— Першыя свяшчэннікі,— з набухшымі жыламі Аляксан-дар пасыпаў зноў вучоныя факты,— не верылі ў прышэсце Хрыста і былі пакараныя шчэ ў старажытным Рыме! Другія свяшчэннікі з архірэем Антоніем танцавалі пад дудку Пілсудскаго, дапамагалі нас прымушаць гаварыць па-польску, дапамагалі панам закрываць святыя храмы, нявечыць праваслаўе, не верылі ў прызначэнне Ільі, таму гасподзь бог таксамо сурово іх карае — аднімае паслушэнство ў паствы. Наш айцец, усемагутны і мудры Ілья і памазаны самім госпадам, цяпер прызывае трэціх свяшчэннікаў — яны, ісцінно вам гавару, будуць усе як адзін людзі з простаго народу, як і сам прарок, як і мы ўсе!
— Больш нікого нам не трэ-э!— дружна падтакнуў натоўп.
— Брацця і сёстры, радуйцеса ды весяліцеса такой падзеі — вера наша ўваскрасае! — урачыста скончыў сваю прамову Давідзюк.— У нашых душах запанавало зноў ачышчэнне, таму павіншуемо адзін аднаго са святам і вазлікуймо!
Мужыкоў агарнуў энтузіязм.
— Здзейсніласо! — закрычалі.
— Выкурым давайце ладанам царкву, каб у ёй і духу папоўскаго не было!
З ап'янелымі ад шчасця, заплаканымі вачыма, узбуджа-ныя, бабкі кінуліся цалавацца. У царкве гулка зачмокалі пацалункі, пачуліся радасныя воклічы:
— Віншуем цябе, сястрыца!
— Віншую, брат мой!
— Дзякуем табе, прасвятая багародзіца, што спаслала на нас сілу і благадаць духа тваго святаго! — пасыпала Руселіха.— О! дзякуй табе, нашая заступніца і маці, прачыстая дзева Марыя! Хрыстос уваскрэс!
— Не грашы, Хрысціна, не вялікдзень гэто!
— I ўваскрэс!.. Вядома, не сын божы, але — наша праўда! — падтрымала дачку старая Маруся.— Усе кажэм — ваісціну васкрэс!
— Ваісціну васкрэс!
Папулярнасць Альяша была ўжо такая вялікая, што кожны яго крок у Грыбоўшчыне па магутным і добра наладжаным бяздротавым тэлеграфе, чым выдатна служылі аднародныя і настроеныя на пэўную хвалю людскія масы, імгненна адбівалася мільённагалосым рэхам у сэрцах непісьменных ды зацюканых сялян.
Учынак Альяша ўразіў багамолаў, у свядомасці якіх лозунг — царква без папоў — выклікаў ужо цэлы пераварот. Людзі месцамі шалелі ад радасці.
Гэтым часам сельскія настаўнікі закідалі пісьмамі ўстановы і рэдакцыі, у якіх апісвалі, як заядлыя «ільінцы» пазабіралі са школ дзяцей ды адправіліся з імі ў Грыбава, як утварыліся дзіцячыя хоры, як школьнікі развучваюць у хорах гімн Альяшу: «Ты лішыўсо ўсяго крова, царкву божую саздаў, і што меў ты дарагого, на алтар святы аддаў! Ты другі Іаан Кранштацкі, цябе любіць наш народ, падаеш ты савет брацкі — усім, хто да цябе прыдзёт!..»
Настаўнікі прапанавалі, каб прарокам занялася паліцыя. Але пранікаць у тайнікі душ сваіх грамадзян, спыняць пажар «новага вучэння» ўрад і не думаў. А пасля «візітацыі» прэзідэнта ў Гродна была надрукавана ў «Газеце беластоцкай» пастанова:
Неўзабаве і праўда Альяшу прыбылі па пошце ордэнская кніжачка ды запрашэнне — выкупіць у дзесяціднёвы тэрмін ордэн вартасцю дваццаці злотых у беластоцкім магазіне рэгалій.
Раздзел шосты
«Новае вучэнне» разрасталася.
Знаходзіліся ўсё новыя фанатыкі, што пакідалі свае сем'і, зракаліся гаспадарак ды прыязджалі ў Грыбоўшчыну, каб служыць прароку. I калі пачатак гэтага руху ўзнімалі галоўным чынам жанчыны, то цяпер хлынулі і мужыкі.
«Новае вучэнне» патрабавала і новай арганізацыі.
У святога неўзабаве з'явілася верная кагорта «трэціх свяшчэннікаў». З іх арганізавалася «святая тройца», «святая пяцёрка», «святая сядміца», «святая дванаццатка»...
На самай справе гэта былі звычайныя дзядзькі з якіх-небудзь Сыраежак, Гнойніцы, Плецяніцы, Ганчароў ці Сабакін-цаў — Васіль, Макар, Базыль... У Грыбоўшчыне гэтыя людзі прысвоілі не толькі сабе старазапаветныя імёны, загадавалі біблійныя бароды. Цяпер кожны з іх трымаў сябе перад людзьмі паводле ступенькі іерархіі, якую дзядзька займеў у абшчыне, падабраў сабе адпаведную інтанацыю ці тэмбр голасу.
Па нейкім законе супрацьлегласці да наогул смірнага і непітушчага дзядзькі Клімовіча пацягнуліся скончаныя алкаго-лікі, буйныя фантазёры і аферысты, таленавітыя валацугі, прыроджаныя спевакі, паэты ды звычайныя графаманы і жулікі. Адчуваючы, што сродкі тут неабмежаваныя і жыць можна прыпяваючы ды цікава, у «штабе» прарока кожны з іх у момант знаходзіў сабе прымяненне ды занятак — толькі крыху трэба было для гэтага праявіць кемлівасці і ініцыятывы.