ЧАСТКА ДРУГАЯ
Раздзел першы
Альяш прагнаў манахаў, і тыя вярнуцца пабаяліся. Бацюшку з Вострава, важнаму архірэю і чыноўнікам Гродзенскай кансісторыі паказаў фігу, і гэтыя паны нічога яму не змаглі зрабіць...
Такія звесткі зноў разварушылі сялян, і псіхоз вакол Альяша як бы атрымаў другое дыханне. Цяпер яшчэ больш магутныя патокі жанчын ды мужыкоў хлынулі пехатою, на каленях, фурманкамі ды веласіпедамі па незлічоных дарогах і дарожках Заходняй Беларусі ў Грыбава. Прыбыўшы пад цэркаўку, людзі падалі на калені і спявалі толькі што створаны Паўлам Бельскім новы гімн прароку:
«Ты, Ілья, наш святы страннік, табе слава і прывет! Ты вялікі Хрыста Йзбраннік, служыш богу многа лет! Людзі зблізку і здалёку к табе йдуць, йдуць і йдуць! Няма таго чалавека, які б не быў ужо тут! Наш начальнік у тройцы слаўны, усімі зрымы чалавек! Ты— тварэц усіх непасціжны — Альфа і Амега ў век!..»
Нядаўна з Пярэмышля прывезлі чатыры званы. Хоць браты Кавальскія грошы з Альяша здзерлі немалыя, але, праўда, адлілі іх на славу: з галасамі магутнымі, чыстымі ды звонкімі — мёртвага з магілы падымуць ды падбадзёраць!
Дзядзькі, якім давялося ўзбірацца на званіцу, з-за ляноты мо ніколі не шмаравалі свайго воза, але ложы грыбоўшчынскіх званоў старанна пэцкалі тавотам, а метал з сярэдзіны і з пакатых бакоў выціралі рукавамі світак.
Калі ад вёсачкі аддзялялася цяпер шэрая фігурка самога Альяша, званары хапалі вяроўкі і званы зычна, з вышыні царкоўных вежаў, з урачыстай узнёсласцю абвяшчалі акрузе:
— Ідзе-е!.. Вось ён! Вось ён! Вось ён!.. Згорбленая фігурка старога падыходзіла да цвінтара, і там пачынаўся тады вэрхал. Жанчыны з дзікім віскам кідаліся да Клімовіча, цалавалі яму світку, ногі і брудныя нагавіцы, якіх чалавек ніколі не мяняў і не чысціў.
— Бом!.. Цялям-цялям-цялям!.. Бом!.. Цялям-ця-лям-цялям!..— грамавым акордам дабаўляла эмоцый вялізнымі, як скляпы, горламі літая бронза з вышыні.
Дужыя целаахоўнікі браліся за рукі, бесцырымонна адціскалі ад прарока баб, рабілі ў людской згуртаванай масе праход.
— Чаго тут тырчыш, як жаробная кабыла? — крычалі адчайна, бы на пажары.— А ну, назад!
— Не вышчарай зубы, як на праданне, дай яму дарогу, не бачыш?!
Аднак наўмысная грубасць і сіла не заўсёды дапамагалі. Спраўнейшыя кабеціны кідаліся мужыкам пад рукі, разрывалі заслон і з ашалелым енкам ныралі на зямлю, выдзіралі травінкі і пясок, да якіх дакранулася нага святога. Іншыя дабычу выхоплівалі адна ў адной з рук, вырывалі адна адной валасы, драпалі твары. Дарагую каштоўнасць бабы завязвалі ў хусцінкі, каб занесці яе тым, хто застаўся дома.
Гэтым скарбам бабы потым пасыпалі куточкі сваёй халупы — каб прыйшло ў хату шчасце. Сыпалі на галоўкі дзетак — каб не ўраклі іх злыдні, былі паслухмяныя, не хварэлі і не мачыліся. Пясочкам гэтым пасыпалі нават мужанька, каб не запіваў і не ленаваўся.
Крапілі кароў, свіней, коней і цялятак — каб не браў іх паморак і не шкодзіла дрэннае паветра.
Пырскалі ім Тузікаў і Жучак, каб не шалелі...
Дзіўнымі бываюць выкрутасы чалавечай псіхікі.
Малая дзяўчынка папросіць цябе расказаць байку і з аднолькавым захапленнем будзе слухаць яе сем разоў, хоць ведае, маладая хітруня, што ўсё гэта выдумка. Псіхіка маладога парастка патрабуе запаўняць час гульнёй, нерэальным жыццём, а дзеці, якія пазбаўлены гэтага, вырастаюць непаўнацэннымі, духоўнымі калекамі, а часамі — злачынцамі.
Калі задумаешся над рытуалам, які разыгрывалі нашы непісьменныя сялянкі пры абнаўленні ікон, нараджэнні прарокаў, са святым пясочкам ды свянцонай вадзіцай, пачынае цябе падмываць здагадка — а мо жанчыны тыя былі не такімі ўжо і цёмнымі?! Са здзіўленнем знаходзіш у тых падзеях элементы гульні — нейкую затоеную магутную сілу духа.
То была якаясьці татальная праява духоўнай патрэбнасці, спосаб запаўнення вакуума і форма праяўлення адчаю душы збядаванага народа, які спрабаваў наіўнымі сродкамі выбрацца з маральнага прыгнёту.
То быў апокрыф нястрыманай фантазіі, трызненне людзей, якія трацілі надзею, аднак з апошняй сілы стараліся ўтрымаць яе хоць бы якім-небудзь чынам, бо іначай — што ж тады заставалася?
Іхняя наіўнасць стаяла побач са святасцю.
Маленні, спяванне псалмоў і трапараў на вечарах у Грыбоўшчыне зблізілі паклоннікаў «новага вучэння» і сцэментавалі іх у дружную абшчыну.
Альяшова эліта жыла бесклапотна, прыпяваючы. Каб не трапіць «во искушение дьявольское», каб заглушыць у сабе плоць, змагары за «чысціню веры» ва ўсім свеце прыдумалі розныя схімніцтвы, адмысловыя пасты, накладвалі на сябе жалезныя вярыгі, да ног прывязвалі ды валачылі за сабой пудовыя гіры, цэлую зіму хадзілі босымі, а то — замыкаліся на гады ў сырыя пячоры.