдняй Азіі для такого ачышчэння прыносілі ў ахвяру агнцаў! Індусы — амываюццо ў Гангу! Плямёны Афрыкі для ачышчэння распалюваюць вогнішча і праходзяць праз агонь! Палякі імкнуцца да Чанстаховы!.. А я з-за гэтаго кінуў гаспадарку ў Камяні ля Гайнаўкі і прыпёрса ў вашу Грыбоўшчыну! Доўгі час на душэ ў мяне было лёгко і файно, бытто нанаво на свет нарадзіўсо ці ў Ерусалім схадзіў. Як паса-дзілі нам на шыю манахаў, як заціснулі айца Ілью, так у мяне і рукі апусціліса. I скажу вам, брацця і сёстры, як на святой споведзі,— пацягнуло нават да выпіўкі, пачаў я лаяцца ды паддавацца ляноце!.. I не мог нічога з сабой параіць, бо пасяліўсо ва мне нячысты, накапіласа і запоўніла мяне погань! А ўсё таму, што не хапіло той улады для мяне прарокавай, якую тут я застаў у першыя дні! Людзі праўду кажуць: «Які поп, такі і прыход!..»

— I нам не хапіло! — уражаныя вучонай шчырасцю аратара, закрычалі багамолы.

— Зап'еш тутака, калі табе не даюць верыць у каго хочаш!

Давідзюк на хвіліну глыбока задумаўся, нібы паглядзеў міма натоўпу, бытта паўзіраўся на далёкую мэту і загаварыў ужо спакайней:

— Таму правільно айцец Ілья, наш прарок, зрабіў, што прапёр манахаў! Як дом стары патрабуе адновы, так і вера нашая за дзве тысячы гадоў надто састарыласа і патрабуе направы! У царквах загняздзіліса клубы змеяў, усю кроў з яе выпілі. Са згрызоты ўся яна счарнела!.. Замест медных званоў — шыны жалезныя на званіцах вісяць! Замест дарагіх і прыгожых ікон — падраныя харугвы дзіркамі свецяць! Хіба нашаму духавенству царква — маці? Нашыя пастыры пасуць самі сабе жываты, статка божае распусцілі! А каму царква не маці, таму бог не бацько, ісцінно вам кажу! I гасподзь бог саслаў нам праз айца Іанна кранштацкага прарока, каб святую веру, якой пакланяліса нашыя дзяды і прадзеды, калі шчэ не было ні папоў, ні архірэяў, ні манахаў, а жылі толькі аратыя ды жывёлаводы — аднавіць, адрамантаваць ды людзям вярнуць яе свежай і магутнай!